Культура4

Лявон Вольскі: Калі будзе новая ўлада — я першы буду ў апазіцыі

Пра тое, як захаваць сябе, калі «круцяцца жорны», ці давядзецца «зноўку адкапаць кулямёт» і ці сапраўды «сюрпрызаў ня будзе», і чаму ў беларускім грамадстве лепей быць Шцірліцам, паразмаўляў «Новы Час» з Лявонам Вольскім.

— Спадар Лявон, «роля героя — цяжкая роля». Ці пачуваецеся вы нацыянальным героем?

— Не, не пачуваюся аніякім героем. Проста раблю сваю справу, лічу, што гэта маё пакліканне. Займаюся ёй наколькі магу шчыра і пастаянна.

А герояў у беларускага народа шмат. Хтосьці загінуў, хтосьці зараз сядзіць на вялікіх тэрмінах… Людзі не пабаяліся займацца рэйкавай партызанкай, напрыклад. Вось яны, безумоўна, героі.

— Ваша творчасць моцна прасякнутая гераічнай тэмай — «героі не паміраюць», «героі нашай зямлі»… А ці здзівіла вас гераічная сутнасць беларускага народа, якая выявілася ў 2020 годзе, калі абсалютная большасць рэагавала на абсалютнае зло супрацівам, прычым рабіла гэта нібыта інстынктыўна?

— Тут ёсць пэўныя акалічнасці. Абсалютная большасць не разумела, ува што гэта можа выліцца. У дзясятым годзе людзі таксама выходзілі, але ж большасці падавалася, што гэта ўсё для нейкіх змагароў. У прынцыпе людзі жылі не кепска, бо, умоўна кажучы, падпісвалі дамову з дзяржавай — іх асабліва не чапаюць, а яны не лезуць у справы ўлады. Але ў 2020-м не лезці туды было немагчыма. Дык вось раней было ясна, што за выхад на плошчу можна атрымаць дзесьці 8—15 сутак. Максімум — умоўныя тэрміны і ў выключных выпадках — «хімію». Вядома, гаворка пра звычайных пратэстоўцаў, з «павадырамі» правілы іншыя. Але ж усё роўна, не 20 гадоў, як цяпер даюць.

Да такога народ у 2020-м не быў гатовы. Людзі не маглі сабе ўявіць, што ўлада пачне перапісваць законы ў працэсе. Таму выходзілі проста абсалютна абураныя гвалтам, відавочнымі фальсіфікацыямі (яны, вядома, і раней мелі месца, але не ў такіх жа маштабах). Дапускаю, што некаторыя выходзілі таму, што гэта было модна, у трэндзе. Бо гэта ж крута — бел-чырвона-белы сцяг, ты выходзіш, змагаешся, музыка грае, Папа Бо круціць нейкую дыскатэку… Гэта было вельмі кул, усё класна выглядала. Шмат народу падцягнулася, таму што гэта быў такі агульнагарадскі, агульнакраінны варушняк.

А потым надышло расчараванне. Людзі не разумелі, па-першае, тое, што гэтая ўлада ні перад чым не спыніцца, калі спатрэбіцца — будуць страляць і пакладуць народу колькі трэба. А па-другое — што жартаваць з імі не трэба. Яны не маюць пачуцця гумару, а калі маюць, тады вельмі спецыфічнае — пра гарэлку і трактар, такое, савецка-сялянскае.

Таму героямі сталі тыя, хто гэтага не хацеў. Але давялося. І перад гэтымі людзьмі трэба зняць галаўны ўбор.

— Як можна патлумачыць, што ў 90-х беларусы пакінулі амаль без увагі знікненні людзей, а ў 20-м не вытрымалі пасадкі Бабарыкі ці Севярынца?

