Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Сінгапур — гэта горад-дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі. У СМІ Сінгапур называюць «цывілізаванай дыктатурай», гавораць пра «сінгапурскі эканамічны цуд», высокі ўзровень жыцця і прагрэс. Тут чатыры афіцыйныя мовы: англійская, малайская, кітайская і тамільская. Для штодзённых стасункаў эмігрантам дастаткова англійскай.

Сінгапур лічыцца адной з самых развітых краін свету. Ён на пазіцыях лідараў у рэйтынгу сусветных фінансавых цэнтраў і лічбавай якасці жыцця. Аднак у рэйтынгах свабоды слова Сінгапур у апошняй з канца дваццатцы.

Тут практычна ўвесь год тэмпэратура паветра трымаецца каля +30, высокая вільготнасць.

«Уразіла адчуванне прагрэсу ва ўсім»

Карына паступіла вучыцца ў міжнародны каледж у Сінгапуры ў 2021 годзе. Яна прайшла тры этапы адбору і трапіла на навучанне, прычым са стыпэндыяй. Сінгапур самастойна беларуска не выбірала. Умовай стыпэндыі было тое, што ўдзельнік праграмы едзе туды, куды накіруюць. Так Карына апынулася ў Сінгапуры, дзе вучыцца ў адным з 18-ці каледжаў праграмы The United World Colleges, раскіданых па ўсім свеце.

«Я прыляцела ў Сінгапур у жніўні 2021 года. Сядзела два ці тры тыдні на каранціне, бо тады былі суровыя абмежаванні праз каранавірус. І толькі пасля далучылася да вучобы ў каледжы. Я мала займалася пытаннямі легалізацыі, усімі фармальнасцямі, бо паводле ўмоў праграмы гэтым займаліся арганізатары. Толькі падрыхтавала ўсе неабходныя дакументы. Але ўвогуле з часовай легалізацыяй, калі вы студэнт ці едзеце па працы, тут няма праблем — калі ёсць годнае тлумачэнне прычын, чаму вы сюды едзеце», — кажа беларуска.

З яе слоў, атрымаць часовы ці сталы дазвол на жыхарства ў Сінгапуры ўжо цяжэй.

Карына таксама кажа, што «ўлівацца ў сістэму» жыцця ў чужой краіне было цяжка.

«Першыя ўражанні — гэта адчуванне прагрэсу ва ўсім. У тваім тэлефоне ўсё ёсць — дакументы, праграмы розныя, сертыфікат вакцынацыі і пашпарт. У Беларусі ў мяне было адчуванне, што мы завіслі ў часе. Тут жа моцнае адчуванне руху наперад, асабліва ў эканамічным плане», — кажа Карына.

«Нават на рынку прапанавалі аплаціць пакупкі праз код»

У Сінгапуры можна купіць усё патрэбнае як у буйных крамах, так і на рынках, на адмысловых вулачках, дзе гандлююць садавінай і гароднінай.

«У мяне быў культурны шок, калі прадавец сказаў, што не можа прыняць аплату карткай, а толькі наяўнымі ці праз код. Скануеш код на сцяне — і праз праграму плаціш. Гэта значна спрашчае жыццё», — кажа Карына.

У Сінгапуры няма змен сезонаў, да якіх прывыклі еўрапейцы, кажа беларуска. Тут заўсёды каля +30, часам ідуць дажджы, што спрыяе буянню зеляніны паўсюль.

«Мне, «беласкурай», цяжка прыстасоўвацца да клімату. Не ратуюць аніякія ахоўныя крэмы. Яркае сонца і высокая вільготнасць. Выходзіш і потам абліваешся», — кажа беларуска.

«На заходнія прадукты высокія цэны»

На час вучобы Карына жыве ў інтэрнаце.

«Таму цягам акадэмічнага года мне не трэба купляць ежу. Тут, у каледжы, лічыцца добрым тонам прадстаўляць розныя кухні свету. Калі я летам жыла на здымнай кватэры, то сама купляла прадукты. Мне гэта каштавала каля 40 даляраў на тыдзень», — кажа беларуска.

Па яе назіраннях, дарагія ў Сінгапуры грэчка, бульба, садавіна, ягады. Невысокія ж цэны на мясцовыя прадукты. Напрыклад, на рыс у шматлікіх варыяцыях.

500 грамаў грэчкі яна купляла за 10 даляраў. Кефір бачыла, але не брала, бо каштуе адзін літр $14.

«Тут вельмі папулярная і развітая сетка hawker-centre — вулічных фуд-кортаў. Там людзі збіраюцца, каб паесці і паразмаўляць. Прапаноўваюцца кухні Сінгапура, Малайзіі, Індыі. Часам складана зразумець, што гэта за страва. Зразумееш толькі, калі купіш і пакаштуеш», — кажа Карына.

Яна з сябрам таксама пабывала ў Burger King, дзе Карына ўзяла просты сэт: напой, бургер са штучным мясам, бульбу. Каштавала ўсё разам каля 6 даляраў.

