Пляміста-паласаты бадзяжны кот Дэйв прыбіўся да футбалістаў на трэніровачнай базе ў горадзе Вакра практычна адразу і стаў неафіцыйным талісманам каманды.

Гульцы «Манчэстэр Сіці» Джон Стоўнз і Кайл Уокер адразу вырашылі, што забяруць яго дадому, калі зборная стане чэмпіёнам свету, але нават пасля пройгрышу французам футбалісты вырашылі, што ўжо не змогуць расстацца з катом.

На працягу некалькіх тыдняў, пакуль зборная была ў Катары, Дэйв увесь час круціўся побач з англічанамі — яны падкормлівалі яго і гулялі з ім кожны вечар. Стоўнз і Уокер асабліва прывязаліся да Дэйва, рэгулярна выкладвалі пасты з ім у сацсетках.

«Толькі мы прыехалі — і адразу з'явіўся Дэйв», — распавёў Стоўнз, які і даў кату новую мянушку.

Пра лёс ката футбалістаў зборнай пыталіся нават на прэс-канферэнцыі незадоўга да чвэрцьфіналу.

«Дэйву добра, — сказаў журналістам Кайл Уокер. — Уначы ў яго была невялікая сутычка з іншым катом. Я думаю, яны пабіліся за тэрыторыю і ежу. Але ў яго ўсё добра».

Дэйв, які прамяняе катарскае сонца на англійскую прахалоду, не змог адразу далучыцца да гульцоў зборнай і паляцець у Лондан — спачатку яго адвезлі ў мясцовую ветэрынарную клініку, дзе яму зробяць аналізы і прышчэпкі, пасля чаго кот правядзе чатыры месяцы ў каранціне.

«Няхай футбол не вернецца дадому, затое вернецца Дэйв», — пішуць брытанскія СМІ.

Галоўны мышалоў рэзідэнцыі брытанскага прэм'ера на Даўнінг-стрыт кот Лары ўжо павітаў Дэйва.

«Сардэчна запрашаем у каманду, Дэйв», — напісаў ён у твітары.

Клас
30
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0