Фота: Dmitry Lovetsky / AP
Гэтым ён змяніў сваё рашэнне, прынятае сёлета ў сакавіку, калі Еўрасаюз увёў санкцыі супраць Расіі — тады Пуцін заявіў, што замежныя пакупнікі павінны з 1 красавіка адкрываць спецыяльны рахунак у Газпрамбанку і плаціць за газ у рублях, у адваротным выпадку Расія лічыла гэта невыкананнем абавязацельстваў па газавых кантрактах.
Еўразвяз тады палічыў гэтыя патрабаванні парушэннем санкцыйнага рэжыму.
«Мы ясна кажам, што аплата ў рублях і адкрыццё другога рахунку ў Газпрамбанку стануць парушэннем санкцый і не могуць быць прынятыя. Мы не павінны мяняць ужо падпісаныя кантракты, у якіх сказана, што аплата ажыццяўляецца ў далярах ці еўра», — заявіла тады еўракамісар па пытаннях энергетыкі Кадры Сімсан.
Расія тады спыніла пастаўкі газу некаторым краінам, такім як Польшча і Фінляндыя, якія адмовіліся ад новых умоваў газавых угодаў з Расіяй.
Новы ўказ, падпісаны ў пятніцу, дазваляе разлікі за газ у замежнай валюце.
Схема працуе так: Газпрамбанк адкрывае для замежных пакупнікоў спецыяльныя валютныя і рублёвыя рахункі, пакупнік пераводзіць на першы рахунак сродкі ў валюце, названай у кантракце. Затым банк прадае гэтую валюту на Маскоўскай біржы, залічвае атрыманыя рублі на другі рахунак, і ўжо з яго разлічваецца з «Газпрамам».
Гэтае новаўвядзенне датычыцца разлікаў «паміж расійскім пастаўшчыком і замежным пакупніком пры спагнанні запазычанасці або пагашэнні ім запазычанасці перад расійскім пастаўшчыком», гаворыцца ў дакуменце.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што новаўвядзенне не азначае аўтаматычнага аднаўлення паставак, прыпыненых раней, і не мяняе раней устаноўленых патрабаванняў да замежнага пакупніка аплачваць расійскі газ у рублях.
У спіс «недружалюбных дзяржаў», зацверджаны ўрадам Расіі ў сакавіку, уваходзіць каля 50 краін, у тым ліку 27 краін Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Паўднёвая Карэя, Японія і Украіна.





