Паводле інфармацыі БелТА, беларускія вайскоўцы зрабілі справаздачу аб правядзенні супрацьмінных работ у 2022 годзе. «На тэрыторыі краіны былі выяўленыя і знішчаныя амаль 12 тыс. выбухованебяспечных прадметаў. Усяго ж на наяўнасць такіх прадметаў было праверана больш за 8 700 гектараў».

Пры гэтым у публікацыі дзяржвыдання словамі начальніка супрацьміннага цэнтра УС Беларусі ўтрымліваецца намёк, што гэтыя работы праводзіліся ўдалечыні ад месцаў канцэнтрацыі расійскіх войскаў падчас уварвання ва Украіну і звязаныя з «рэхам» Другой сусветнай. «Суцэльныя ачысткі ад выбухованебяспечных прадметаў праводзіліся ў раёнах населеных пунктаў Крулеўшчына Докшыцкага раёна, Дрэтунь Полацкага раёна, а таксама на ўчастку свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск».

На фота трапілі выбухованебяспечныя прадметы з накладнымі навучальнымі зарадамі з драўляных брускоў. Але «Флагшток» звярнуў увагу, што акрамя ржавых боепрыпасаў часоў Другой сусветнай вайны на фотаздымках прысутнічаюць і сучасныя, якія і сёння вырабляюцца ў Расіі.

Сярод прадэманстраваных выбухованебяспечных прадметаў ёсць супрацьтанкавы ракетны комплекс «Фагот», выстралы для супрацьтанкавых гранатамётаў (СПГ-9 «Кап'ё» і РПГ-7) і 30-міліметровы гарматны снарад для БМП. Усе гэтыя ўзбраенні прымяняюцца расійскай арміяй і сёння, у тым ліку на тэрыторыі Украіны.

Таксама была апублікаваная інфармацыя аб плошчы, на якой праводзіўся пошук выбухованебяспечных прадметаў — 8 700 га (87 квадратных кіламетраў). Гэтая тэрыторыя супастаўная з плошчай Гомеля. Раней вайсковае ведамства не называла падобныя лічбы.

Наглядная ілюстрацыя плошчы ў 8 700 га (87 квадратных кіламетраў)

Наглядная ілюстрацыя плошчы ў 8 700 га (87 квадратных кіламетраў)

Беларускія вайскоўцы не любяць згадваць пра праблемы, выкліканыя расійскім нападам на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Вядома толькі пра адно паведамленне МУС ад 25 красавіка аб выяўленні боепрыпасаў у Рэчыцкім раёне, недалёка ад палявога лагера расійскіх войскаў.

Публікацыя аб выяўленні боепрыпасаў каля вёскі Гарошкаў Рэчыцкага раёна, надрукаваная 25 красавіка 2022 года

Публікацыя аб выяўленні боепрыпасаў каля вёскі Гарошкаў Рэчыцкага раёна, надрукаваная 25 красавіка 2022 года

4 красавіка 2022 года каля адселенай вёскі Белая Сарока ў Нараўлянскім раёне пры наездзе на міну падарваўся аўтамабіль — работнік КДБ, які знаходзіўся за рулём, загінуў. Паводле інфармацыі «Радыё Свабода», тады ля месца выбуху знайшлі яшчэ 10 мін. Афіцыйныя ўлады смерць работніка КДБ ад выбуху не каментавалі.

Адселеная вёска Белая Сарока вядомая тым, што ў лютым 2022 года там збіралася расійская вайсковая тэхніка для наступу на паўночна-заходнія прыгарады Кіева.

Клас
1
Панылы сорам
12
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
13