«Сёння не стала маёй цешчы… Яшчэ тыдзень таму размаўлялі, і я абяцаў ёй прыехаць у Слуцк увесну. 

Тамара Іванаўна была неверагодная. Вельмі адказная, канкрэтная, працаздольная. З абвостраным пачуццём справядлівасці. У 30 гадоў атрымала ордэн Леніна. Маладая дзяўчына са звычайнай сям’і, атрымаўшы дыплом, паехала падымаць вёску. У працу ўкладалася па поўнай, з ранку да вечара. Пасля шчыра перажывала, што так мала часу заставалася на сям’ю, на дачушак. 

І была перакананая, што будуе светлую будучыню. Магла зрабіць сабе наменклатурную кар’еру, але ў кабінеце чыноўніцы затрымалася літаральна на пару месяцаў. Вярнулася у сельскую гаспадарку, да сваіх кароў і была сапраўды шчаслівая ад гэтага.

Напачатку нам было няпроста. Яна верыла ў ідэалы камунізму, а я хацеў «спусціць па рэчцы Ашмянцы парэшткі камунізму ў мінулае». Гэта цытата з майго выступу на першатравеньскім мітынгу ў 1990-м, пасля якога ёй выклікалі «хуткую». Тамара Іванаўна была пераканая, што зараз мусіць прыехаць міліцэйскі уазік і забраць яе непаслухмянага, але любімага зяця.

Увечары на кухні было горача. Не столькі ад патэльні, на якой сквірчэлі каўбасы, колькі ад нашых дэбатаў. Але неяк, праз пару гадоў, яна прысела побач і ціха сказала: «Хачу напісаць заяву у тваю партыю. Не трэба трымацца за мінулае, дзе панаваў страх».

Тамара Іванаўна прыстойна і годна пражыла 90 гадоў. Я ёй ганаруся. 

Расцярушаны і прыдаўлены толькі тым, што не маю магчымасці з ёй развітацца па-чалавечы, па-хрысціянску…

Дзякуй вам, Тамара Іванаўна, за вашу любоў, за вашы пачуцці.

Светлай памяці», — напісаў Анатоль Лябедзька.

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
49
Абуральна
1