У Мінску Ігар быў сузаснавальнікам і дырэктарам адной з лагістычных кампаній, якая займалася дастаўкай тавараў інтэрнэт-крамаў па Беларусі. У пэўны момант яго бізнэс стаў развальвацца. 

«Купчая здольнасць людзей у Беларусі падала. Плюс нестабільны даляр і высокія цэны. Прыняў рашэнне, што змяню лакацыю, паспрабую з нуля.

Таксама было маральна няпроста знаходзіцца ў Беларусі, краіна мяжуе з Украінай і Расіяй, не хацелася стаць салдатам у гэтай вайне.

Да выбараў у цэлым бізнэс ішоў нармальна, жыць можна было. Пасля — стала горш, падчас вайны бізнэс пачаў паміраць. Кошык тавараў змяніўся моцна, людзі сталі берагчы грошы. Напрыклад, касметыку і тэхніку ў разы менш сталі набываць. 

У Польшчы заўважна адразу, што ў людзей ёсць грошы і яны могуць іх траціць. Але ёсць у гэтым і мінус: чалавек, які ўладкоўваецца тут на працу, ведае, які заробак ён атрымае, асабліва не імкнецца рабіць штосьці звыш, няма патрэбы перапрацоўваць, бо грошай на ўсё хапае», — расказвае ён. 

Пасля таго, як Ігар пераехаў жыць у Польшчу, у яго пачалася апатыя. 

«Такое было з-за таго, што страціў бізнэс, не змог атрымліваць дывідэнты. Але я ехаў у Польшчу не для таго, каб працаваць афіцыянтам ці грузчыкам, а канкрэтна рабіць нешта ў сферы бізнэсу. Насамрэч любая занятасць вызваляе ад лішніх перажыванняў. Так і ў мяне было», — кажа ён.

Тры месяцы таму Ігар разам з партнёрам адкрыў у Варшаве б’юці-каворкінг. Візажысты, майстры па манікюры, цырульнікі могуць арандаваць у ім працоўнае месца.

«Вырашылі адкрываць менавіта б'юці-каворкінг, таму што хацелі ператварыць бізнэс у рэальную дапамогу людзям. Як гэта зрабіць у б'юці-сферы, уяўлялася лепш за ўсё. 

З Беларусі і Украіны вялізны паток мігрантаў, якім няма дзе працаваць або можна працаваць толькі за драконаўскі працэнт у салонах. Майстар зарабляе, напрыклад, 10 тысяч злотых (каля 2 280 даляраў) на сваіх паслугах, а напрыканцы месяца атрымлівае ў лепшым выпадку 5 тысяч (прыкладна 1 140 даляраў). Таму мы прапанавалі такую альтэрнатыву. У нас майстар можа зарабіць хоць 100 тысяч, а заплаціць нам фіксаваную арэнду», — тлумачыць Ігар. 

На каворкінг, па словах мужчыны, ёсць вялікі попыт. Ён звязаны з тым, што для Польшчы гэта новая ніша. 

«Мы зрабілі бізнэс-план і палічылі, колькі павінна каштаваць наша прапанова, каб яна была выгадная для майстроў. Арэнда працоўнага месца каштуе 20 злотых (4,50 даляра) у гадзіну, за дзень — 120 (27 даляраў). Можна арандаваць і на тыдзень, і на месяц», — кажа ён. 

На адкрыццё бізнэсу Ігар з партнёрам патрацілі 15 тысяч даляраў. 

«Мы скінуліся, але я ўклаў меншую частку, бо вырашылі, што развіццём справы буду займацца я, бо ў партнёра ёсць асноўная праца. 

Хачу адзначыць, што палічылі ўсё даволі добра і не перайшлі за выстаўлены парог выдаткаў, як звычайна бывае падчас адкрыцця чаго-небудзь. 

Укладваў свае асабістыя зберажэнні. Можна сказаць, што рызыкнуў. Вырашыў, што калі што, то заўсёды змагу зарабіць сабе на ежу. Не атрымалася б — пайшоў бы ў таксісты», — расказвае Ігар. 

Памяшканне для каворкінгу Ігар знайшоў даволі хутка. За арэнду трэба было заплаціць за тры месяцы. 

«Месяц каштуе 800 даляраў. Гэта 40 квадратных метраў не ў цэнтры Варшавы, — расказвае ён. —

Уклалі пэўную суму ў касметычны рамонт, мэблю, абсталяванне. Хацелі рабіць каворкінг не цалкам пусты, дзе толькі стол, крэсла і люстэрка. Большасць майстроў — эмігранты, таму хацелі ім прапанаваць яшчэ самае асноўнае — фены, посуд для змешвання інгрэдыентаў, шалі, арганайзеры і іншае. 

Лічылі, за які перыяд гэта ўсё можа акупіцца, — 7 месяцаў».

У цэлым Ігар адзначае, што адкрыць бізнэс было дастаткова проста. 

«У партнёра было ўжо адкрыта польскае ІП. На ім мы ўвесь наш бізнэс і пабудавалі.

Складанасць вядзення бізнэсу — гэта пытанне жадання. Увесь бізнэс сам па сабе аднолькавы, да вызначанага этапу перад стартам любога праекта ўсе крокі будуць прыкладна адны і тыя ж — апісанне ідэі, маніторынг канкурэнтаў, аналіз рынку, напісанне бізнэс-плана, апісанне канчатковага прадукту і старт. Калі ў чалавека ёсць энергія ўсё гэта рабіць, то няма ніякіх перашкод. 

У Польшчы заканадаўства ў сферы вядзення бізнэсу адрозніваецца ад беларускага, але не так кардынальна, як падаецца. Трэба проста знайсці час, ва ўсім разабрацца, пракансультавацца з юрыстам, бухгалтарам», — тлумачыць мужчына. 

Працоўных месцаў у каворкінгу цяпер шэсць. За тры месяцы яго наведала каля 70 майстроў. 

«Хочам яшчэ зрабіць кабінеты, у якіх будуць кушэткі, — дзеліцца планамі Ігар. 

— Тут добрая планіроўка. Памяшканне — роўны, шырокі і доўгі прамавугольнік. Адлегласць паміж майстрамі нармальная, усім зручна».

Большасць майстроў, якія прыходзяць працаваць у каворкінг, прыехалі з Украіны ці Беларусі. 

«Палякі да нас працаваць яшчэ не прыходзілі, — кажа Ігар. 

— Мы актыўна вядзём інстаграм, робім рэкламу не толькі на Польшчу, але і на Беларусь. Нам пішуць майстры, якія жывуць у прымежных рэгіёнах. Хочуць пераехаць, але не ведаюць, дзе працаваць. Атрымліваецца, што мы некаторых нават штурхаем на пераезд».

Чытайце таксама: 

«Трэба год, каб пачаць выходзіць у плюс». Беларуска адкрыла салон штор у цэнтры Варшавы і расказвае, як перазапусціць бізнэс за мяжой

Вядомы беларускі брэнд з пачатку вайны адкрыў чатыры крамы ў Маскве. Дызайнеры патлумачылі сваё рашэнне

«Для не IT-кампаніі рэлакацыя практычна немагчымая». Што адбываецца з бізнэсам у Беларусі і чаму «старт з нуля» ў іншай краіне гэта выйсце — меркаванне

Клас
56
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
8