Юрый Казакевіч з жонкай Аксанай, саўладальніцай крамы «Росквіт», першыя фоты ў эміграцыі. Фота: асабісты архіў 

Юрый Казакевіч з жонкай Аксанай, саўладальніцай крамы «Росквіт», першыя фоты ў эміграцыі. Фота: асабісты архіў 

Актывіст руху «За свабоду» Юрый Казакевіч вырашыў прадаваць у Баранавічах беларускія сувеніры, калі ў розных гарадах сталі адкрывацца крамы нацыянальнай сімволікі. 

У 2016 годзе Юрый балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і на сустрэчах з выбаршчыкамі заклікаў іх папулярызаваць беларускія ідэі, у тым ліку праз распаўсюджванне прадметаў з нацыянальнай сімволікай.

«На адной з сустрэч падышоў невядомы бізнэсовец, запытаў, колькі патрэбна грошай на адкрыццё крамы. Я назваў суму, якая, як аказалася, была дужа заніжанай, і гэты чалавек праз два дні яе мне даў. Сказаў, што грошы вяртаць не трэба, і дадаў, што «нашых насамрэч значна болей і ў тым ліку сярод забяспечаных людзей», — апавядае гісторыю з адкрыццём крамы Казакевіч.

Калі ў снежні 2016 года ён адкрыў «Росквіт», амаль адразу ўтварылася чарга. Людзі ўспрынялі з натхненнем зʼяўленне ў горадзе месца, дзе можна было прыдбаць прадукцыю з беларускай сімволікай.

Шанцы на прыбытковасць

Спачатку сувеніры на рэалізацыю Казакевіч браў у мінскіх калег, а пазней стаў закупляць у вытворцаў, якіх сам знаходзіў. Значную частку тавару складала прадукцыя дзяржаўнай фабрыкі мастацкіх вырабаў, якая шые льняное аддзенне з нацыянальным арнаментам. 

Юрый Казакевіч. Фота: асабісты архіў

З поспехаў першых гадоў працы крамы Юрый зрабіў выснову, што нацыянальнае становіцца модным, але заўчасна.

«Баранавічы ў параўнанні з Мінскам — невялікі райцэнтр, і колькасць нашых кліентаў абмежаваная. Праз два гады яны ўжо мелі па дзве майкі, дзве байкі, чатыры сцяжкі, некалькі кубкаў з нацыянальнай сімволікай, таму прыйшло разуменне, што задума з крамай пакуль не будзе матэрыяльна прыбытковым бізнэс-праектам», — прызнаецца Юрый.

Мясцовая ўлада «Росквіт» успрыняла насцярожана. Чыноўнікі, якія далі дазвол на яе адкрыццё, дакаралі ўладальніка гандлёвага цэнтра, чаму той даў для яе месца. Але цягам наступных шасці гадоў Юрый не заўважаў адкрытых «наездаў» на краму, хоць яе кантралявалі.

«Напрыклад, заходзіў малады чалавек, уважліва аглядаў тавар, а потым гаварыў прадаўцу: «Интересненько, погуляем ещё, зайдём к вам позднее». А праз паўгода высвятляецца, што гэта быў аператыўны работнік вышуковай службы падатковай інспекцыі.

Пазней рабіліся ператрусы, адбіралася тэхніка, але мне здавалася, што не было ўстаноўкі зачыняць краму. Такое адчуванне зʼявілася толькі ў кастрычніку 2022 года. Пра такі загад мне нават паведамілі за дзень да арышту», — адзначае Юрый Казакевіч.

Тавар у краме Юрыя Казакевіча. Фота: асабісты архіў

Да нацыянальнага не ўсе чыноўнікі і сілавікі ставяцца негатыўна, лічыць Юрый. Нямала службоўцаў куплялі ў яго краме тавары.

«Да мяне прыходзілі афіцыйныя асобы і куплялі вышыванкі. Я, праўда, не ведаю, куды яны іх надзявалі. Іншая рэч, што гэтыя людзі вымушаныя жыць паводле правілаў сістэмы і не гатовыя ісці насуперак ёй», — разважае прадпрымальнік.

Прапагандысцкія каналы накінуліся на Казакевіча за тое, што той нібыта цішком летась прадаваў у краме тавары з сімволікай. Здарылася гэта пасля гісторыі з адным наведнікам. Ён нічога не купіў, а потым аказалася, што гэта быў рыжскі відэаблогер, які на сваёй старонцы выкладае гісторыі пра свае падарожжы.

«Чамусьці ён выказаў меркаванне, што мы цішком прадаём тавары, але ніякіх падставаў для гэтага не прывёў. Іх і не магло быць. У краме нічога не захоўвалася, што прызнавалася ўладаю экстрэмісцкім. Своечасова гэта прыбіралася, таму і пратрымалася так доўга крама. Але такая інфармацыя зацікавіла міліцыю», — расказвае Юрый.

«Канваір згінаў тварам у падлогу і шаптаў: «Даруйце, вымушаны»

Апошнія два гады асноўнае прызначэнне крамы было ў тым, каб даць магчымасць аднадумцам сустракацца ў ёй. Прыходзіла шмат людзей, якія апавядалі, што з імі рабілі летам і восенню 2020 года ў няволі.

