Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

— Лявон, на тваім творчым рахунку ажно 24 перакладзеныя кнігі — гэта рэкорд сярод перакладчыкаў. Для параўнання, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які вельмі актыўна займаўся паэтычнымі перакладамі, выдаў 12 перакладных кніг. Як табе ўдаецца працаваць у такім тэмпе, не зважаючы ні на што?

— Ну, па першае, у мяне ўжо 25-я кніга гатовая, яна ўжо вычытаная рэдактарамі Алесем Жлуткам і Уладзімірам Арловым. Гэта выбраныя вершы знакамітага лацінамоўнага паэта Мацея Казіміра Сарбеўскага, які жыў у ХVІІ стагоддзі. Біяграфічна ён цесна звязаны з Беларуссю. Напрыклад, Сімяон Полацкі вучыўся па яго канспектах, якія захоўваліся ў Полацку. Сарбеўскі прысвячаў вершы Яну Кáралю Хадкевічу, Паўлу Сапегу, іншым магнатам Вялікага Княства Літоўскага. У свой час яго называлі найлепшым лацінамоўным паэтам Еўропы, яго кнігі ілюстравалі знакамітыя мастакі, у тым ліку сам Пітэр Паўль Рубенс… А днямі я закончыў пераклад 26-й кнігі — класіка літаратуры Аўстраліі Генры Лоўсана, гэткага «аўстралійскага Якуба Коласа». Далей у серыі можа з’явіцца Бертальд Брэхт, чыя кніга была першай у маёй творчай біяграфіі. Гэта не будзе паўтор выдання 1988 года: сёе-тое скароціцца, нешта дадасца.

— Пераважная большасць перакладзеных табою кніг выйшла ў серыі «Паэты планеты», якую выдае Зміцер Колас. Я паглядзеў — дык у гэтай серыі сапраўды ўсепланетны размах!

— На сённяшні дзень у ёй выйшлі 93 кнігі, яшчэ 3 рыхтуюцца да друку. Спадзяюся, да сотні дагонім. Хоць няпроста гэта рабіць: дзяржаўнага фінансавання ж няма ні капейкі, ды мы яго і не чакаем. Робім усё самі, у тым ліку і фінансаванне шукаем. Сама назва серыі патрабуе, каб у нас быў ахоп тэрыторыі ўсёй планеты. І ўжо прыкладна 56% насельніцтва Зямлі мы як бы «ахапілі» сваімі кнігамі. Трэба сказаць, што такой кніжнай серыі няма нідзе ў свеце. Самая вялікая і знакамітая серыя — расійская (яшчэ савецкая) — «Сокровища лирической поэзии». У ёй выйшлі 82 кнігі, але яны выдаваліся за гарантаваныя дзяржаўныя сродкі амаль дваццаць гадоў! Мы ж выходзім усяго шэсць з паловай гадоў — з лета 2016-га.

Сусветная паэзія ў перакладах Лявона Баршчэўскага 

Сусветная паэзія ў перакладах Лявона Баршчэўскага 

— Ого! Дык, атрымліваецца, «Паэты планеты» выходзяць па паўтара дзясятка кніг у год?

— Было, што за год выдалі ажно 18 кніг.

— Вось я перабіраю стосік «Паэтаў планеты». Джон Кітс — з англійскай мовы, Петрарка — з італьянскай, Фрыдрых Гёльдэрлін — з нямецкай, Томас Вянцлава — з літоўскай, Нагапет Кучак — з армянскай, Канстандзінас Кавафіс — з навагрэцкай, Ду Фу з китайскай… І гэта ўсё перакладзена табой з арыгінала? 

— З Ду Фу мне дапамагла разабрацца дачка — яна кітайскую мову вывучала прафесійна, а я толькі пачынаў вучыць, пакуль што слаба ёю валодаю. А калі падлічыць, то паэзію я магу чытаць і разумець на 34-х мовах. Трэба разумець, што паэтычны пераклад — гэта ж не даслоўны пераказ, а перадача вобраза вобразам. І тут ёсць свае асаблівасці. Калі ў казахскай паэзіі, напрыклад, можна параўнаць дзяўчыну з каровай, і гэта лічыцца прыгожым, то ў еўрапейскай паэзіі вы такога не сустрэнеце. У нас свая сістэма параўнанняў. І яна падобная — і ў Лісабоне, і ў Осла, і ў Варшаве… Я ўжо інтуітыўна адчуваю, як можна інтэрпрэтаваць той або іншы вобраз па-беларуску.

