Раменскі растлумачыў, што падчас вячэрняй інфармацыйнай праграмы ў чацвер ён быў яе шэф-прадзюсарам, які сярод іншага праз слухаўкі можа рабіць падказкі вядучаму.

«Сам у поўнай меры нясу адказнасць за той выпуск. «Сядзеў на вуху» шэф-рэдактарам. Доўг загадвае пакласці значок і рэвальвер на стол. Што і раблю. «Дождь», каралева-маці, але вы дапусцілі жахлівую памылку», — не пагадзіўся з рашэннем кіраўніцтва тэлеканала Раменскі. На яго думку, «Дождь» «прынёс у ахвяру» свайго чалавека.

Лютава таксама лічыць, што людзі маюць «права на памылку і права публічна паразумецца да публічнага звальнення». На яе думку, рэакцыя канала на скандал супярэчыць дэклараваным ім прынцыпам гуманізму, адкрытасці і сумленнасці.

Карасцялёў, зачытваючы ў эфіры просьбу рэдакцыі адпраўляць паведамленні на пошту тэлеканала аб парушэннях пры мабілізацыі, дадаў (відаць, ад сябе): «мы спадзяёмся, што многім вайскоўцам у тым ліку мы змаглі дапамагчы, напрыклад, з рыштункам і проста з элементарнымі выгодамі на фронце».

Гэтыя словы выклікалі бурную рэакцыю з боку сацсетак і ўладаў Латвіі, і яшчэ ў ноч на пятніцу галоўны рэдактар «Дождя» Ціхан Дзядко папрасіў прабачэння за іх, а днём начальніца службы навін Кацярына Катрыкадзэ абвясціла аб спыненні супрацоўніцтва з Карасцялёвым. «Кіраўніцтва «Дождя» лічыць яго адзіна правільным і магчымым», — сказала яна ў прамым эфіры.

Тым не менш Служба дзяржбяспекі Латвіі пачала праверку з-за сказаных Карасцялёвым слоў. У пятніцу таксама стала вядома аб другім парушэнні, выяўленым за апошнія месяцы ў эфіры «Дождя» латвійскім рэгулятарам — трэцяе папярэджанне прывядзе да адклікання ліцэнзіі. «Звальненню, калі яно выратуе тэлеканал і дазволіць маім калегам і далей працаваць, я не пярэчу», — запэўнівае Карасцялёў, маючы на ўвазе працу тэлеканала ў Рызе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?