Фота: vecteezy

Калі мы чуем слова «афрадызіяк», нам у галаву прыходзяць вустрыцы, інжыр і сакавітыя клубніцы ў шакаладзе. Наўрад ці разынка. Але клінічны псіхолаг доктар Лоры Брота, аўтар кнігі «The Better Sex Through Mindfulness Workbook» — своеасаблівага дапаможніка па выхаванні жадання, — даказвае адваротнае. 

Брота — прафесарка акушэрства і гінекалогіі ва Універсітэце Брытанскай Калумбіі ў Канадзе і экспертка ў галіне сэксуальнага здароўя жанчын. The Telegraph распавядае, як за апошнія 20 гадоў Брота і яе даследчая група навучылі тысячы жанчын «практыцы асэнсаванага харчавання» як спосабу павышэння лібіда.

Больш за 10 хвілін удзельнікі назіраюць за разынкай, нюхаюць яе, кранаюць, слухаюць (літаральна), падносяць яе да вуснаў, кладуць у рот і трошачкі-трошачкі надкусваюць. Пасля гэтага яны адказваюць на тры пытанні. Што вы заўважылі? Чым гэта адрозніваецца ад таго, як вы звычайна ясце разынкі? І наколькі гэтая практыка харчавання мела дачыненне да вашых сэксуальных праблем?

Брота тлумачыць: «Яны кажуць: «Ого, я ніколі не заўважала, якія прыгожыя ў разынкі формы, а якая каларыстыка багатая! А калі адкусваеш і трымаеш у роце кавалачак — колькі розных прысмакаў нараджаецца. Звычайна я бяру жменю і глытаю, асабліва не разжоўваючы, і ніколі не звяртаю ўвагі на колеры і форму».

Яна дадае: «Жанчыны адразу бачаць, наколькі важна звяртаць увагу без асуджэння. Яны кажуць: «Калі я магу запаволіць і заўважыць нешта з такой ступенню заглыблення і інтэнсіўнасці, уявіце, што было б, калі б я магла зрабіць тое ж самае падчас сэксуальнай актыўнасці з партнёрам».

Канцэпцыя асэнсаванасці можа прымусіць кагосьці абурыцца — нашто вы дурыце галаву? Але ў кантэксце нашага любоўнага жыцця мае сэнс, што прадчуванне, запавольванне, смакаванне моманту — замест пераключэння на аўтапілот і зацыклівання на канчатковым пункце — зробіць сэкс лепшым.

Доктар Лоры Брота. Фота: loribrotto.com

Аднак для многіх такая асалода застаецца няўлоўнай. Фактычна адна траціна жанчын, з якімі працавала Брота, адзначае, што пакутавала ад зніжэння сэксуальнага жадання цягам як мінімум трох месяцаў за апошні год. І гэты паказчык расце з узростам і стабілізуецца паміж 55 і 64 гадамі.

А 81% пацыентаў паведамляюць, што адчуваюць трывогу наконт сэксу. Спіс таго, што можа паменшыць жаданне, доўгі: ад эмацыйнай дыстанцыі ў адносінах да нізкай самаацэнкі, стрэсу або сімптомаў менапаўзы.

І добрая навіна для тых, хто сумняецца, — у тым, што (калі вы сапраўды хочаце палепшыць сваё любоўнае жыццё) вам нават не трэба верыць у асэнсаванасць, каб яна працавала эфектыўна ў вашым выпадку, кажа Брота.

Чаму навучыцца культываваць увагу — гэта ключ да лепшага сэксу

Ключавая частка асэнсаванасці, ці ўсвядомленасці — заставацца ў дадзеным моманце, і гэта патрабуе навыку рэгулявання ўвагі. Без гэтага ў занятках каханнем запал можа хутка згаснуць. «Увага вельмі важная, бо гэта механізм, які злучае наш мозг і цела», — кажа Брота. Пэўныя аспекты сэксуальнай рэакцыі з'яўляюцца рэфлекторнымі і аўтаматычнымі. Калі наш мозг знаходзіцца «ў іншым месцы» — незалежна ад таго, турбуемся мы пра рахункі за бензін або сэксуальную актыўнасць, успамінаем чат з сябрам ці тое, што нам трэба падрыхтавацца да працоўнай сустрэчы, — гэтая важная сувязь разрываецца.

