Відэа з Віталём з'явілася на праўладных тэлеграм-каналах 21 сакавіка 2022 года. Паведамлялася, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарных пратэстах, а таксама пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да міліцыянтаў, беларускіх і рускіх вайскоўцаў. Больш пра лёс Віталя праваабаронцам не было вядома нічога.

Нядаўна былы арыштант ЦІП на Акрэсціна распавёў пра свайго сукамерніка:

«Ён сядзеў на той час ужо пятую ці шостую адміністрацыйку, не выходзячы на волю. Уявіце: чэрвень, а чалавек з зімовай вопраткай, ботамі, ні разу не падстрыжаны за ўвесь гэты час. Але ў той жа час — ніякай тугі, пазітыўны, на правах старажыла ўжо падтрымлівае парадак».

Мужчына звяртае ўвагу на праблему, што некаторыя людзі ў ЦІП на Акрэсціна ўтрымоўваюцца месяцамі без перадач:

«На «Валадарцы» ёсць перадачы. На Акрэсціна ж людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць. Я бачыў чалавека ў шкарпэтках, у якіх няма падэшваў — пара нітак толькі».

Яшчэ адзін сукамернік Віталя — ужо з ІЧУ на Акрэсціна — распавёў, што ў межах крымінальнай справы ў ІЧУ мужчыну перавялі 11-12 чэрвеня. Да гэтага часу, прыкладна з 21 сакавіка, ён утрымліваўся ў ЦІП — два з паловай месяцы. 

«На той момант пра яго чулі ўсе і распавядалі ізноў прыбылым, што «на ЦІПе ёсць чалавек, які сядзіць ужо амаль тры месяцы без выхаду!» Трымаўся бадзёра, быў, так бы мовіць, душой камеры. Вынаходзіў увесь час нешта. Навучыў, як можна стрыгчы валасы і бараду пры дапамозе лыжак! Выглядае… Усе мы там не вельмі выглядалі, але ён горш, усё ж такі ўжо тры месяцы».

Напрыканцы чэрвеня яго перавялі ў СІЗА-1. Цяпер у раскладзе судоў з'явілася інфармацыя аб працэсе Енаровіча. Мужчыну будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу будзе разглядаць суддзя Вера Галоўкава.

У Віталя 18 снежня дзень народзінаў — павіншуйце і падтрымайце яго.

Падтрымаць вязня можна лістамі, тэлеграмамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Віталь Леанідавіч Енаровіч

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
28