— У 90-х народ пачаў выкарасквацца з галечы. Я вось кепска пачуваюся ва ўсялякіх банкаўскіх схемах, укладаннях… Але народ у гэтым вельмі добра разбіраецца, адразу намацвае нейкія хады. І тады ў масы народа з’явіўся шанец палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Вось пра гэта людзі тады вельмі дбалі. А тое, пра што вы кажаце, для людзей успрымалася так: ну, зніклі нейкія палітычныя апаненты, Захаранка, штосьці здарылася з Карпенкам… Мала наогул народу ведала гэтых людзей. Таму зніклі і зніклі. А вось у мяне, маўляў, зараз ёсць магчымасць будавацца, я ўсё жыццё пра гэта марыў, каробку ўжо падняў… Ды яшчэ і ўсё легальна — Беларусбанк, нейкія ўнёскі, зняў-паклаў, і нармальна ідзе! Потым крэдыты пачаліся, раней такога ўвогуле не было. Народ быў вельмі сканцэнтраваны на новых даляглядах дабрабыту.

— Азіраючыся назад, для вас 2020 год — трагічны альбо шчаслівы?

— Вельмі ўзрушальны. Я не чакаў, што бел-чырвона-белая сімволіка будзе выкарыстоўвацца так масава. Думаў, гэта для вузкага кола людзей — пару дзясяткаў тысяч на ўсю краіну, якія разумеюць сакральны сэнс гэтай сімволікі, ведаюць, што такое «Жыве Беларусь!». А калі ўбачыў, што гэта сотні тысяч, падумаў — дзе ж яны ўсё гэта панабіралі, пашылі ці што… Гэта было надзвычай натхняльна.

Тады здавалася — а раптам яно ляснецца. Усё ж сапраўды было на мяжы. Каб не ўлез Пуцін са сваімі заявамі пра легітымнасць, тады хіснуліся б міністры, сілавы бок. Таму што для шмат каго з сілавых структур Пуцін — нашмат больш рэферэнтная асоба за Лукашэнку. І як толькі «там» сказалі, што ўсё добра, тады ўжо ўсё, для іх няма чаго вагацца.

— Больш за дзевяць месяцаў жывём у свеце, у якім пануе вайна. Ці не падумалі вы, калі здарылася горшае, «відаць, што зноўку давядзецца адкапаць кулямёт, відаць, што зноўку давядзецца страляць» альбо адразу зразумелі, што ў вашым выпадку — «слова як зброя»?

— Калі трэба будзе адкапаць і страляць, я гатовы. А што рабіць? У мяне добрая вайсковая спецыяльнасць. Я сяржант, камандзір узвода. Калі што, будзем прымяняць свае веды.

Таму што, безумоўна, гэта і нашая вайна. Каб не Пуцін, у нас даўно была б перамога прагрэсу, дэмакратыі, сілаў дабра. І зараз беларуская свабода, беларуская будучыня цалкам залежыць ад вынікаў гэтай вайны. Калі быў бы верагодным сцэнар, у якім Расія перамагае, тады доўга-доўга, дзесяцігоддзі, а можа і болей, мы былі б яшчэ ў гэтай прорве расійскай. А калі ж Расія лясне ўрэшце, тады для нас усё складзецца вельмі аптымістычна. Нарэшце зможам наблізіцца да тых еўрапейскіх каштоўнасцяў, ад якіх нас старанна, ужо хутка 30 гадоў, як адцягваюць.

На прыкладзе Польшчы добра бачна, што «шокавая тэрапія» Бальцаровіча, пра якую нам так доўга крычалі «Гэта кашмар! Абнішчанне несельніцтва! Хлеба засталося на тры дні!..», насамрэч добра працуе. Калі гэта перажыць, тады вельмі хутка пачынаюць наладжвацца ўсе працэсы і наогул жыццё ў краіне. Зараз, вядома, узровень развіцця Польшчы і Беларусі непараўнальныя. Хаця на старце мы былі ў лепшай сітуацыі. Але Польшча вельмі хутка вылезла з гэтай галечы, а Беларусь дагэтуль целяпаецца незразумела дзе. Хтосьці скажа пра добрыя дарогі ці нешта яшчэ… Дык трэба ведаць, што большасць з гэтых дарог зробленыя на еўразвязаўскія гранты.