Падтрыманне гэтай сувязі паміж мозгам і целам падчас сэксу дазваляе нам быць настроенымі і заўважаць нашу фізічную рэакцыю, што потым прымушае наш мозг надаваць ёй больш увагі, ствараючы станоўчую зваротную сувязь і больш захапляльны вопыт.

У той час як асноўная частка яе даследаванняў прысвечана жанчынам, Брота таксама бачыць мужчын у сваёй клінічнай практыцы. Паколькі механізмы падобныя, асэнсаванасць працуе і для мужчын. Напрыклад, у людзей, якія перанеслі рак прастаты, у мужчын з сітуатыўнымі праблемамі з эрэкцыяй або заўчаснай эякуляцыяй вялікая частка іх цяжкасцяў звязана са страхам горшага: што адбудзецца, калі нічога не спрацуе; што рабіць, калі мой партнёр заўважыць…

«Зацыкленне і чаканне катастрофы адносна выніку становіцца самарэалізаваным прароцтвам, якое перашкаджае здаровай сэксуальнай рэакцыі», — кажа Брота. Вы больш не ў гэтым моманце. Ваш розум скача наперад, візуалізуючы негатыўныя сцэнары меркаванай катастрофы або расчаравання. І калі ваш фокус сканцэнтраваны на гэтым, вы, хутчэй за ўсё, і выклічаце гэта. «Такім чынам, падыход да ўважлівасці, які гучыць так: «Заставайся тут, заставайся з адчуваннямі, няхай гэтыя катастрафічныя думкі будуць падобнымі на хмары ў небе, якія проста праходзяць і знікаюць», сапраўды працуе вельмі добра», — кажа доктар.

Жанчынам вельмі важна засяродзіць увагу на фізічных адчуваннях

Жанчынам таксама можа быць цяжка заставацца прысутнымі. Яны, як правіла, нашмат больш «сэксуальна дысанантныя», чым мужчыны, што азначае, што іх цела і розум не заўсёды знаходзяцца ў адпаведнасці адно аднаму. Гэта было прадэманстравана жанчынамі, якія ўдзельнічалі ў лабараторных даследаваннях сэксуальнай псіхафізіялогіі. Але ж натуральна, разумовая і фізічная сінхроннасць спрыяе лепшаму сэксу. Уважлівасць можа дапамагчы змяніць дзве рэакцыі, трэніраваць розум настройвацца на цела.

Доктар кажа: «Пры асэнсаванасці мы настройваемся на адчуванні цела, адчуванне дыхання. Гэта спрыяе большай сугучнасці». Такім чынам павялічваецца жаданне. З гэтай мэтай Брота рэкамендуе рэгулярна выконваць 10-25-хвілінныя практыкаванні, якія называюцца сканаваннем цела. Гэта ўключае ў сябе метадычнае прыцягненне вашай увагі да кожнай часткі цела па чарзе, уключаючы эрагенныя зоны, і заўважанне прыемных, непрыемных або нейтральных адчуванняў. Фактычна гэта можна назваць адной з практык медытацыі.

Пасля таго, як вы асвоілі сканаванне цела, вы таксама можаце займацца ўсвядомленымі рухамі, што не адрозніваецца ад ёгі, — вы засяроджваецеся на сваім дыханні і звяртаеце ўвагу на адчуванні пры кожнай расцяжцы, а потым лічыце, наколькі гэта адрозніваецца ад вашых звычайных фізічных адчуванняў. Часта мы заўважаем толькі боль, кажа доктар, а тут задача ў тым, каб спакойна заўважыць усе адчуванні: цяпло, паколванне, дыскамфорт.

Не хапае часу? Вы можаце прыўнесці ўважлівасць у любую дзейнасць. Брота прапануе ўважліва прыняць душ і задзейнічаць усе пачуцці.