— «Ах, усходнія пераклады, як баліць ад вас галава!» — прызнаваўся расійскі паэт і перакладчык Арсеній Таркоўскі (дарэчы, ён перакладаў нашых Францішка Багушэвіча і Уладзіміра Хадыку). А табе пасля таго, як прымусіў загаварыць па-беларуску Захірыддзіна Мухамада Бабура, галава не баліць?

— Не баліць. Усходняя паэзія мае свае асаблівасці. Для еўрапейскай паэзіі цікавы свежы вобраз, а для ўсходняй — наадварот. Скажам, для еўрапейскага паэта параўнанне «вочы твае — як смарагды» кепскае, бо зацяганае. А ва ўсходняй традыцыі чым больш паэт тых «вачэй-смарагдаў» паўторыць, тым больш ён геніяльны. Так, прынамсі, у класічнай паэзіі. А я люблю перакладаць правераную часам класіку.

— Сёння я зайшоў у адну са сталічных кнігарань, дык там замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову больш, чым уласна беларускіх пісьменнікаў. Да чаго такі перакос можа прывесці?

— На жаль, шэраг пісьменнікаў прыбраны з кнігарань з вядомых прычын. Так, на паліцах ёсць Купала, Колас, Караткевіч, Багдановіч, Быкаў… А сучасных аўтараў (не сяброў афіцыйнага Саюза пісьменнікаў) амаль няма. А чаму перакладных кніг так многа… Проста да іх яшчэ замала ўвагі. Ды і не будзеш таго ж Захірыддзіна Мухамада Бабура, які тварыў у ХVІ стагоддзі, прыбіраць. Да таго ж, Бабур быў імператарам, дыктатарам у сваёй краіне…

Лявон Баршчэўскі выступае на прэзентацыі серыі «Паэты планеты».

Лявон Баршчэўскі выступае на прэзентацыі серыі «Паэты планеты».

— А да якіх абавязковых твораў з замежнай класікі пакуль не дайшлі рукі беларускіх перакладчыкаў?

— У нас фактычна не перакладзены раманы, напісаныя метадам «плыні свядомасці». Скажам, Марсель Пруст. Чаму яго беларусы павінны па-руску чытаць? Трэба перакладаць. Да нядаўняга часу не было ў нас твораў Кнута Гамсуна, нобелеўскага лаўрэата. Я пару гадоў таму пераклаў яго раман «Голад». Такога фатальнага адчування голаду, які перажывае герой рамана, у Беларусі нават у найгоршыя часы людзі не перажывалі. Так што такога твора ў нас проста быць не магло. А знакаміты «Дон Кіхот» перакладаўся ў нас, на жаль, з рускай мовы. Якуб Лапатка толькі скарочаную версію зрабіў (з арыгінала), але і яна пакуль не надрукавана. Амаль няма ў нас, напрыклад, і «круцельскага» рамана…

— У свой час на філфаку БДУ мы чыталі ледзь не ўсю сусветную класіку па-руску. Наколькі я разумею, сітуацыя ў сістэме адукацыі ў гэтай галіне не нашмат палепшылася?

— Найгоршая сітуацыя ў сярэдняй школе. Вось некалькі прыкладаў. Старажытнагрэцкую трагедыю Сафокла «Антыгона» вывучаюць у школах па ўсёй Еўропе, акрамя Беларусі. Таго ж «Дон Кіхота» — таксама, хоць у скарочаным выглядзе. У нас — не. З беларускіх школьных праграм па літаратуры ўсё гэта выкінута. Там з усёй замежнай класікі застаўся адзін Адам Міцкевіч, ды і тое, відаць, таму што нарадзіўся ў Беларусі. А ў 1990-я замежную літаратуру вывучалі ў нас і на беларускай мове.