— Вы ўжо аднойчы засведчылі крах рускамірскай мары — развал Савецкага Саюза. Як вы ўзгадваеце тыя падзеі?

— Калі адбываўся развал Саюза, я быў занадта малады, каб разумець карэнныя працэсы, але мне вельмі ўсё падабалася. За савецкім часам у рок-музыкі шансаў не было ніякіх. Хіба што сесці ў турму за гандаль апаратурай, напрыклад. Альбо атрымаць суткі за падпольныя канцэрты. Але мы ўсё адно займаліся музыкай, бо не разумелі, наколькі ўсё бесперспектыўна. Але калі гэта ўсё пачало развальвацца, амаль адразу з’явілася магчымасць іграць канцэрты, усё было легальна, заслона пачала падаць, мы выязджалі за мяжу. Вось гэта было сапраўды нешта эйфарычнае.

— Ці спадзяецеся вы перажыць падобную эйфарыю яшчэ раз?

— Зараз відавочна, што імперыя руйнуецца рукамі яе абаронцаў. Абсалютна незразумела, хто ці што яго прымусіла ваяваць з найбліжэйшым суседам, з вялікай краінай, у якой сур’ёзная самасвядомасць. Гэта ж суіцыдальная ідэя. І каб ні яна, тады б і далей былі ва Украіне вуліцы Пушкіна ў кожным горадзе, як у Беларусі. Панавала б руская мова. Калі б не гэтыя дзеянні расіян, стагоддзямі б яшчэ гэта цягнулася. Але пасля пачатку вайны народ адразу ж, амаль увесь перайшоў на чыстую ўкраінскую, усё вырашылася ў момант.

— Так, ідэя суіцыдальная, але ж што да яе падштурхнула? Няўжо сапраўды вар’яцтва, ці проста адсталасць ад рэчаіснасці?

— Проста і ў Расійскай Імперыі, і ў Савецкім Саюзе, і ў сённяшняй Расіі яны нічога нармальна рабіць не могуць. Ну нічога не могуць нармальна рабіць. Здавалася б, вайсковую тэхніку ўмеюць — але ж і гэта не. Такі вось фірмовы, савецкі знак якасці — калі купляеш тэлевізар і праз год яго ўжо трэба рамантаваць. Ну, можа толькі кінакамера была нічога. Ды і тое не, усё ламалася. Я памятаю, бо ў дзяцінстве займаўся аматарскімі кіназдымкамі. Магнітафоны таксама паганыя былі, усё западала. Ну, годзік максімум усё папрацуе, а потым па дробязях, па дробязях — і разваліўся. І так усё ў Савецкім Саюзе і ў Расіі. Нічога не ўмеюць рабіць.

Галоўнакамандуючы нават не ведае, што насамрэч адбываецца на фронце. Ён кепска працуе, як і ўсе там. Ён не інфармаваны, хаця мусіць быць, гэта ягоная праца. Перад пачаткам гэтай інтэрвенцыі ён мусіць паглядзець, дзе там што, хаця б з большага павінны праінспектаваць. А яму паклалі папачку на стол, ён пачытаў: «Ага, усё харашо, атлічна».

Я ж служыў у савецкім войску і ведаю, што гэта такое. Як і ў савецкай адукацыі, у медыцыне — паўсюль пануе фармальны падыход, усё для галачкі. Вось генерал прыехаў на інспекцыю ў часць, пайшоў у прыбіральню і ўбачыў, што там павуцінне. І пачынаецца — з матам, з крыкамі! Як у нас прынята на пасяджэннях Лукашэнкі, абсалютна вайскова-турэмны варыянт. «Інакш не дойдзе да іх», таму трэба раўсці пастаянна: «Што гэта ў вас там такое! Пасматрыце!» Павуцінне тэрмінова прыбіраюць, праз дні яно з’яўляецца зноў, але генерал ужо паехаў — і нармальна, будзе вісець паўгода да наступнага прыезду генерала. І ніхто не будзе займацца інспекцыяй таго, напрыклад, як захоўваецца тэхніка. Таму што ён і сам асабліва не ведае пра гэта нічога. Яму пакажуць ЗІЛ-130:

— Ну харашо. Змазаны?

