«Пацук»

«Пацук»

З былымі байцамі палка Каліноўскага мы сустракаемся ў Вільні. Васіль Верамейчык («Пацук») цяпер тут шукае працу. 

«Хацелася сям’ю пабачыць і дапамагчы ім», — тлумачыць, чаму прыехаў з фронту. 

Іншая прычына, па якой «Пацук» вярнуўся з Украіны, — ён не бачыць перспектыў пайсці вызваляць Беларусь у бліжэйшы час. 

Але Васіль запэўнівае, што, калі Лукашэнка ўступіць у вайну, ён і большасць ветэранаў гатовыя зноў ехаць на фронт.

«Трэба ж ісці дахаты, — кажа ён. — З пункту гледжання рацыянальнасці я цяпер не бачу падрыхтоўкі беларускай арміі да вайны. Але ж гэтыя дыктатары паводзяць сябе нерацыянальна, сапраўды Пуцін можа даціснуць Лукашэнку.

Калі Расія будзе прайграваць, я не думаю, што вайна з рэжымам у Беларусі будзе вельмі крывавай. Сумняваюся ў тым, што беларускае войска будзе баяздольным. Многія рэзка зламаюць нагу або знікнуць. Знойдзецца пару тысяч якіх-небудзь, напрыклад, як Карпянкоў. Збяруць кампанію, якая будзе гатовая да апошняга змагацца — пакуль у іх будзе шанец бегчы ў Растоў. Але ж ваяваць яны не ўмеюць, разганяць толькі». 

Ветэран «Сашко» — ён просіць называць яго па пазыўным і не фатаграфаваць твар — згаджаецца з «Пацуком». Ён таксама пойдзе вызваляць Беларусь. Вось толькі кажа, што для яго гэта будзе «квіток у адзін канец». 

«Сашко»

«Сашко»

«Загіну, хутчэй за ўсё, — расказвае ён.

— Мне падаецца, што Лукашэнка ўступіць у вайну. Пуцін яго дацісне. Мне гэта нагадвае Другую сусветную вайну. Лукашэнка цяпер адцягвае вялікую колькасць украінскіх сіл на мяжу. Гэты фронт ужо адкрыты, проста няма баявых дзеянняў». 

54-гадовы «Сашко» вярнуўся з фронту ў канцы вясны. У яго пачаліся праблемы з нагой — баляць суставы. 

«Медыцына для мяне ў Літве бясплатная, бо ёсць дазвол на жыхарства, — кажа ён. — Мая сям'я — унучка і дачка — была неўладкаваная. Яны б без мяне не змаглі. Вярнуўся, дапамагаю ім. Добра, што літоўцы з разуменнем ставяцца, — з працы я нават не звальняўся. Вярнуўся і працягнуў працаваць сантэхнікам». 

«Адчуванне, што ты можаш нешта змяніць, цягне на вайну»

«Пацук» успамінае, што першыя дні, калі ён вярнуўся з вайны, яго раздражняла мірнае жыццё. 

«Напрыклад, тое, што на чырвонае святло стаяць трэба. Яшчэ — самалёты. Думаеш, што трэба ісці хавацца. 

На другі тыдзень майго жыцця ў Варшаве пайшоў на нейкі беларускі канцэрт. Там сталі крычаць «Жыве Беларусь», а я ўстрымаўся. Хлопцы, з якімі я быў, ад агіднасці паадварочваліся. Тут такі бяспечны пратэст, а там — вайна. У галаве гэта вельмі дрэнна ўкладвалася. «Сашко» нават цяпер стаіць на акцыях убаку», — расказвае ён. 

«Сашко» кажа, што першы час пасля таго, як вярнуўся з фронту, губляўся сярод людзей. Ён пастаянна параўноўваў, як яны жывуць, які клопат у іх. 

«Да 2020-га ўдзельнічаў у мітынгах, але для мяне было прасцей ісці ў масе, не ў першых радах. Год выбараў мяне змяніў, я перастаў баяцца выказваць меркаванне, весці людзей.

У мяне быў страх перад вялікімі, моцнымі людзьмі. Вайна гэта пачуццё зруйнавала. Усе людзі для мяне цяпер роўныя. 

Калі ехаў на вайну, у мяне быў сумнеў у сабе. Баяўся, што, калі пачнуць побач разрывацца снарады і міны, дам слабіну. Чытаеш у кнігах, што ў людзей паніка здараецца. Але са мною такога не было», — расказвае ён. 