Думкі, што перашкаджаюць выдатнаму сэксу

Вы толькі што зморшчыліся ад ідэі асэнсаванага анатамічнага самадаследавання? Асуджальныя думкі могуць перашкаджаць нашай сэксуальнай рэакцыі. Тое, як мы думаем і размаўляем з самімі сабой, мае значэнне: самакрытычныя думкі пра наша цела або прывабнасць негатыўна ўплываюць на нашу сэксуальнасць і нашу рэакцыю. Брота раіць, што калі ў інтымны, шматспадзеўны момант узнікне асуджальная думка, нядобразычлівая і збівальная, якая прымушае вас адчуваць сябе дрэнна, то замест таго, каб займацца ёю і быць захопленымі ёю, вы можаце проста пазначыць яе ярлыком здалёк: «Назавіце гэта «асуджальнай думкай» і працягвайце свой шлях».

Замест таго, каб змагацца з ёй, вы проста адключаецеся. Яна дадае: «Я выкарыстоўваю аналогію таго, што сяджу на беразе ручая і назіраю за тым, як праходзяць думкі. Гэта магутна, гэта іншы спосаб ставіцца да думак, а не паддавацца ім». Гэта працуе для любой думкі, якая пагражае выбіць вас з каляіны. Доктар кажа: «Практыкуючыся, вы можаце навучыцца хутчэй заўважаць, калі ваш розум заблукаў, перанакіраваць сваю ўвагу назад на цяперашні момант і аднавіць цялесныя адчуванні падчас сэксу».

Фота: vecteezy

Лячэнне перакананняў, якія парушаюць блізкасць

Сэкс можа быць далікатнай сферай, і многія пары замест таго, каб абмяркоўваць яго, замоўчваюць рознагалоссі наконт таго, якім ён «павінен» быць. Але калі ёсць дыспрапорцыя, важна вырашыць гэтую праблему. Можа быць няпроста расказваць пра свае клопаты, звязаныя з сэксам, але камунікацыя і слуханне з'яўляюцца ключавымі для добрага сэксу. 

Вядома, адна з альтэрнатыў размове — пазбяганне блізкасці без тлумачэння прычын. Гэта стварае эмацыйную дыстанцыю. Часта чалавек з нізкім жаданнем адмаўляецца ад інтымных дзеянняў: «І гэта не таму, што яны не любяць трымацца за рукі, цалавацца і распранацца перад партнёрам, а таму, што ў сваёй свядомасці яны напрамую звязалі гэтыя дзеянні з сэксам, і менавіта гэтай часткі яны баяцца або проста не жадаюць удзельнічаць. Такім чынам, вы бачыце ўвесь гэты эфект даміно».

Брота можа заахвоціць пару аднавіць гэтыя праявы прыхільнасці, практыкуючы тэхніку канцэнтрацыі на пачуццях, якая была распрацавана даследчыкамі Мастэрсам і Джонсанам у 1960-х гадах для барацьбы з трывогай з-за сэксу. Пары распранаюцца і кладуцца на ложак тварам адзін да аднаго. Адзін чалавек «дорыць», а другі «атрымлівае». Дарыльшчык дакранаецца да другога, напрыклад, гладзіць па назе ці цалуе ў жывот. Мэта — не ўзбудзіць партнёра, а пераарыентаваць кожнага чалавека на ўласны пачуццёвы вопыт. «Атрымліваючы» можа даваць указанні, напрыклад, «крыху лявей». Гэта аднаўляе давер і блізкасць.

Фота: vecteezy

Як выхаваць жаданне

Навука падымае настрой тым, хто ў роспачы. «Цяпер мы сабралі шмат даных, якія паказваюць, што насамрэч жаданне не з'яўляецца спантанным, гэта рэакцыя, — кажа Брота. — Яно ўзнікае ў адказ на ўзбуджэнне. Узбуджэнне — гэта тое, што можна культываваць, гэта нешта ў межах нашага кантролю». 

Даследаванні паказваюць, што адзін са спосабаў узмацніць уласнае ўзбуджэнне — гэта падумаць пра тое, як гэта: быць аб'ектам чыіх-небудзь жаданняў (у ідэале — быць аб'ектам жаданняў таго, да каго вы самі адчуваеце жаданне). Такім чынам, калі вы чакаеце сэксуальнага кантакту, звярніце ўвагу на гэтыя думкі, а затым настройцеся на цялесныя адчуванні, якім яны спрыяюць.