— Так.

— Паедзе?

— Паедзе.

— Ну ладна.

— Мне падабаецца, як вы глабальныя рэчы апускаеце на побытавы, зразумелы ўзровень.

— Таму што яно так і ёсць. Я ведаю гэтую кухню. Служыў у часці, якая была ледзь не ўзорна-паказальнай. На ахоўнай тэрыторыі знаходзіўся мост ад МАЗа — гэта такая вялікая штука, якую трэба перавозіць з месца на месца, мантаваць, як мінімум, з дапамогай крана. І вось гэты мост скралі. З ахоўнай тэрыторыі, дзе ходзіць вартаўнік з аўтаматам.

— Так, сітуацыя паказальная. Лявон Артуравіч, у адным з інтэрв’ю вы сказалі: «Я па натуры не такі ўжо змагар, барацьбіт, але яны вымусілі мяне такім быць». Задам абсурднае пытанне, але ці можна сказаць, што ў нейкай ступені вы ўдзячны гэтай уладзе сваімі творчымі поспехамі ці, прынамсі, фактурай, сыравінай для творчасці?

— Безумоўна, удзячны. Найперш за загартоўку характару. «Так гартавалася сталь». Я за гэта вельмі ўдзячны, бо адвучылі баяцца залішне, адвучылі вагацца — правільна ці не правільна. Заўсёды ведаеш, што трэба так — і ўсё на гэтым.

А забароны навучылі ўвогуле не пераймацца па дробязях. Ну, забаранілі нас і ладна, нічога страшнага, у іншым месцы недзе прагучым і знойдзем, як з гэтай сітуацыі выйсці. Бо калі першая забарона была, мы так усе пераймаліся — гэта лішняе абсалютна. Гэта толькі на руку ворагам.

Ну і тое, што тэмы яны падкідалі ўвесь час — гэта таксама для рок-музыкантаў вельмі сур’ёзна. Рок-музыкант мусіць змагацца, хаця б у нейкай частцы сваёй творчасці. Таму хтосьці штучна змагаецца супраць высякання лясоў дзесьці ў Аргенціне ці Бразіліі, хтосьці — супраць глабальнага пацяплення…

А ў нас ёсць абсалютна канкрэтныя рэчы, з якімі не тое што змагацца — біцца трэба. За гэта трэба ісці ў бой, таму што нельга, каб народу прышчапляўся хлуслівы, мярзотны кодэкс існавання.

Гэта робіцца ўжо вельмі шмат гадоў — мусіш аднаму казаць адно, іншаму — іншае, на падначаленага крычыш, перад начальнікам ліслівіш. Потым сядзіш на кухні з гарэлкай і кажаш сябру, як усё кепска. Назаўтра прыходзіш на працу і там кажаш, як усё добра. Гэта разбурае асобу. І большасць беларусаў, прынамсі да 2020 года жыло па гэтым кодэксе, навязаным уладай.

Калі б у нас кіраўнік дзяржавы быў доктарам гістарычных навук, тады ўсё б скіроўвалася ў бок гісторыі, Вялікага Княства Літоўскага — і гэта доўжылася б пяць гадоў. Потым прыйшоў бы спартовец — пачалі б будаваць спартовыя пляцоўкі, што таксама не кепска. Потым, скажам, былы рэжысёр — пачало б развівацца мастацтва. Але ў нас ужо амаль 30 гадоў сядзіць дырэктар саўгаса. І развіваецца ўсё ў гэтым кірунку. Яшчэ чамусьці развіваецца хакей, хаця гэта далёка не самая папулярная ў свеце спартовая дысцыпліна. Але вось хочацца гэтай асобе. Ну добра, але дзе ж у гэтым усім поспехі? Мы што, у хакей перайгралі кагосьці? Наогул нікога, прынамсі, за апошнія гады. Сельская гаспадарка ў нас на вельмі сярэднім узроўні. А з тэлевізара скажуць: «У нас рэкордна намалацілі зерне!» Але ж гэта не рэкордна, бо ў мінулым годзе было столькі ж. А ў Літве — крыху больш. Затое ў нас рапарты самыя бадзёрыя.