Васіль прызнаецца, што яму вельмі складана вярнуцца ў мірнае жыццё. На вайну яго цягнуць людзі, якія там засталіся. 

«Я пакуль галавой застаюся там. Але кажуць, што з часам становіцца лягчэй. Нейкага жорсткага посттраўматычнага сіндрому няма. Так, са сном праблемы толькі.

Адзін раз сходзіш на баявое — людзі для цябе як родныя. Неяк бывае сорамна і цяжка за тое, што ты тут у бяспецы, а хлопцы там кожны дзень рызыкуюць жыццём. 

Таксама хацелася ўнесці свой уклад у перамогу Украіны. Калі ў самым пачатку ў роце (тады палка яшчэ не было) сядзелі ў сталоўцы, усе абмяркоўвалі не вайну, не загінулых, а 2020 год. Падаецца, што гэта псіхалагічна была нашмат большая траўма, чым вайна. На вайне ты можаш што-небудзь зрабіць: у цябе ёсць зброя, пабрацімы, а ў 2020-м — нічога. Гэта адчуванне, што ты можаш нешта змяніць, — цягне», — разважае «Пацук». 

У «Сашко» ўсё інакш — ён даволі хутка прызвычаіўся да мірнага жыцця. 

«Магчыма, праз тое, што я не так доўга знаходзіўся на вайне. Заўважыў, што людзям, якія ўвесь час на баявых, цяжка адвыкнуць ад гэтага. У іх сям'я — гэта пабрацімы, дом — казарма. У людзей мяняецца псіхалогія стаўлення да жыцця.

Я падтрымліваю сувязі з палком, дапамагаю ім, перадаю нешта на фронт. Увесь час у руху — гэта дае мне стымул.

Сітуацыя, якая нагнятаецца цяпер з магчымым уступленнем беларускай арміі ў вайну, вядома, цягне мяне назад. Асабіста я ехаў на вайну з думкай, каб потым ісці ў Беларусь. Гэта быў шанец патрапіць дадому», — расказвае ён. 

«На вайне марылі аб дзяўчатах»

Вайна, як і служба ў арміі, — нуднае, шматгадзіннае чаканне. Яшчэ перад тым, як туды трапіць, Васіль ведаў, што там будзе. 

«Чакаеш, носіш, рыеш, — расказвае «Пацук». — Пасля гадзіна-дзве рызыкі, а потым ізноў. Запомнілася: калі былі пад Ірпянём і працавала расійская артылерыя, я ляжаў і думаў, што зараз загіну і не ўбачу нават маскоўца ўжывую».

Расійскіх вайскоўцаў Васіль апісвае коратка. 

«Чухня», — смяецца ён. — Такія трохі нямытыя, зацюканыя, звычайна без адукацыі. З чатырох палонных, з якімі я размаўляў, ніводзін не бываў за межамі Расіі.

Расказвалі яны ўсё як звычайна: не ведалі, куды ішлі, сорак рапартаў напісаў — не звольнілі». 

Самае цяжкае для «Пацука» і «Сашко» цяпер — гэта ўспаміны. 

«Гэта вайна з намі на ўсё жыццё. Усё адно будзем успамінаць, не выкрасліш. Пабрацімы — на ўсё жыццё.

Цяжка, калі партрэты загінулых бачыш. Ведаеш, што тваё спальнае месца было побач з імі. Я нават не выдаляю іх кантакты ў тэлеграме, перапіску», — кажа «Сашко». 

«Я з «Волатам» перапісваўся апошні раз за гадзін пяць да яго смерці», — дадае «Пацук». 

— З самага запамінальнага — гэта размова з ім. Я з трыма замежнікамі прыехаў за дзень да яго смерці на месца, дзе ён загінуў. І мы ўсю ноч з ім прагаварылі аб жыцці, дзяўчатах, вайне. Я нават шкадаваў, што не запісаў на дыктафон. Хто ж ведаў.

На вайне ў такім мужчынскім калектыве ўспаміналі, марылі аб прыгожых дзяўчатах, аб знаёмых дзяўчатах. 

«Волат» успамінаў баявых сябровак, жонку. У цэлым жаночы вобраз на вайне вельмі рамантызуецца і набывае ідэалізаваныя рысы.

