Усё адбылося сёння ноччу, прыкладна а палове на дванаццатую. Дзякуючы адразу некалькім камер відэаназірання можна адсачыць ўвесь шлях пары, датычнай да знікнення ялінкі. Так, мужчына і жанчына зайшлі ў ліфт на трэцім паверсе — верагодна, былі ў кагосьці ў гасцях і засядзеліся дапазна. Перад тым як пакінуць кабіну ўжо на першым паверсе, жанчына нацягнула шалік на твар — бачныя засталіся толькі вочы. Падобна на тое, рыхтавалася — ці то да выхаду на марозную вуліцу, ці то да «елачнай справы».

Затым пара падзялілася: мужчына пайшоў да ўваходных дзвярэй, а жанчына засяродзіла ўсю ўвагу на ялінцы. Спачатку яна доўга спрабавала адчыніць скрыню, ад якой засілкаваная гірлянда. Потым, калі зрабіць гэта не атрымалася, проста вырвала гірлянду, схапіла елку за ствол і сышла. Характэрна, што падчас працэсу мінчанка паглядзела проста ў камеру, але гэта яе не спыніла — толькі лепей паправіла шалік.

Апошнія кадры, на якіх жыхары яшчэ маглі ўбачыць сваю ялінку, зробленыя на вуліцы — пара выносіць трафей у невядомым кірунку.

— Гэтая елка стаяла ў нас тыдні два на першым паверсе каля ліфта. Яна была агульная: хтосьці кінуў кліч у чаце, і людзі сталі прыносіць цацкі, каб стварыць для саміх сябе святочны настрой. Аднак вось што атрымалася. Проста зараз у чаце вырашаецца, ці варта ісці старшыні ў міліцыю, каб напісаць заяву на гэтую парачку — твары добра бачныя і знайсці іх не стане праблемай, — распавядае Дзмітрый, які, як і астатнія жыхары, абураны тым, што адбылося.

Аднак жыхары могуць змяніць гнеў на міласць, калі пара (магчыма, навагодняя атмасфера закружыла галаву і людзі зрабілі так, як не рабілі ніколі) верне ўсё на сваё месца.

Клас
3
Панылы сорам
61
Ха-ха
9
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
10