Гэта толькі маленькі зрэз таго, што адбываецца. Трэба змагацца, бо нельга пакідаць народ сам-насам з гэтым.

Мэта творчага чалавека — расплюшчваць вочы народу, разнявольваць народ, прышчапляць яму ідэі свабоды. Улада ж дзейнічае ў дыяметральна супрацьлеглым кірунку — заплюшчваць вочы, прышчапляць ідэі несвабоды і падпарадкавання.

— Спадар Лявон, узгадваю вашае «круцяцца жорны, мір і спакой, трушчыцца зерне і будзе мукой». Сёння жорны ў Беларусі круцяцца як ніколі, але ж там застаюцца нашы людзі. Як ім захаваць сябе?

— Адзіная парада, якую можна даць тым, хто застаўся ў Беларусі ў гэтай страшнай сітуацыі, — трэба максімальна захаваць сябе і па магчымасці, застацца на свабодзе. Захаваць ясны аналітычна розум. І, калі вы можаце сябе стрымаць, варта пакуль што не выказваць пратэст адкрыта, прынамсі, да пэўнага моманту. Калі гэты момант прыйдзе — уздымуцца ўсе, у тым ліку і тыя, хто з’ехаў. Але пакуль трэба паводзіць сябе як пад акупацыяй. Не нарывацца, глядзець па баках, быць асцярожнымі. Калі вы вымушаныя хадзіць на працу, дзе вас можа хтосьці здаць, на вас могуць настукаць — лепей не даваць падстаў гэта рабіць.

Зараз у беларускім грамадстве лепей быць Шцірліцам.

— Заўважыла, што вы без вялікага імпэту ставіцеся да тых, хто сёння на вокладцы беларускага дэмакратычнага руху. Чаго менавіта вам не хапае ў гэтых людзях, каб сказаць — так, гэта мае лідары?

— Насамрэч у мяне асабліва няма пытанняў да лідараў, якія за мяжой. Думаю, трэба радавацца, што яны ёсць, яны працуюць і бароняць нашыя зацікаўленасці. Каб не было гэтага Кабінета, так бы мовіць, альтэрнатыўнага ўрада, беларусам за мяжой было б цяжэй.

Але гэта не адна і нават не дзесяць тысяч чалавек, якія б зазналі проста пераслед і дэпартацыю, прычым для многіх — дэпартацыю адразу ў турму.

Таму добра, што маем хоць бы нейкае стабільнае ўтварэнне. Гэта, вядома, вельмі непапулярнае меркаванне. Прынята ўсё падвяргаць жорсткаму астракізму, у тым ліку Кабінет, і ясна за што.

Безумоўна, калі будзе новы ўрад, новая ўлада — я першы буду ў апазіцыі. Не ў палітычнай, бо я ж не палітык. Але я буду крытыкаваць яе ў інтэрв’ю, буду пісаць нейкія з’едлівыя песенькі. А пакуль тыя, хто цяпер ва ўладзе, вядома ж, нашмат больш небяспечныя для Беларусі, чым тыя, хто сядзіць у Кабінеце.

— Ці адназначна аптымістычна вы глядзіце на тое, якой будзе Беларусь пасля сыходу Лукашэнкі? «Сюрпрызаў ня будзе» альбо будуць, і не надта прыемныя?

