Вось пра што расказаў Франак Вячорка.

«2022-гі быў складаным годам. Вайна адкінула нас на некалькі крокаў назад на нашым шляху да пераменаў. Рэпрэсіі ўзмацніліся. Колькасць палітвязняў вырасла ўдвая, а беларуская незалежнасць апынулася пад пагрозай. Нам шмат чаго не ўдалося, але і ёсць чым ганарыцца. 

Першае, адбылася перазагрузка дэмакратычных сілаў. У жніўні 2022 года Святлана Ціханоўская склікала канферэнцыю Новай Беларусі, у выніку якой быў створаны Аб’яднаны пераходны кабінет.

У кабінет увайшлі прадстаўнікі асноўных палітычных груп і сілаў. Завяршаецца перафарматаванне Каардынацыйнай рады, куды ўвойдуць 115 прадстаўнікоў ад беларускіх грамадскіх арганізацый і ініцыятываў. 

Другое, была створана прававая кааліцыя. Асноўныя палітычныя групы, прадстаўнікі праваабрончых арганізацый аб’ядналіся, каб выпрацоўваць адзіныя пазіцыі, збіраць доказы злачынстваў рэжыму і каб больш эфектыўна выпрацоўваць міжнародныя прававыя інструменты для ўзнаўлення законнасці.

Трэцяе, беларусы ва Украіне змаглі атрымаць дапамогу. Тыя, хто выехаў з Украіны ў Польшчу, змаглі атрымаць візы і дазволы на жыхарства, а тым, хто застаўся ва Украіне, адблакавалі банкаўскія рахункі і многім працягнулі дазвол на жыхарства. Безумоўна, праблем яшчэ шмат, але яны паступова таксама вырашаюцца.

Чацвёртае, Беларусь не сышла з міжнароднага парадку дня. Сотні інтэрв’ю і публікацый у міжнароднай прэсе, сустрэчы Святланы Ціханоўскай на найвышэйшым узроўні дапамаглі скарэктаваць стаўленне да беларусаў. Супраць беларусаў не быў уведзены візавы бан, як супраць расіян, а студэнты працягваюць атрымліваць стыпендыі.

Пятае, у дэмакратычнага руху ўпершыню з’явілася сілавое крыло. Ад пачатку вайны па ўсёй краіне адбылося больш за 80 партызанскіх акцый. Беларускія добраахвотнікі ва Украіне стварылі свае фарміраванні. 

Шостае, мы захавалі скансалідаваную пазіцыю Захаду па Беларусі. Дэмакратычны свет не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам і працягвае працаваць са Святланай Ціханоўскай як з абранай лідаркай беларускага народа, Захад працягвае настойваць на вызваленні палітвязняў і правядзенні дэмакратычных выбараў. Таксама павялічылася дапамога дэмакратычнай супольнасці і незалежным медыя.

Сёмае, зрабілі платформы супрацы паміж палітыкамі і грамадзянскай супольнасцю. Правялі канферэнцыі з дваровымі ініцыятывамі, валанцёрамі, арганізацыямі, якія дапамагаюць палітвязням. Многія атрымалі дапамогу на сваю дзейнасць.

Восьмае, прэзентавалі праекты канстытуцыі і шэрагу рэформаў, якія дапамогуць беларусам прайсці транзітны перыяд, захаваюць дабрабыт, дапамогуць аднавіць стабільнасць.

Дзявятае, упершыню Еўракамісіяй былі выдзелены сродкі на падтрымку беларускай культуры, а таксама падтрымку школьнага напрамку, нефармальных беларускацэнтрычных ініцыятыў дыяспары і падтрымку анлайн-адукацыі школьнікаў унутры краіны. Таксама сотні студэнтаў і маладых вучоных атрымалі стыпендыі для працягу навучання і працы. 

І дзясятае, запушчана інфармацыйная кампанія, каб не дапусціць акупацыі Беларусі і прадухіліць удзел беларускіх войск у вайне. Напрыклад, праект «Беларускі Гаюн» збірае інфармацыю пра перамяшчэнне расійскіх войск, а сотні відэаролікаў на юцюбе і ў сацсетках зняпраўджваюць фэйкі расійскай і лукашэнкаўскай прапаганды. 

Так, сёння мы не можам дакладна сказаць, калі адбудуцца перамены, але ведаем дакладна: калі яны пачнуцца, яны будуць адбывацца вельмі хутка. Нам важна быць да гэтага добра падрыхтваванымі. Не губляць адзінства, падтрымліваць адно аднаго. Нагадваць свету пра нашу барацьбу і нашу Беларусь. Мы зробім усё магчымае, каб вызваліць палітвязняў з палону, а кожны, хто вымушана выехаў, змог вярнуцца дадому».

Клас
46
Панылы сорам
10
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1