Ладуцька паказвае Лукашэнку матацыкл, які пасля выклікаў гнеў палітыка
Падчас візіту Лукашэнкі на завод «Мотавела» яму прадэманстравалі матацыкл «свайго дызайну», які аказаўся французскім матацыклам, сабраным у Кітаі. Лукашэнка тады заявіў, што хоча прызначыць на мотавелазавод маладога гендырэктара, а для Мікалая Ладуцькі знайсці новую пасаду.
Мікалай Ладуцька ўзначальваў мотавелазавод з 2015 года, а да таго з 2009-га па 2014-ты быў старшынёй Мінскага гарвыканкама.
«Трэба шукаць маладога хуткага дырэктара. А яму знайсці пенсійную пасаду, але таксама хамут на шыю. Слухай, няўжо ты не разумееш, у чым прычына тут. Прычына ў тым, што тут павольна варушыцеся. А ён [Ладуцька] ужо не можа і не хоча. Ну навошта яму?» — заявіў Лукашэнка, фактычна адпраўляючы Ладуцьку ў адстаўку.
Не ўратавала былога дырэктара нават відэа, дзе Ладуцька, публічна прыніжаючыся, гаварыў, што крытыка Лукашэнкі гэта «не крытыка, а бацькоўскае слова».
Цяпер стала вядома, у што ўвасобіўся абяцаны Лукашэнкам «хамут на шыю». Ім для 63-гадовага Ладуцькі стала сціплая пасада першага намесніка камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінская cпадчына».
Пасада, відаць, «няпыльная», але яўна не адпаведная статусу былога кіраўніка ўсяго горада, а таму прыніжальная.
Чытайце таксама:
На месца Ладуцькі на «Мотавела» паставілі новага дырэктара
Дырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька запісаў пакаяннае відэа
Лукашэнка загадаў памяняць Ладуцьку на мотавелазаводзе, бо той ужо «не можа і не хоча»
«Свой дызайн». Як аказалася, Лукашэнку паказалі французскі матацыкл