«Цырульніца грэбліва каментавала калезе мае кароткія валасы»

Карына кажа, што яе досвед абмежаваны жыццём у кампусе. Кола знаёмстваў — пераважна навучэнцы каледжа з розных краін свету. Але яна заўважыла, што сінгапурцы «досыць кансерватыўныя».

«Капіталістычная культура тут на піку. Мне было нязвыкла чуць ад сваіх мясцовых аднагодкаў фразы кшталту «Чаму ў іншых краінах шмат бяздомных? Яны проста лянуюцца працаваць!» Такая класавая дыскрымінацыя», — гаворыць беларуска.

Карына расказвае таксама, што ў Сінгапуры іншыя стандарты прыгажосці і дзяўчына «мусіць мець доўгія валасы». У самой Карыны яны кароткія. Паслугі цырульніцы каштуюць ад 10 да 60 даляраў.

«Але і за 10, і за 20 даляраў стрыгуць так, што гэта не адпавядае нашым стандартам прыгажосці. Я выходзіла расчараваная. Яшчэ было так, што цырульніца негатыўна каментавала мяне сваёй калезе з-за маёй прычоскі. Яна гаварыла на кітайскай мове, думала, што я не разумею. Яна казала, што я прыехала з Еўропы, і што я — разбэшчаная, і што мне «знесла галаву». А я разумела і было досыць непрыемна. Такое ў іх стаўленне да нетыповых праяў ідэнтычнасці», — кажа беларуска.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

«Спорт тут вельмі папулярны»

Карына кажа, што спорт і фізічная культура ў Сінгапуры вельмі папулярныя сярод усіх узростаў.

«І гэта вельмі ўплывае на інфраструктуру горада. Тут людзі жывуць у такіх «таварыствах уласнікаў», дзе ў дворыках ёсць і спартовыя, і фітнэс-залы, і басейны. Гэта ўсё ў адкрытым доступе, усе жыхары могуць карыстацца. Хапае розных аплікацый у тэлефоне, якія дапамогуць трэніравацца. У парках можна скарыстацца нядорага публічнымі роварамі», — кажа беларуска.

«Інтуітыўна я адчуваю закрытасць грамадства тут»

Аднагрупнікі Карыны маюць шырокі кругагляд, таму ў асноўным ведаюць пра Беларусь. Але агулам у Сінгапуры пра яе радзіму чулі няшмат.

«Многім людзям даводзіцца тлумачыць, расказваць пра нашу краіну і пра нас. Адзін чалавек мне сказаў: «Беларусь? Нейкае дзіўнае англійскае слова, ніколі яго не чуў». Да іншаземцаў тут ставяцца стэрэатыпна. Калі замежнік, значыць, аўтаматычна багаты. Мяне таксама часам спрабавалі падмануць, здзерці больш высокую аплату», — кажа Карына.

Яна расказвае, што многія людзі, якія прыязджаюць у Сінгапур, забываюць, што тут таксама дыктатура, хоць і нетыповая.

«Эканамічнае развіццё, прагрэс, добрая інфраструктура, высокія заробкі. Можна заплюшчыць вочы на нешта і жыць сваім жыццём. Але інтуітыўна я адчуваю закрытасць грамадства, замоўчванне некаторых тэм. Беларусь таксама несвабодная краіна, але грамадства мае супольнасці, пэўныя пляцоўкі, дзе мы можам быць самі сабой, давяраць адно аднаму. І гэтыя супольнасці моцныя», — кажа Карына.

«Тут малпы не саромеюцца падыходзіць да людзей»

Карына кажа, што прырода ў Сінгапуры «моцна ўпісаная» ў горад. Там шмат зялёных пляцовак, паркаў.

«Тут своеасаблівыя джунглі. Калі пайсці трохі глыбей у лес, то можна сустрэць варана, выдру, малпу. Тут малпы не саромеюцца падыходзіць да людзей блізка. І гэта такія асаблівыя адчуванні. З другога боку, Сінгапур вельмі заціснуты горад. Хочацца часам уцячы туды, дзе вялікія прасторы», — кажа беларуска.

Па словах Карыны, у Сінгапуры добра развіты грамадскі транспарт. Улада заахвочвае людзей карыстацца ім, а не ўласнымі аўтамабілямі.

«Адна паездка на аўтобусе ў два бакі каштуе каля 2 даляраў. Метро трохі таннейшае», — кажа беларуска.

Таксі каштуе даражэй у вечар пятніцы. Карына ім карыстаецца рэдка, найбольшыя грошы, якія аддала за таксі, — прыблізна 20 даляраў. Беларуска таксама згадвае пра дарагі мабільны інтэрнэт — 11 даляраў за 4 гігабайты на месяц.

Пасля заканчэння каледжа Карына плануе паступаць ва ўнівэрсітэт у Канадзе ці ЗША.

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
1