— Для шырокай публікі я сказаў бы, што адназначна аптымістычна, хаця гэта безумоўна далёка не так. Будзе пераходны перыяд, і трагедыя сітуацыі ў тым, што ў нас няма механізму пераходу ўлады. Незразумела, як усё будзе адбывацца. На мой погляд, і тут я згодны са Святланай Ціханоўскай, трэба адразу руйнаваць інстытуцыю прэзідэнцтва і пакідаць парламенцкую рэспубліку. Не ведаю, як гэта правільна зрабіць. Але калі адна асоба знаходзіцца ва ўладзе, мы бачым на прыкладзе сярэднеазіяцкіх дыктатур, што адзін дыктатар проста змяняе іншага, і гэта можа цягнуцца да бясконцасці. У гэтым ёсць нават нейкі лацінаамерыканскі сцэнар. Досыць дзіка для гэтай тэрыторыі, але так ёсць. Да таго ж, куды падзенуцца ўсе гэтыя людзі, якія былі задзейнічаныя ў сілавых структурах? Іх жа тысячы. Чым яны будуць займацца? Столькі людзей не трэба, каб там працавалі.

З іншага боку, ёсць шанец прайсці гэта хутка і не асабліва балюча. Шмат нашых краінаў-суседзяў праз гэта праходзілі.

— Як вашыя ўражанні ад паўночнаамерыканскага туру, ці задаволеныя вы публікай і ці задаволеныя сабой?

— Сабой я ніколі да канца не задаволены. Але мы далі рады.

Публіка была выдатная, я не думаў, што будзе столькі людзей. У Сан-Францыска я быў першы раз, чакаў, што на канцэрт прыйдзе чалавек 15. Але была поўная зала. Я ў захапленні ад гэтага горада. Усё прайшло выдатна, нават нечакана. А на такія рэчы звычайна гляджу досыць песімістычна — ай, не збяруцца людзі. Але было вельмі цікава, узрушальна.

— Калі я звярталася да вашых інтэрв’ю да 2020 года, было такое адчуванне, што вы звыклі і вельмі добра пачуваецеся ў ролі лідара прасунутай меншасці. Але ж пасля 2020 стала відавочна, што, прынамсі, ад гэтага моманту вы — лідар большасці. Ці змянілася вашае самаадчуванне ў сувязі з гэтым?

— Мне не хочацца браць на сябе ролю лідара ці нейкага палітычнага павадыра, гэта не маё абсалютна. Але калі думкі падзяляе большая колькасць людзей, чым гэта было раней — безумоўна, гэта прыемна. Я папросту пачуваюся на сваім месцы.

— Спадар Лявон, на беларускай незалежнай сцэне ўсё неяк у свой час з’яўляецца, грыміць, а потым сыходзіць у слаўную мінуўшчыну. А вы заўжды застаяцеся і з кожным годам гучыце мацней. Як у вас гэта атрымліваецца?

— Я не ведаю. Напэўна, проста пашчасціла.

Каментары4

  • Калі калі калі
    16.12.2022
    Зноў нашае любімае калі))))
  • Жираф большой, ему видней
    16.12.2022
    Беларуска , і Цэслер таксама. Але нешта пайшло ня так. Ўрэшце, і Лявон "дачакаецца".
  • Anatol Starkou
    16.12.2022
    А я буду мызыкай і ствару ТРЫ ЧАРАПАХІ - белая, чырвоная і белая.

Са студэнткі ў Сеуле ў маму ў Мінску. Як дзяўчына адна гадуе дачку ад карэйца16

Раптоўна памёр журналіст і рэдактар «Беларусы і рынак» Андрэй Александровіч4

Лукашэнка адказаў на пытанне пра абʼяднанне Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву12

Лукашэнка заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года76

Гэтая матэматычная задача пра дзень нараджэння зламае вам мозг4

39-гадовая ўраджэнка Ірана перамагла на конкурсе «Міс Германія»22

Пятрухін пра сямейную драму падчас турмы: жонка змяніла прозвішча сабе і сыну6

«Камера ў Наваполацку менш камфортная за прылёты ракет». Як цяпер жывуць беларусы ва Украіне3

«Каб надпіс на помніку быў на беларускай мове». Беларускія добраахвотнікі пра запавет на выпадак гібелі 7

«Апішы Беларусь адным скрынам». Найлепшыя твіты тыдня3

Дзед Колі Лукашэнкі быў палітвязнем — атрымаў 25 гадоў ГУЛАГа за дапамогу «бандэраўцам»37

