Судовы працэс будзе весці суддзя Анжаліка Данілава, паведамляе «Вясна».

У чым абвінавачваюць Мельніка?

Следства канчаткова выставіла абвінавачанне па пяці артыкулах:

  • ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
  • ч. 2 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 1 арт. 368 — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • ч. 3 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, здзесненыя групай асоб, альбо паўторна;
  • ч. 1 арт. 289 — акт тэрарызму.

Па сукупнасці пакаранняў па прад'яўленых абвінавачаннях яму можа пагражаць зняволенне ад 10 да 20 год.

Што паведамляе пракуратура?

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Следчага камітэта, які ўстанавіў, што 40-гадовы Віталь Мельнік у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Супрацьпраўныя дзеянні нібыта стварылі рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджання рухомага саставу, гібелі альбо траўмавання людзей.

У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена дачыненне абвінавачванага да ўчынення іншых злачынстваў.

Так, па інфармацыі пракуратуры, у аўтамабілі і па месцы жыхарства мужчыны была знойдзена незарэгістраваная агнястрэльная зброя (пісталеты). У сацыяльных сетках ён неаднаразова публічна абражаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пры затрыманні фігуранта супрацоўнікі органаў унутраных спраў абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю — выстралілі па яго ніжніх канечнасцях, паколькі была рэальная пагроза ўзброенага супраціву.

Момант затрымання Мельніка

Момант затрымання Мельніка

Падрабязнасцяў па справе пакуль небагата

Вядома, што мужчына жыве ў вёсцы Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця. Сям'я лічыць, што Віталь не мае дачынення да прад'яўленых артыкулаў і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама з тым, што раней у Віталя была судзімасць.

Іншыя падрабязнасці справы пакуль невядомыя. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазней устаноўлена, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Перасоўваецца на мыліцах.

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
18