Юрый сам двойчы пабываў на сутках. Першы раз яго кінулі ў ізалятар на 15 дзён у лістападзе 2021 года. Паводле яго, тады была масавая аблава абласнога ГУБАЗіКа на тых, каго вінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», і за день схапілі да 40 чалавек.

«Спалі на падлозе, пятнаццаць сутак не мыліся, выпрошвалі туалетную паперу, нас ставілі тварам ў падлогу падчас перасоўвання па калідоры, закоўвалі рукі ў кайданкі, — апавядае аб перажытым ён. —

Але бывала і такое: калі канваір згінаў цябе тварам у падлогу, то шаптаў на вуха: «Даруйце, вымушаны рабіць менавіта так». Такое здаралася са мною».

Другі раз на суткі Юрый трапіў 14 кастрычніка 2022 года за тое ж «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ён звязвае гэты арышт менавіта з атакай на краму. Калі яго праз тры дні выпусцілі, то павільён, дзе яна месцілася, быў завешаны чорнай плёнкай і меўся ўжо дакумент аб скасаванні дамовы аб арэндзе.

«Цягам наступных двух тыдняў мяне выклікалі ў міліцыю і КДБ, вымусілі выдаліць усе згадкі пра краму з сацыяльных сетак. Выпытвалі пра дзейнасць руху «За свабоду». Затым падключыўся аператыўны аддзел вышуковай працы падатковай інспекцыі, якая абвінаваціла мяне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Законных падстаў для такіх прэтэнзій проста не было», — апавядае гісторыю з закрыццём крамы яе ўладальнік.

Крама «Росквіт» пасля арышту Юрыя Казакевіча. Фота з сацыяльных сетак 

Крама «Росквіт» пасля арышту Юрыя Казакевіча. Фота з сацыяльных сетак 

Юрый кажа, што пагроза зняволення па крымінальным артыкуле з’явілася, калі 28 лістапада экстрэмісцкімі прызналі сайт крамы «Росквіт» і яе старонку ў інстаграме. 

Акаўнт зачыненай крамы застаецца ў інстаграме. Да яго ні Юрый, ні яго жонка не маюць доступу. Ліквідаваць старонку не могуць. 

З даўгамі крамы Юрый разлічыўся, прадаўшы сваю маёмасць.

«Мабілізаваныя расіяне скрынямі закуплялі гарэлку»

У Баранавічах з пачаткам вайны ва Украіне сталі адчувацца напружанасць і нервовасць.

У краму заходзілі купцы, гаворка якіх выдавала, што яны расіяне. Паводзілі яны сябе прыстойна, але абслугоўваць такіх кліентаў было непрыемна, прызнаецца Юрый.

Ён кажа, што дакладна ведае прынамсі пра адну бойку між расійскімі вайскоўцамі і мясцовымі хлопцамі. Выклікалі тады не толькі міліцыю, але і хуткую дапамогу. 

Мабілізаваныя расіяне скрынямі закуплялі гарэлку. У кавярнях яны часта паводзілі сябе нахабна.

«Мясцоваму люду гэта не падабаецца, але, да жалю, шмат беларусаў падтрымліваюць Расію ў вайне з Украінай. Гэта для нас было вельмі нечаканым, выклікала вялікае расчараванне і стала адной з прычын, што мы зʼехалі», — прызнаецца Юрый.

Жонка Юрыя Аксана дадае, што сусед, якога яна ведала шмат гадоў, аказаўся сярод прыхільнікаў пуцінскай Расіі. Ён са шкадаваннем гаварыў пра ўкраінцаў, якія гінуць, але не хаваў: калі спатрэбіцца, то возьме зброю і пойдзе ваяваць на баку Расіі.

«І такое я чула не раз ад іншых людзей. Нашы землякі атаясамляюць сябе з Расіяй і лічаць сябе рускімі. Многія ў захапленні «ад лідара Расійскай Федэрацыі». Яны як заварожаныя глядзяць ягоныя выступленні і лічаць, што расіяне забіваюць ва Украіне фашыстаў», — апавядае Аксана.

Юры Казакевіч з жонкай пасля яго першага арышту. Фота: сямейны архіў

Юры Казакевіч з жонкай пасля яго першага арышту. Фота: сямейны архіў

Магчыма, такое ўражанне складаецца праз тое, што адкрыта выказваць альтэрнатыўную пазіцыю небяспечна.

Юрый кажа, што шмат хто ў Беларусі цяпер запалоханы, многія людзі спынілі адносіны між сабой. Выдаляюць акаўнты з сетак, не адказваюць на тэлефанаванні.

Казакевіч зʼехаў 1 снежня. Пазней радзіму пакінула і Аксана з дачкой. Яны пакуль не ведаюць, чым будуць займацца на чужыне, бо ніколі не планавалі з’язджаць з Беларусі.

Гаспадар баранавіцкай крамы нацыянальнай сімволікі «Росквіт» Юрый Казакевіч вымушана з'ехаў з Беларусі

Вядомы беларускі брэнд з пачатку вайны адкрыў чатыры крамы ў Маскве. Дызайнеры патлумачылі сваё рашэнне

У Дзятлаўскім раёне стараста вёскі занялася зборам даўнішніх прыладаў

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
59
Абуральна
20