На рэкламных экранах па ўсёй Беларусі паказалі зварот Святланы Ціханоўскай28

Юлія Навальная: За вайну ва Украіне Пуціну трэба будзе адказаць43

Забіў куратара ад КДБ, правёў 20 гадоў у турмах — гісторыя жыцця палітэмігранта Сяргея Панамарова22

«Правераны агент «Арэф’еў»: знойдзеныя дакументы пра сексота, які сачыў за Ларысай Геніюш6

Зганяць за палову дня: што паглядзець недалёка ад Мінска. Вёска Дубрава3

Расія за два гады страціла каля 83 тысяч забітымі — аналіз статыстыкі8

«Прымушалі савакупляцца і спраўлялі на іх малую патрэбу». Як пасланыя на смерць расійскія салдаты здзекуюцца са сваіх жа таварышаў па службе14

«Алкаголь паўплываў на яе розум»: экс-прэзідэнт Манголіі высмеяў «даму з МЗС РФ»2

Украінскі беспілотнік нанёс удар па Наваліпецкім металургічным камбінаце3

Усе навіны →
Усе навіны

Актывісты «Еўрамайдана» вывалілі дзве тоны гною перад вілай расійскага пасла ў Варшаве8

На збітым у пятніцу расійскім А-50 былі 10 чалавек7

Юлія Навальная: За вайну ва Украіне Пуціну трэба будзе адказаць43

«Каб хто раскаяўся за гэта». Макс Корж у другія ўгодкі вайны прэзентаваў песню «Халодная раніца»2

Забіў куратара ад КДБ, правёў 20 гадоў у турмах — гісторыя жыцця палітэмігранта Сяргея Панамарова22

Зяленскі ў другую гадавіну поўнамаштабнага ўварвання запісаў зварот з Гастомеля8

«Правераны агент «Арэф’еў»: знойдзеныя дакументы пра сексота, які сачыў за Ларысай Геніюш6

Жыхар Кіраўска збіраўся «паставіць схаваную камеру на выбарчым участку»

Памятаеце актывістаў БРСМ, якія накінуліся на Орду падчас пікета за Лукашэнку ў 2020-м? Вось дзе яны цяпер22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі супрацоўнікаў кампаніі, што абслугоўвае экраны, на якіх паказалі зварот Ціханоўскай

Галоўнае

Сапраўдная яўка на выбарах ФОТАФАКТ

Дзярждэп ЗША назваў выбары ў Беларусі фіктыўнымі2

ЦВК назвала канчатковую яўку на выбарах6

Зяленскі пра правал контрнаступу: планы Украіны былі на стале ў Крамлі яшчэ да пачатку3

110 дэпутатаў, якія трапяць у парламент-2024, — праверце спіс пасля выбараў16

Карпенка намаляваў амаль 42% грамадзян, якія прагаласавалі датэрмінова9

У Брэсце заўважылі знікненне кіраўніка аднаго з прадпрыемстваў1

Экс-палітвязень Жамчужны, які агулам адседзеў 11 гадоў, выехаў з Беларусі3

«Апішы Беларусь адным скрынам». Найлепшыя твіты тыдня3

Цела Навальнага ўсё ж аддалі маці14

Дзед Колі Лукашэнкі быў палітвязнем — атрымаў 25 гадоў ГУЛАГа за дапамогу «бандэраўцам»37

У сталовай БелАЗа на 23 лютага раздатчыц абедаў апранулі ў вайсковую форму ФОТАФАКТ19

«Калі пра гэта казаў наш рэктар — значыць так і ёсць». Журналісты паспрабавалі знайсці беларуска-расійскі падручнік па гісторыі2

«Я паўгода лячыў дзяцей пад татальным кантролем КДБ. Яны нават хадайнічалі, каб мяне не звальнялі» 3

На рэкламных экранах па ўсёй Беларусі паказалі зварот Святланы Ціханоўскай28

Жыхары Масквы нясуць кветкі да помніка Лесі Украінцы ў другую гадавіну вайны

Усе навіны →