Антон Матолька напісаў у фэйсбуку кароткі пост: «А адкуль наогул узяўся наратыў, што Пуцін цісне на Лукашэнку, каб той удзельнічаў (арміяй наўпрост) у вайне ва Украіне?»

Юрый Дракахруст адказаў, што свечку таксама не трымаў, але лічыць адваротны варыянт яшчэ больш сумнеўным.

«Альтэрнатыўны адказ — беларускае войска не паслалі ваяваць таму, што Пуцін палічыў немэтазгодным (варыянт — спалохаўся «Беларускага Гаюна», паўстання беларускага войска і г. д.), уяўляецца яшчэ больш недаказальным», — піша Дракахруст.

Паводле яго, калі Прыгожын вярбуе нават зэкаў з лагераў на фронт, то, зыходзячы з агульных меркаванняў, некалькі дзясяткаў тысяч беларускіх вайскоўцаў не перашкодзілі б, каб заткнуць катастрафічны дэфіцыт жывой сілы.

Калі лічыць, што беларускія войскі не ўступілі ў вайну толькі таму, што Пуцін не настойваў, а Лукашэнка — цалкам марыянетка, то як патлумачыць, што Лукашэнка з лютага да кастрычніка не прызнаў афіцыйна «ЛДНР», хоць і намякаў, што прызнае, пытаецца Дракахруст.

«Вось Асад прызнаў. Пуціну не трэба было прызнанне Лукашэнкі? А ад Асада трэба? А чаму адно было трэба, а іншае — не?»

Палітаглядальнік звяртае ўвагу, што пасля дэкларацыі аб анексіі чатырох абласцей Украіны Кім Чэн Ын публічна і голасна абвясціў, што лічыць гэтыя тэрыторыі часткай Расіі.

«Кіма ніхто не лічыць і не называе васалам Пуціна. Ён ім і не зʼяўляецца. Лукашэнка зʼяўляецца. Але падобных заяў ён не рабіў. Чаму? Пуціну гэта не трэба? А чаму ад Кіма — невасала трэба, а ад васала — не трэба?»

Дракахруст нагадвае пра паездку Лукашэнкі ў Абхазію пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы.

«І тады ўсе вядомыя мысляры сказалі, што гэта — пралог афіцыйнага прызнання. Афіцыйнага прызнання пакуль няма. А чаму? Гэта не трэба Пуціну? Каб Лукашэнка паехаў у Сухумі — трэба, а каб прызнаў — не трэба? Чаму?» 

Дракахруст лічыць памылковай думку, што Лукашэнка — бязвольная марыянетка.

«Ён брыкаецца, упіраецца, у яго ёсць воля да ўлады. <…> З гэтага тлумачэння не вынікае, што Лукашэнка — малайчына, герой і адзіны абаронца суверэнітэту. Вынікае толькі тое, што ён мае волю да ўлады, абараняе сваю ўладу, якая звязаная з захаваннем рэшткаў суверэнітэту», — піша Юрый Дракахруст.

Антон Матолька ў адказ напісаў свае аргументы, чаму лічыць сумнеўным тое, што Лукашэнка адчайна супраціўляецца Пуціну, «трымае суверэнітэт Беларусі і наогул абараняе Украіну ад чагосьці там яшчэ».

«Лукашэнка мог не пусціць расійскія войскі ў Беларусь у студзені? Мог не адкрываць мяжу для нападу на Украіну? Мог не дазволіць выкарыстоўваць тэрыторыю і паветраную прастору Беларусі для запускаў ракет? Можа цяпер «папрасіць» мобікаў на выхад у любы момант?» — напісаў Антон Матолька.

Дракахруст у каментарах, адказваючы Арцёму Шрайбману, які прытрымліваецца пазіцыі, падобнай да Матолькавай, прывёў уяўны дыялог Пуціна і Лукашэнкі ў стылі Алеся Пілецкага. Сэнс яго такі, што за свае «паслугі» Лукашэнка бярэ добрую цану, ён гандлюе, круціцца паміж магчымасцямі і жаданнямі. Ён не ўсеўладны, але не марыянетка. 

«— Я ж для цябе ўсё раблю — і тэрыторыя для ўдараў для вас як свая, кормім тваіх, вучым, лечым, нас за гэта санкцыямі душаць, ну і наогул важны для вас плацдарм трымаем. Гэта ж дарагога варта.

— Саша, а паваяваць для гэтага? Бо мы ваюем, а вы адседжваецеся.

— Мы можам. Але ў выніку будзе горш і мне, і табе. Але калі ты скажаш, што дазарэзу трэба, то я пашлю маіх ваяваць. Дазарэзу трэба?

— Ды не. Але хацелася б.

— Ну тады прабач. Будзе дазарэзу, тады абавязкова пашлю. А вось мне грошы дазарэзу трэба».

Юрый Дракахруст лічыць, што хоць гэта ўтрыравана, але прыкладна так цяпер размаўляюць Пуцін і Лукашэнка.

Клас
35
Панылы сорам
5
Ха-ха
17
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
7