Блізіцца час Божага Нараджэння, а гэта значыць, што ў Беларусь прыбудзе святло з Віфлеема, запаленае ад нязгаснай лампады ў базіліцы Нараджэння Хрыста. Віфлеемскі агонь прыбывае спецыяльным рэйсам у Вену, адкуль перадаецца з рук у рукі па краінах Еўропы і Паўднёвай Амерыкі.

У нашай краіне яго дастаўкай займаюцца каталіцкія скаўты — парафіяльныя групы дзяўчат і юнакоў, якія вядуць сваю дзейнасць у Гродне, Івянцы, Мінску і Полацку.

Першая акцыя Віфлеемскага святла міру праводзілася ў 1986 годзе. Тады прадстаўнікі аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню даставілі запаленую на месцы Нараджэння Хрыста лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей напярэданні свята Божага Нараджэння. Гэтую ініцыятыву падхапілі аўстрыйскія скаўты.

Ужо праз год перадсвяточная акцыя стала міжнароднай. На афіцыйным узроўні акцыю перадачы Віфлеемскага агню падтрымліваюць як кіраўнікі хрысціянскіх цэркваў Еўропы, так і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін.

Упершыню ў Мінск Віфлеемскі агонь быў дастаўлены на Каляды 1994 года. У 1998 годзе ён быў перадзены ў 22 краіны Еўропы, сярод якіх была і Беларусь. Гэта падзея адбылася дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў Беларусі.

19 снежня прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перададуць агонь з Віфлеема ў кафедральны касцёл святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. Каталіцкія скаўты Беларусі эстафету перадачы агню распачалі 15 снежня, калі агонь прайшоў праз беларуска-польскую мяжу.

У суботу 17 снежня ўвечары святы агонь будзе ўнесены ў архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Дастаўка Віфлеемскага агню па парафіях Беларусі будзе працягвацца ажно да свята Божага Нараджэння 25 снежня.

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0