Па часе з інцыдэнтам супаў «планава-папераджальны рамонт», дзеля якога ў канцы красавіка быў спынены першы энергаблок Беларускай АЭС. Планавалася, што ён будзе доўжыцца каля 80 дзён, за якія будзе праведзена першая ў гісторыі станцыі перагрузка ядзернага паліва. Аднак, насуперак агучаным планам, рэактар быў заглушаны на паўгода — яго вярнулі ў электрасеткі толькі 9 лістапада.

Ёўрарадыё даведалася пра здарэнне з-за таго, што нядаўна ўтварылася «дзірка» ў сістэме электронных зваротаў у дзяржорганы Беларусі і што змест некалькіх тысяч зваротаў трапіў у адкрыты доступ. Сярод іх журналісты знайшлі ліст, адпраўлены на адрас БелАЭС ад імя ТАА «НафтаХімДыягностыка», і ў перапісцы чыноўнікаў ішла гаворка акурат пра апраменьванне персаналу.

Выданне паспрабавала даведацца падрабязнасці ў адказных асоб і прэс-службаў, каб пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю. У інфацэнтры атамнай станцыі ім не змаглі адназначна сказаць, было апраменьванне ці не, і прапанавалі напісаць афіцыйны запыт на тэму.

Дырэктар «НафтаХімДыягностыкі» Раман Філіпавец на некаторы час задумаўся, а потым папрасіў звязацца з ім пазней і пісьмова. Потым ён прапанаваў сустрэцца «пасля НГ і святаў», «падрабязна ўсе гэтыя пытанні разабраць», «пагартаць паперы і ўсё абмеркаваць».

Што там магло ў прынцыпе здарыцца, Еўрарадыё запыталася ў эксперта — фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага. 

Акрамя відавочнай версіі, надзвычайнага здарэння ў працы атамнай станцыі, на яго думку, трэба разглядаць і іншыя, бо са звароту не зразумела, пра персанал якой арганізацыі ідзе гаворка.

Апраменіцца маглі не толькі супрацоўнікі БелАЭС, але і работнікі самой «НафтаХімДыягностыкі», напрыклад, падчас гама-дэфектаскапіі (спосаб пошуку дэфектаў з дапамогай радыеактыўнага выпраменьвання). Таксама апраменьванне магло адбыцца ў час працы з нафтавымі трубамі — на іх магчымы асадак торыю і ўрану. То-бок, на думку Ажароўскага, гэта не абавязкова звязана з працай АЭС.

Пакуль таксама застаецца незразумелым, ці звязана тое апраменьванне з занадта доўгім рамонтам на Беларускай АЭС.

Клас
10
Панылы сорам
15
Ха-ха
6
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
41