Каму можна даслаць пасылку?
- Палітзняволеныя, суд над якімі яшчэ не адбыўся і прысуд не ўступіў у сілу, маюць права атрымліваць бандэролі і пасылкі ў неабмежаванай колькасці. Пасылку такім вязням можа даслаць любы чалавек, у тым ліку з-за мяжы.
- Знайсці і выбраць палітвязня, пачытаць падрабязную інфармацыю можна на сайце «Вясны» — prisoners.spring96.org
- Палітвязням, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-6 і СІЗА-7, пасылкі лепш не дасылаць, бо там яны залічваюцца ў 30-кілаграмовы ліміт у месяц.
Заўвага: пасля разгляду апеляцыйнай скаргі (калі яна падавалася) і ўступлення прысуду ў сілу дасылаць пасылкі ў абмежаванай колькасці маюць права толькі родныя.
Што вы можаце пакласці ў пасылку?
- зефір, цукеркі, мармелад, пасцілу, халву, шакалад;
- бульбу хуткага прыгатавання, макароны хуткага прыгатавання, суп хуткага прыгатавання, шматкі (грачаныя, аўсяныя);
- вяленае мяса, каўбасу (сыравяленую, сыравэнджаную);
- сыр;
- каву любую, чай ліставы;
- арэхі, курагу, фінікі, цукаты;
- печыва, сухары;
- цёплыя шкарпэткі;
- канверты, аркушы паперы, паштоўкі, сшыткі;
- каляровыя алоўкі, фламастары, шарыкавыя асадкі (чырвоныя забароненыя).
Што дакладна нельга дасылаць?
- чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семечкі, казінакі;
- шматразовыя станкі для галення;
- бяспечныя нажніцы;
- шалік;
- вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі;
- запальнічку;
- пластыкавы посуд;
- памэла і грэйпфруты;
- пекінскую капусту;
- соль;
- кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.
- акварэль.
Якія абмежаванні для пасылак з-за мяжы?
Да 1 красавіка 2023 года норма адной пасылкі з-за мяжы складае 31 кілаграм, а кошт усяго, што перасылаецца, павінен быць не болей 1000 еўра. Мы раім рабіць невялікія пасылкі коштам да 30-40 еўра. На пошце вас папросяць запоўніць форму і пералічыць, што вы дасылаеце і колькі гэта каштуе.
Як спакаваць пасылку?
З усяго, што вы набылі ў пасылку, трэба зняць фабрычную ўпакоўку, зрэзаць цэтлікі, а прадукты харчавання перакласці ў празрыстыя пакеты. Інструкцыю па прыгатаванні і назву прадукту можна выразаць і пакласці ў пакет. Па магчымасці напішыце пералік усяго ўкладзенага ў пасылку на аркушы паперы на рускай ці беларускай мове.
На пошце вы можаце выбраць каробку памеру, які вам падыходзіць, ці выкарыстоўваць сваю. Не забудзьце напісаць усе даныя палітвязня, у тым ліку імя па бацьку і адрас утрымання. Звычайна пасылку можна адсочваць па штрых-кодзе, які выдаюць на пошце. Так вы даведаецеся, што яна не згубілася і трапіла да вязня.
Уявіце неверагодную ўдзячнасць і радасць чалавека, які атрымае вашу пасылку. Гэта знак таго, што пра яе ці яго не забылі, знак падтрымкі і веры ў вольную Беларусь.