І другое, што запомнілася, — бой пад Мікалаевам, дзе я атрымаў раненне. З яго з сямі чалавек выйшла толькі двое — я і немец». 

«То смерць, то жыццё…»

«Сашко» часта ўспамінае, як ён з іншымі байцамі выцягваў загінулага пасля «Волата». 

«Чуў, як ён хрыпіць, як памірае. Потым радуешся, калі медык гаворыць, што дыхае. Пасля зноў. То смерць, то жыццё…

Не ведаю, ці прывык я да смерці, якая дыхае ўвесь час у спіну, але да выбухаў так. Калі раней падчас абстрэлаў бег у сховішча, то потым — патрапіць дык патрапіць, значыць, не жылец».

«Прывыкаеш да таго, што раз не загінуў, два не загінуў, на трэці раз ужо перастаеш прыгінацца, бронекамізэльку насіць. Так гінуць людзі вельмі часта, — дадае «Пацук».

— Дзякуй богу, што ў беларусаў не было вялікіх страт, хаця такое магло здарыцца. Напрыклад, у крэпасці ў Севераданецку нас сабралася каля 40 чалавек, і калі б рускія пачалі штурм — мы б там і засталіся. Ці калі мы ўдзельнічалі ў наступе пад Лазавым. Удача была на нашым баку. 

Я не магу сказаць, што я прывык да смерці пабрацімаў. Але да адчування блізкай, магчымай смерці, вядома, так».

«У ідэале мы хочам стварыць адкрытыя механізмы па рэабілітацыі»

Цяпер у Літве, Украіне і Польшчы больш за 50 беларусаў — ветэранаў украінска-расійскай вайны. Многім з іх патрэбна рэабілітацыя пасля ранення, псіхалагічная і юрыдычная дапамога. 

З гэтай мэтай была створана Асацыяцыя беларускіх ветэранаў. 

«Яшчэ важная тэма, якой мы плануем займацца, — дакументальнае пацвярджэнне таго, што ты ваяваў ва Украіне, маеш раненні.

Вайсковы білет на рукі не аддаюць, забіраюць, калі выязджаеш. У мяне, напрыклад, ёсць толькі копія.

У Асацыяцыі будзе ўсё больш людзей і праблем таксама. Пакуль наша асноўная задача — на падставе свайго мінулага досведу, сувязяў дапамагчы тым ветэранам, якія маюць у гэтым патрэбу.

У ідэале мы хочам стварыць адкрытыя механізмы па рэабілітацыі, каб людзей з раненнямі можна было адправіць куды-небудзь лячыцца», — расказвае Васіль. 

Звязваць Асацыяцыю з якой-небудзь палітычнай сілай байцы не плануюць. 

«Тым больш што ў ветэранаў палітычныя погляды вельмі розныя. Мы падтрымліваем кантакты, напрыклад, з тым жа Валерыем Сахашчыкам. 

Рэабілітацыя патрэбная многім. Самае частае з раненняў — кантузія. Яе наступствы могуць узнікаць праз некалькі месяцаў, год. Некалькім людзям з нашай Асацыяцыі яна не пашкодзіла б», — кажа «Пацук». 

«Сашко» дадае, што асабіста ён паведаміў у Офіс Святланы Ціханоўскай пра тое, што была створана такая Асацыяцыя. 

«Калі камусьці з байцоў патрэбна фінансавая дапамога — скідваемся. Яшчэ актыўна ўдзельнічаем у жыцці беларускай дыяспары ў Літве. Дамовіліся цяпер з фондам «Разам» аб падарунках дзецям-беларусам на Новы год.

Шматлікім ветэранам трэба проста зносіны, каб яны не адчувалі сябе самотна», — падсумоўвае ён. 

Чытайце таксама:

«Ракета, якой можна збіваць дроны, даражэйшая за сам беспілотнік». Аэраразведчык Палка Каліноўскага расказаў, як яны выяўляць месцы дыслакацыі ворага

Баец «Кусь» з Палка Каліноўскага — аб працы на чыгунцы і ў БРСМ, выпрабаванні вайной і выбары паміж палонам і смерцю

Працаваў у Васкрасенскага, цяпер ваюе за Украіну. Праграміст з Гомеля прайшоў неардынарную эвалюцыю. «Тут я на сваім месцы, мне спакойна»

Клас
70
Панылы сорам
8
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
26
Абуральна
12