На дэгустацыю мы ўзялі 11 відаў сыркоў з ванілінам. З іх 6 беларускія, 2 літоўскія, 2 латвійскія і 1 эстонскі. Вось спіс цалкам.

«Малочная краіна». Сырок у зялёнай абгортцы з дзяўчынкай ужо стаў класікай. Яго выпускае Мінскі малочны завод №1. Тлустасць — 23%.

«Мі-Шу». У народзе вядомы як «пандачка». Хіт ад Полацкага малочнага камбіната. Тлустасць — 26%.

«Цімоша». Вытворца — кампанія «Брэсцкае марожанае». Тлустаcць — 23%.

«Савушкаў». Сырок ад іншай брэсцкай кампаніі «Савушкаў прадукт». Тлустасць — 23 %.

«Беларускі сырок». Раней іх выпускаў Маладзечанскі малочны камбінат, але летась гэтую лінейку сабе забраў Мінскі малочны завод №1. Тлустасць — 23%.

«Бабулін гарлачык». Вытворца — магілёўскі аднайменны завод. Тлустасць — 23%.

Magija. Сырок з Літвы. Тлустасць — 24%.

Nykštukas. Яшчэ адзін варыянт з Літвы. Назва перакладаецца як «гномік». Тлустасць — 22,9%.

Pols. Гэты сырок з белым мядзведзем на ўпакоўцы вырабляецца ў Латвіі. Проста з ванілінам мы не змаглі адшукаць, таму ўзялі са смакам пламбіру, які, відаць, і ёсць класічны ў гэтай лінейцы. Тлустасць не пазначана. 

Karums. Таксама латвійскі прадукт. Яго можна пазнаць па вароне на ўпакоўцы. Назва перакладаецца як «прысмак». Тлустасць — 22,5%.

Hommiku. Слова азначае «ранак». Гэты варыянт з вавёркай — ад эстонскага завода. Тлустасць — 24,7%.

Удзельнікі дэгустацыі (супрацоўнікі «Нашай Нівы») не ведалі маркі сыркоў, калі каштавалі іх. Спрабавалі рабіць стаўкі, што з гэтага беларускае (і некаторае ўгадалі). Ацэньвалі па 10-бальнай шкале, а пераможцу вызначалі па суме балаў. Некаторыя сыркі атрымалі аднолькавую колькасць балаў, таму па выніках атрымаўся рэйтынг з васьмі месцаў. Пачнём з канца.

8-е месца. «Цімоша»

Нечакана. Падчас дэгустацыі адзначалі, што сырок нібыта кіслы, а шакалад — з прысмакам карыцы.

«Хімічны, ні пра што», — раскрытыкавалі.

Можа, рэцэптуру змянілі?

7-е месца. Hommiku

«Адстой, шакалад нясмачны, кансістэнцыя непрыемная», — быў адзін з водгукаў.

Дэгустатарам не спадабалася зярністая тэкстура. Хтосьці сказаў, што адчувае прысмак хлоркі. 

Хаця былі і адваротныя водгукі. «Вельмі мяккі, у роце растае», — пахваліў адзін з удзельнікаў.

6-е месца. Magija і Karums

Наконт літоўскага сырка Magija меркаванні падзяліліся. Адны казалі, што зусім не тое, іншыя прынялі яго за беларускі.

«Нязвыкла, што шакалад гаркаваты, але смачна. Думаю, жанчынам спадабаецца, бо яны любяць горкі шакалад», — выказаўся адзін з дэгустатараў.

А латышскі Karums, пакуль журналісты здымалі пробу, паспеў растаяць і стаць падобным да кашы. Камусьці яго глазура нагадала эскімо, іншы ўдзельнік быў лаканічны: «Нясмачна».

5-е месца. «Бабулін гарлачык»

«Цудоўны, класны шакалад», — пахвалілі яго.

З іншых каментароў — какосавы прысмак, занадта салодкі.

4-е месца. Nykštukas

Некаторыя прынялі яго за зялёны сырок з дзяўчынкай. «Топ» — далі ацэнку.

Хаця быў і негатыўны водгук: «Не сырок, а манная каша».

3-е месца. Pols

Дэгустатары адразу сказалі, што гэта замежны сырок. «Нетыповы шакалад», «дзіўны на смак, тварагу не адчуваецца» — давалі характарыстыкі. Камусьці ён падаўся кіславатым, вязкай кансістэнцыі.

2-е месца. «Мі-Шу», «Савушкаў», «Беларускі сырок»

Адразу тры беларускія сыркі ўзялі «срэбра».

«Пандачку» некаторыя прынялі за зялёны з дзяўчынкай. Знаёмы смак, самы прыемны шакалад, мяккая тэкстура — такія былі каментары. Але адзін з дэгустатараў не ўпадабаў тлустасць — для яго сырок быў больш падобным да сыру, занадта ліпкім.

«Савушкаў» з ванілінам спадабаўся многім, але адметным не быў. «Проста добры сырок, норм».

«Беларускі сырок» пахвалілі за шакалад і прыемную кансістэнцыю. Хаця і крытыка была: «ніякаваты, але калі дома няма чаго есці, то з’ясі».

1-е месца. «Малочная краіна»

Званне самых смачных сыркоў застаецца за беларускімі.

У «Малочнай краіны», бадай, найбольш цвёрды шакалад, які не растаў.

«Агонь», «нібыта вельмі натуральны» — сабраў сырок водгукі задаволеных дэгустатараў.

Класіка аказалася непераможнай.

Клас
148
Панылы сорам
18
Ха-ха
31
Ого
9
Сумна
9
Абуральна
15