— За савецкім часам перакладчыцкі хлеб быў часам і з маслам. Сёння — наўрад ці. Дык чаму ты ўсё ж займаешся перакладам?

— Калі б стан беларускай мовы ў нас быў не такі катастрафічны, то я, можа, і не займаўся б. Пераклад у нашай сітуацыі — гэта дадатковая магчымасць прыцягнуць увагу да беларускай мовы, запоўніць усе яе «ячэйкі». Напрыклад, Васіль Сёмуха, пераклаўшы «Біблію», вельмі шмат такіх «ячэек» запоўніў, паколькі далёка не ўсе паняцці мелі беларускія назвы. Бо ў кожнай мове ёсць гэтак званая безальтэрнатыўная лексіка. Як наш «вырай» перакласці, скажам, на рускую? «Теплые страны» ці «юг» — гэта не зусім тое. Таму, перакладаючы, мы папаўняем слоўнікавы запас нашай мовы. Калі б выдаць слоўнік мовы Васіля Сёмухі, гэта была б настольная кніга для маладых літаратараў! «Хадзіць у пурпурах шаноўлі», «любаснікі ісціны», «вусны знямовіліся» — слова ў Сёмухі проста пяе.

— Каго ты лічыш сваім настаўнікам у перакладзе?

— Іх трое — згаданы ўжо Сёмуха, Рыгор Барадулін і Валянцін Рабкевіч. Апошні быў выдатным знаўцам народнай мовы, фразеалогіі. Памятаю, як ён мне не аднойчы казаў: «Гэты выраз не беларускі». І тут жа я даведваўся, што, напрыклад, нельга сказаць па-беларуску, «яшчэ б», трэба — «дзіва што». Мала хто такія рэчы заўважае, а Рабкевіч заўважаў, ён быў ідэальным рэдактарам. Паўплывалі таксама на мяне перакладчыкі Аляксей Зарыцкі, Алесь Разанаў, Зміцер Колас.

— Міністэрства інфармацыі сёлета прыпыніла дзейнасць некаторых выдавецтваў, якія займаліся выпускам беларускай літаратуры. Да чаго гэта можа прывесці?

— Ні да чаго добрага гэта не прывядзе, гэта поўны абсурд. Беларускае кнігавыданне цяпер ажывае за мяжой. Тыя, хто з’ехаў, плануюць там розныя праекты. Натуральна, у Беларусь кнігі будуць трапляць з праблемамі, але той, хто вельмі захоча мець папяровую кнігу, яе атрымае.

— А ў цябе думкі з’ехаць не ўзнікала?

— Я на пэўны час з’язджаў, за тры месяцы жыцця за мяжою пераклаў два раманы Франца Кафкі. Разумееш, мне патрэбна мая лінгвістычная бібліятэка, без яе я не магу нармальна працаваць. Я ж паралельна з перакладамі раблю слоўнікі, яны, дарэчы, найбольш часу забіраюць. Летась выйшаў літоўска-беларускі і беларуска-літоўскі слоўнік, а нядаўна я закончыў беларуска-англійскі, на 17 500 слоў. Слоўнік жа на каленях не зробіш, седзячы ў кагосьці ў гасцях.

— Табе, знаўцу моў, філолагу-паліглоту, няўжо не было прапаноў папрацаваць за мяжой?

— Былі. Я трохі і працаваў — чытаў курс лекцый па беларускай культуры ў пражскім Карлавым універсітэце, але па-чэшску. Чытаў лекцыі ў Германіі, у Польшчы — у кракаўскім Ягелонскім і Вроцлаўскім універсітэтах. Трохі ўжо адвык. Бо ад універсітэцкага выкладання я адышоў яшчэ ў 1990-я, калі мяне выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. І за мяжой я мог чытаць толькі кароткія курсы па 10-16 гадзін. Гэты цягнік для мяне ўжо адышоў. Універсітэцкіх выкладчыкаў у Еўропе і без мяне хапае. Павыкладаць і нехта іншы зможа, а вось, прыкладам, Кавафіса з навагрэцкай на беларускую перакласці ніхто ж да мяне не ўзяўся. Я проста мусіў гэта зрабіць. Ці — не было ў нас па-беларуску паэта з Паўднёвай Афрыкі, я ўзяў і зрабіў Роя Кэмпбела (яго, дарэчы, і па-руску асобнай кніжкай ніколі не было).

