У адрэстаўраванай частцы Ракаўскага прадмесця 20 снежня адкрыўся навагодні кірмаш.

«Чаму менавіта ў Ракаўскім прадмесці? Прычын некалькі! — тлумачылі ў кампаніі — арганізатарцы кірмашу «Мінская спадчына». — У Ракаўскім прадмесці нарадзіўся і жыў наш знакаміты зямляк, вядомы мастак-мультыплікатар Леанід Шварцман, які ўвасобіў вобраз Чабурашкі, кракадзіла Гены і іх сяброў, якіх вы ўбачыце каля сапраўднай лясной прыгажуні-елкі.

Трохі сентыментальная атмасфера Фестывальнай плошчы амаль такая ж, як у мультфільмах Шварцмана. Тут прыемна шпацыраваць, фатаграфавацца і ласавацца прысмакамі ў вулічных кіёсках. Калі змерзлі — вакол плошчы нямала ўтульных кавяранек, якія, дарэчы, рыхтуюць прыемныя сюрпрызы для актыўных удзельнікаў кірмашовых конкурсаў. Увечары, калі запаляцца яркія гірлянды на фасадах дамоў, можна паглядзець маляўнічую дзею ў выкананні вясёлых артыстаў ці ўспомніць выпускі «Ералаша», якія будуць транслявацца тут жа».

Чытачка Blizko.by у суботу, 24 снежня, прыйшла на кірмаш, каб паглядзець новую лакацыю і прасякнуцца апісанай вышэй атмасферай, але ў рэчаіснасці не ўсё было так, як анансавалі арганізатары.

«Было заяўлена, што ён працуе да 23:00 вечара, але з амаль дзесяці павільёнаў працавалі ўсяго два, — распавядае дзяўчына. — У першым прадавалі настойкі па шэсць рублёў за чарку, а ў другім — нейкую ежу, здаецца, піцу, а таксама глінтвейн за дзевяць рублёў».

Дзяўчыну ўразіла, што арганізатары ўпрыгожылі дом, вокны якога выходзілі на прадмесце: на ім вісяць сняжынкі, і кожнае акно падсвечана. Але ў суботні вечар было нешматлюдна: літаральна пару чалавек з дзецьмі.

«Там вельмі прыгожая жывая ялінка, упрыгожаная гірляндамі з выявамі казачных герояў. А побач з ёй стаяў тэлевізар, па якім ішоў дзіцячы фільм — уся атмасфера вельмі класная, але мяне цікавіць, чаму кірмаш павінен працаваць да 23-х гадзін, але па факце вялікая частка павільёнаў ужо да 22:00 была зачыненая?»

З гэтым пытаннем Blizko.by звярнуўся да кампаніі «Мінская спадчына». Размаўлялі журналісты з першым намеснікам дырэктара арганізатара Мікалаем Ладуцькам, добра вядомым як былы кіраўнік Мінска і дырэктар завода «Мотавела». Чыноўнік быў не ў курсе таго, што адбываецца.

«Яны (гандлёвыя павільёны) нам не належаць, — патлумачыў Ладуцька. — Належаць зусім іншым арганізацыям. Таму дзякуй, што патэлефанавалі. Мы абавязкова з гэтым разбяромся».

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
24
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4