Худзі з тым самым прынтам. Скрыншот: instagram.com / znivien2020

Худзі з тым самым прынтам. Скрыншот: instagram.com / znivien2020

«Вы сур’ёзна?»

Прынт з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім і цытатай Летава выпусціў брэнд адзення Znivien. На майкі і худзі нанеслі партрэт Бяляцкага, зверху падпісалі «Мая праваабарона», а знізу дадалі змененую цытату Летава «Не ўсё ідзе па плане». Некаторыя палічылі такі дызайн няўдалым. Усчалася палкая дыскусія.

«Бяляцкі са спасылкай на Летава? Таго самага Летава, які падтрымліваў Лукашэнку і выступаў на канцэрце ў гонар стварэння «Беларускага патрыятычнага саюза моладзі» і крычаў там лозунгі пра «нашую будучую супольную імперыю»? Вы сур'ёзна??» — гаварылася ў адным з каментароў.

«Давайце па парадку: спадар Бяляцкі беларускамоўны, а гэта радок з расійскай песні. Далей: які мэсэдж у гэтага прынта? Што вось, дагуляўся спадар Бяляцкі, што яго пасадзілі? Праваабарона не па плане пайшла?» — піша яшчэ адзін каментатар.

Некаторыя абвінавацілі вытворцаў у хайпе.

«Алесь Бяляцкі сядзіць у турме — мы гэта паказалі ў тым стылі, які ў нас ёсць»

Брэнд Znivien раней выпускаў адзенне з сучаснымі прынтамі, адзін з вядомых — Make Belarus za**** again.

У сваіх адказах на каментары з крытыкай новага дызайну з Бяляцкім брэнд настойваў: «Прынт — гэта кавер на гурт «Гражданская оборона». Калі ў іх усё ідзе па плане, у Беларусі заўсёды не па плане. А замест Летава тут фота Алеся Бяляцкага».

У каментары «Нашай Ніве» брэнд адзначыў, што пытанне аб зняцці адзення са спрэчнай выявай актуальнае.

«Мы зараз рыхтуем якраз паведамленне наконт гэтай сітуацыі.

Калі мы рабілі гэты прынт, нават не думалі, што нехта можа пабачыць тут нейкі іншы сэнс ці жарт», — заўважае Znivien.

«Прынт з Алесем, як мы пісалі ўжо некалькі разоў у каментарах, гэта прыцягненне ўвагі да праблемы праваабароны, да таго, што нобелеўскі лаўрэат сядзіць у турме. Мы не бачым нічога дрэннага, калі мы робім пераасэнсаванне былога (трэк Летава) на сучасны абсурдны лад.

Алесь Бяляцкі сядзіць у турме — мы гэта паказалі ў тым стылі, які ў нас ёсць. Калі гэта зачапіла кагосьці — выбачайце, мы хацелі зрабіць толькі лепш», — патлумачыў сваю пазіцыю брэнд.

Фота з адзеннем, якое выклікала крытыку, прыбралі з сацсетак.

А пазней у сторыс звярнуліся да аўдыторыі:

«Нам важна ставіцца з павагай да іншых людзей і іх пачуццяў, а таксама сачыць за тым, каб нашы дзеянні не прычынялі шкоды людзям вакол. Нам важна шукаць сувязі з радзімай і падтрымліваць сваю культуру, але гэта не павінна быць за кошт чужых пачуццяў ці шкоды іншым людзям, іх рэпутацыі.

Мы вырашылі выдаліць прынт з Алесем Бяляцкім, каб не правакаваць людзей на лаянку і высвятленне адносін. Калі ёсць пытанні ці прапановы — мы заўсёды адкрытыя да дыялогу».

Хто такі Ягор Летаў

Ягор Летаў — расійскі панк-музыкант, лідар гурта «Гражданская оборона». У розныя часы ён называў сябе камуністам, савецкім нацыяналістам. Выступаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. У адным са сваіх інтэрвʼю заявіў: «Трэба падтрымаць Лукашэнку, ён класны чалавек».

У 1997 годзе напачатку канцэрта ў Мінску Летаў вітаў публіку воклічамі: «Слава Саюзу Беларусі і Расіі! Слава Беларусі! Слава Расіі! Слава будучаму прэзідэнту нашай агульнай імперыі — Аляксандру Лукашэнку».

Паводле Летава, Лукашэнка — «разумны і хітры прэзідэнт, дальнабачны палітык, які робіць вельмі тонкія і дакладныя хады». На яго думку, «сярод расійскай і беларускай апазіцыі такіх лідараў, як Лукашэнка, проста няма».

Цытата, якую выкарыстаў брэнд адзення, з песні, прэм’ера якой адбылася ў 1988 годзе. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?