«Гэты верш быў натхнёны навіной пра тое, што пробашч Завальнюк папрасіў зрабіць яго дворнікам пры Чырвоным касцёле. Насамрэч для мастацтва такія дэталі найбольш важныя, нават больш істотныя за рэальную храналогію, з іх паўстае гісторыя — гісторыя знакавых учынкаў. У маім жыцці Чырвоны касцёл займае адметнае месца. Ужо наколькі я не царкоўны чалавек, а вось яго палюбіла, прыходзіла туды заўжды, каб проста адпачыць у самоце ці паслухаць казань. Бадай, адзінае месца ў Мінску, дзе я пачувалася ўтульна, ён мяне трымаў у тым сумным горадзе, пакуль я жыла там», — напісала яна ў своеасаблівай прадмове.

Лёгкія сцяла гарсэтам бяды,
голас у глотцы бетоннай канае,
больш не даюцца ні выдых, ні ўдых —
Мінск, ты вялізная клетка грудная!

Як у жывых тут застацца, калі
свішча надзея з пасечаных венаў?
Дзіўна, што Бог яшчэ не спапяліў
нашу бязлітасную айкумену.

Дзіўна, што ў гэтай зламанасці злой
ёсць яшчэ вернік захоплены — дворнік.
Ён сваёй ціхай, упартай мятлой
лісце ва ўзвышшы духмяныя горне.

Працы стае. Не ўнімаецца Бог —
сыпле і сыпле лісты свае долу
там, дзе за рэбрамі чорных дарог
б’ецца чырвонае сэрца касцёла.

Клас
22
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0