Фота ілюстрацыйнае
Урад Расіі ўнёс на ратыфікацыю ў Дзярждуму пагадненне з Беларуссю аб узаемным прызнанні віз, як вынікае з дакумента, апублікаванага ў думскай электроннай базе.
Бакі ўзаемна прызнаюць візы і іншыя дакументы, якія даюць права на ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Беларусі і Расіі, а таксама адзнакі аб перасячэнні знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы.
У тлумачальных дакументах сцвярджаецца, што мэтай пагаднення стала «стварэнне прававой базы для ўрэгулявання парадку перасячэння замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства расійска-беларускай мяжы».
«У рамках рэалізацыі пагаднення будзе створаная сістэма інфармацыйнага абмену з беларускім бокам аб выдадзеных і ануляваных дазволах на ўезд і знаходжанне, а таксама перасячэнні межаў Расіі і Беларусі ў пунктах пропуску», — удакладняецца ў суправаджальных матэрыялах.
Гэта пагадненне было падпісана ў Мінску яшчэ 19 чэрвеня 2020 года, і толькі цяпер бакі павольна вядуць працэс па яго ўзгадненні і зацвярджэнні.
Цяпер перасякаць мяжу Беларусі і Расіі па-за пунктамі пропуску могуць толькі грамадзяне гэтых дзвюх краін і людзі, у якіх ёсць там дазвол на жыхарства. Іншаземцам жа, нягледзячы на фармальную «адкрытасць рубяжоў», так рабіць нельга. Праз гэта перыядычна ўзнікалі непаразуменні і нават скандалы.





