Пакуль гэта праект закона. Калі яго прымуць, змены пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2023 года.

Якія змены чакаюць ІП

2023 год для ІП можа прынесці шэраг непрыемных змен.

Папярэдні раз падаткі для ІП і самазанятых падымалі з 1 студзеня 2022 года. Тады стаўкі адзінага падатку ў залежнасці ад відаў дзейнасці павялічылі ў 2—4 разы, таксама з 5 да 6% паднялі стаўку падатку пры выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (далей ССП). Паралельна з гэтым, многіх ІП пазбавілі права працаваць па ССП. Таму большасць з тых, хто да 2022 года меў магчымасць плаціць падаткі ў памеры 5% ад абароту, былі вымушаны перайсці на падаходны падатак са стаўкай 16%. 

З наступнага года ІП плануюць цалкам забараніць працаваць з выкарыстаннем ССП. Ім прапануюць перайсці на агульную сістэму падаткаабкладання па стаўцы 16%, якую з 2023 года магчыма павысяць да 20%, або на адзіны падатак. Стаўкі адзінага падатку з наступнага года таксама павялічаць. У залежнасці ад віду дзейнасці яны вырастуць у 1,5—3 разы.

Напрыклад, адзіны падатак для распрацоўшчыкаў вэб-сайтаў з Мінска плануюць павысіць з 237 да 593 рублёў на месяц. А для тых, хто займаецца чысткай і ўборкай памяшканняў у сталіцы, з наступнага года памер адзінага падатку плануюць падняць са 143 да 286 рублёў.

Адначасова з гэтым звузіцца пералік відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх ІП мае права выплачваць адзіны падатак. Што канкрэтна выпадзе з пераліку, пакуль невядома.

Пазбавяць ільгот

З наступнага года скарачаецца спіс ІП, якія мелі льготы па адлічэннях у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Са спісу выкрасляць тых прадпрымальнікаў, якія паралельна працавалі на іншай працы, бо за іх унёскі рабіў наймальнік. З 2023 года такой магчымасці больш не будзе. Памер узносаў у ФСАН — 35% ад мінімальнай заработнай платы. Мінімальная сума адлічэнняў у ФСАН за 2021 год склала 1705 рублёў.

Таксама з наступнага года плануецца павысіць падаткі для юрыдычных асоб. Падатак на прыбытак мусіць вырасці з 18 да 20%. 

Што з самазанятымі?

Павышэнне падатковай нагрузкі закране і самазанятых. Для іх у залежнасці ад відаў дзейнасці стаўкі адзінага падатку вырастуць у 1,5—2,5 раза. Напрыклад, для жыхароў Мінска падатак за рэпетытарскую дзейнасць плануюць павысіць з 82 да 164 рублёў, а за рамонт мэблі — да 224 рублёў замест ранейшых 149.

Таксама з наступнага года для самазанятых мусіць з'явіцца падатак на прафесійны прыбытак. Плацельшчыкамі такога падатку стануць фізічныя асобы, не зарэгістраваныя ў якасці ІП, якія атрымліваюць прафесійны даход, выкарыстоўваючы сваю маёмасць, але пры гэтым яны не прыцягваюць іншых работнікаў па працоўных і (або) грамадзянска-прававых дагаворах і самі не падпарадкоўваюцца ніякім працадаўцам.

Пакуль няма яснасці, якія віды дзейнасці патрапяць пад гэтую катэгорыю. Аднак вядома, што стаўка складзе 10% ад выручкі. Гэтая стаўка будзе прымяняцца толькі ў межах 60 тысяч рублёў на працягу каляндарнага года. Калі выручка перавысіць парог у 60 тысяч рублёў, прыйдзецца выплачваць падатак па стаўцы 20%.

Якія яшчэ змены

Працягнуць дзейнічаць дадатковыя меры па кансалідацыі даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19, прынятыя ў 2021 годзе. Пачаткова планавалася, што яны будуць дзейнічаць да 1 студзеня 2023 года, але іх працягнуць яшчэ на два гады. Дзякуючы гэтаму, захавалася права абласных Саветаў дэпутатаў уводзіць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы (збор за выезд за мяжу). Таксама гэта працягвае дзеянне стаўкі падатку на прыбытак у памеры 30% для аператараў сотавай электрасувязі. Да 1 студзеня 2021 года яны плацілі 18%.

У 2023 годзе плануюць падняць падатак на перавышэнне выдаткаў над даходамі з 20 да 26%. Сёлета яго ўжо павышалі з 16 да 20%. Як падаткавікі выяўляюць тых, хто жыве не па сродках, можна прачытать тут.

Пашыраць спіс падакцызных тавараў, у яго дададуць электронныя цыгарэты. Стаўка — 2,72 рубля за штуку.

Паралельна раз у квартал будуць падымаць акцызныя стаўкі на звычайныя цыгарэты. Акцызы на алкаголь таксама вырастуць. 

Таксама плануюць павысіць падаткі на першую кватэру. Для Мінска прырост мусіць скласці 11,1%. 

Праект змяненняў у Падатковы кодэкс прадугледжвае павышэнне падаткаў на сабак. З 2023 года памеры збораў складуць 11,1 рубля замест 9,3 рубля. За сабак з ліку патэнцыйна небяспечных парод давядзецца выкласці 55,5 рубля замест цяперашніх 46,5 рубля. 

Чытайце таксама: 

Як падаткавікі выяўляюць тых, хто жыве не па сродках? Расказвае супрацоўнік інспекцыі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?