Праца кампаніі абмежаваная праз санкцыі, каманду рэлакуюць у Польшчу. Тых, хто адмовіцца ад пераезду, могуць звольніць. Пра гэта dev.by на ўмовах ананімнасці распавялі некалькі супрацоўнікаў SK hynix memory solutions Eastern Europe (да 2018 года — Softeq Flash Solutions). 

Да вайны ва Украіне ў мінскім офісе SK Hynix працавала больш за 200 чалавек. Колькасць каманды, якая цяпер знаходзіцца ў Беларусі, невядомая.

— З лета ў Польшчу рэлакавалася блізу 100 чалавек. Частка супрацоўнікаў сышла ў іншыя кампаніі, хоць цякучкі SK Hynix раней ніколі не было, паколькі ўмовы ў Беларусі па зарплаце былі вышэй за рынак. Некаторыя стаміліся ад адсутнасці крутых праектаў. З-за санкцый з боку ЗША і Паўднёвай Карэі ў нас цалкам адсутнічала камунікацыя і доступ да рэсурсаў і сервераў, размешчаных у Мінску. Нават ліцэнзіі на розныя IDE і тулы нельга было набываць для мінскага офіса. Хтосьці сышоў з-за нявызначанасці, — распавядаюць супрацоўнікі.

Першапачаткова меркавалася, што астатнія спецыялісты будуць працаваць на ўнутраных праектах. Потым, па словах суразмоўцаў, канцэпцыя змянілася. Кампанія паведаміла, што тых, хто адмовіцца рэлакавацца ў Польшчу без сур'ёзнай прычыны (неразвязаныя пытанні з ваенкаматам, хвароба, не далі візу і г. д.), звольняць, альбо такім спецыялістам пагоршаць умовы — знізяць заробак, абавяжуць хадзіць у офіс. Рашэнне трэба было прыняць да канца лістапада.

— У 2023 годзе мінскі офіс збіраюцца закрыць. Пакуль ён працуе, але арэндныя плошчы скарацілі. У штаце ёсць інжынеры, праўда, яны не працуюць над добрымі і свежымі праектамі. Засталася прыкладна палова каманды, новых спецыялістаў не наймаюць, — кажа суразмоўца.

Яшчэ вясной кампанія агучыла супрацоўнікам планы па рэлакацыі ў Гданьск і працаўладкаванні ў іншую кампанію — Solidigm. Гэта даччыная структура SK Hynix, якая была створана ў выніку здзелкі з Intel.

Кошт рэлакацыі аднаго супрацоўніка ацэньваецца ў суму да 35 тысяч даляраў (лічбу агучылі тры спікеры), у якую ўваходзіць:

— 4 тысячы даляраў — рэлакейт-бонус;

— 10 тысяч даляраў — на перавозку рэчаў;

— кошт паслугі па пошуку пастаяннай кватэры (да 4 дзён працы рыэлтара);

— кошт арэнды часовага жылля да 60 дзён;

— дапамога ў падачы падатковай дэкларацыі за 2022 год.

На рукі ты атрымліваеш 14 тысяч даляраў (бонус+грошы на перавозку рэчаў), а астатнія паслугі выконваюць падрадчыкі, кажуць людзі.

Клас
13
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1