— Мы шчаслівыя ад таго, што яго сустрэлі і забралі! Гэта было самым галоўным, таму што заставаўся нейкі страх, што нешта можа здарыцца. Заўсёды ж ёсць асцярогі, — дзеліцца суразмоўніца. — Аляксей адчувае сябе добра, сеў за руль. Яны даехалі да найбліжэйшай запраўкі, з’елі некалькі смачных гарачых хот-догаў. А ён выпіў вялікую каву, якую даўным-даўно хацеў (смяецца). І ўсё, едзе ў цяпле дадому разам з сям’ёй.

Сустракаць Аляксея прыехалі і дзве малодшыя дачкі, якія адразу пабеглі абдымаць тату.

— Яго выпусцілі раней, чым прыехалі родныя, і ён пару гадзін яшчэ чакаў. Дзяўчынкі падбеглі, абнялі. Яшчэ спыталі ў мамы: «А тата цяпер будзе жыць з намі?», — кажа сяброўка. — Апошнія некалькі дзён для Аляксея былі цяжкія, таму мы вельмі чакаем яго дома, каб нарэшце сагрэць, накарміць.

Нагадаем, Аляксея Кудзіна абвінавачвалі ў тым, што падчас акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года ён нанёс удары вайскоўцу ўнутраных войскаў, а таксама супрацоўніку УУС Мінаблвыканкама, у якіх пасля былі зафіксаваныя траўмы.

Два тыдні баец правёў у Маладзечанскім РАУС і СІЗА Жодзіна, потым былі хатні арышт і падпіска аб нявыездзе, якую Аляксей Кудзін парушыў напярэдадні суда, у лістападзе 2020 года, і з’ехаў у Расію. На запыт беларускіх уладаў яго затрымалі ў Маскве. 21 ліпеня 2021 года мужчыну перадалі Мінску.

11 жніўня 2021 года суд прызнаў Аляксея Кудзіна вінаватым паводле ч. 2 арт. 363 КК Беларусі (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго ўжывання) і прызначыў яму два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

Клас
31
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1