— Увогуле, у серыі «Паэты планеты» шмат неспадзяванак. Там ёсць імёны, раней проста нечуваныя ў Беларусі.

— І не толькі ў Беларусі. Самае ўнікальнае выданне нашай серыі — зборнік шумерскай паэткі Энхедуанны. Папулярнага выдання яе твораў няма ні на адной іншай мове свету, акрамя беларускай! Уяві сабе, яна жыла у ХХІІІ стагоддзі да нашай эры! Гэта ўвогуле першы літаратар у свеце, чыё імя мы ведаем: усе ранейшыя творы былі ананімныя. Кнігу Энхедуанны мы пераклалі на пару з Юліяй Цімафеевай, і гэта наш аб’ект гонару. Выйшаў у нашай серыі і грэцкі паэт Архілох, найстарэйшы ў свеце з паэтаў-лірыкаў, яго асобная кніжка сярод нашых суседзяў ёсць толькі па-ўкраінску ў перакладзе Андрыя Садаморы.

— Сітуацыю ў Беларусі ніяк не назавеш спрыяльнай для творчасці. Трэці год не спыняюцца рэпрэсіі, кожны дзень — затрыманні і суды. Па тваіх назіраннях, хто ад гэтага цярпіць найбольш?

— Ад рэпрэсій найбольш цярпіць беларуская культура, цярпяць беларускія кафедры, беларускія выданні, беларускія музеі, адкуль павыганялі таленавітых людзей. Калі працавалі на кафедры, скажам, беларускай мовы ў БДУ тры ці чатыры прафесары, і з іх дваіх звольнілі — што гэта будзе за кафедра? А дзе падзеліся імпрэзы беларускія, якія ладзіліся без удзелу дзяржавы? Іх не стала, іх не можа быць, бо немагчыма нічога ўзгадніць, нельга нават прэзентацыю кнігі правесці. У мяне ўвесь час узнікае назойлівая думка, што ў Беларусі гэта нікому не трэба — менавіта беларускае прыціскаць. Гэта трэба камусьці па-за межамі нашай краіны.

— Нядаўна адной з мінскіх школ было прысвоена імя Мікалая Чаргінца, чые заслугі перад беларускай літаратурай вельмі сумнеўныя. А ты пагадзіўся б, каб твая родная школа ў Полацку насіла імя Лявона Баршчэўскага?

— Вось гэтага дакладна не трэба (смяецца). Ведаю, што дырэктар маёй школы (мне незнаёмы, ён значна маладзейшы) таксама мусіў пакінуць сваю пасаду ў 2020 годзе. А згадай, якая непрыгожая сітуацыя ўзнікла ў Астраўцы з прысваеннем імя Адама Мальдзіса раённай бібліятэцы. Ды больш ганаровага чалавека на Астравеччыне проста няма! Але нават Мальдзіс трапіў чамусьці ў апалу…

— Што ў наш змрочны час падтрымлівае цябе на духу, не дае апусціць рукі?

— Якраз перакладчыцкая праца. Яна дапамагае выжываць, бо пакуль ты працуеш па 10-12 гадзін штодня, ты адпачываеш ад негатыўнай інфармацыі, якая прыходзіць адусюль. Калі штогадзіны чытаць навіны — памрэш проста ад перажыванняў! А праца паглынае цябе ўсяго. І калі нейкі літаратурны шэдэўр да гэтай пары не перакладзены, то гэта як дакор нам усім. Таму я працую, усё менш пакідаючы такіх дакораў. Гэта мяне таксама стымулюе.

Чытайце таксама:

Пісьменнік Сяргей Вераціла: У Эквадоры я не прыжыўся, моцна цягнула на радзіму

«Зыбіцкая — прыклад дзікунства». Гутарка з пераможцам Гедройця Сяргеем Абламейкам

«Мы былі то ахвярамі, то героямі, цяпер зрабіліся памагатымі Пуціна». Бахарэвіч пра стэрэатыпы, небяспеку кніг і шанец Беларусі

Клас
24
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
4