Пасля пяці тыдняў рэгулярнай практыкі асэнсаванасці — павышэння дасведчанасці і засяроджанасці з дапамогай ежы, адчуванняў цела, рухаў, дыхання, думак і дакрананняў — наступным крокам будзе прыцягненне асэнсаванасці да самой сэксуальнай актыўнасці. 

Адно з практыкаванняў заключаецца ў тым, каб легчы і пагрузіцца ў яркую сэксуальную фантазію. Для натхнення Брота рэкамендуе прыкладанне Dipsea, якое змяшчае кароткія эратычныя гісторыі. Як заўсёды, калі ўрываецца асуджальная думка, пазначце яе ярлыком: «Ах, асуджальная думка!» і не ўзаемадзейнічайце з ёй. Вярніце ўвагу да цела.

Ёсць таксама практыкаванне «сэксуальная багіня», заснаванае на факце, што паведамленні, якія мы кажам самі сабе, наша агульнае ўяўленне пра сябе і наша сэксуальная самаацэнка могуць непасрэдна ўплываць на тое, як мы адчуваем сэксуальнае жаданне і адказ на яго. Брота распавядае, што спачатку яна прымушае жанчын прымерыць вобраз сэксуальнай багіні на сябе (нават калі яны ў гэта не вераць): дзе ім падабаецца іх сэксуальнасць, дзе яны з'яўляюцца цалкам увасобленай сэксуальнай асобай, якой хочуць быць, дзе яны ўпэўненыя ў сваёй сэксуальнасці. Затым яны выкарыстоўваюць сэксуальны інструмент (эротыку, фантазію, стымуляцыю), каб выклікаць узбуджэнне, а затым уважліва настройваюцца на адчуванні. Уявіць сябе сэксуальнай багіняй, па яе словах, асабліва эфектыўна, калі ў вас «нізкая сэксуальная самаацэнка».

Ведайце, чаму вы хочаце сэксу

Нягледзячы на ​​​​тое, што гэтая трэніроўка, так бы мовіць, дапаможа вам падрыхтавацца да матча, карысці ад яе мала, калі вы рэдка трапляеце ў гульню. Паколькі жаданне не з'яўляецца спантанным, кажа Брота, многія людзі не рэагуюць на сэксуальныя прапановы, нават калі ўжо палаюць ад жадання. Яны прымаюць рацыянальнае рашэнне ў канкрэтны момант. Гэта азначае, што тое, ці адбудзецца сэкс, звычайна залежыць ад адказу на пытанне: «Навошта мне займацца сэксам?» Гэта пачатковы блок, які папярэднічае патэнцыйнаму ўзаемадзеянню, абмену, стымуляцыі і затым — нарэшце — росквіту жадання. 

Такім чынам, ведаць, чаму вы хочаце сэксу, важна, таму што, калі гэтыя прычыны не пераканаўчыя, то вы наўрад ці будзеце ўключацца ў справу, а лепей працягнеце глядзець Neflix або чытаць кнігу. Брота кажа, што заахвочвае жанчын выкарыстоўваць асэнсаванасць, каб разумець: «Што можа быць для мяне прычынай для сэксу ў гэты момант?» Можа, гэта жаданне атрымаць пачуццё блізкасці; можа, жаданне лепей заснуць; можа, жаданне адчуць моц; а можа, простае жаданне атрымаць задавальненне. Што б гэта ні было, кажа доктар, рабіце гэта асэнсавана.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Пытаннячко / Адказаць
28.12.2022
[Рэд. выдалена]
8
Яшчэ пытаннячко / Адказаць
28.12.2022
А што аы выдаляеце каментары? Брау да рота багато слiв - гэта класiка жанру. Не пiшыце тады рознай лухты у тым, што завецца "Наша Нiва:
0
Гуан / Адказаць
28.12.2022
Я адчуваю тут нейкую засаду. Спачатку разынку пачастуй, потым ... ;)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру