Варонка каля інтэрната ў Краматорску. Фота з твітара Анці Куронена

Варонка каля інтэрната ў Краматорску. Фота з твітара Анці Куронена

Рэпарцёры агенцтва Reuters наведалі два інтэрнаты каледжа, у якіх, па сцвярджэнні расійскага Міністэрства абароны, жылі ўкраінскія вайскоўцы падчас начнога расійскага ўдару па месцах нібыта размяшчэння вайскоўцаў УСУ.

У абодва інтэрнаты ракеты непасрэдна не патрапілі, будынкі не мелі сур'ёзных пашкоджанняў. Не было таксама прыкмет таго, што там жылі вайскоўцы, а таксама ніякіх прыкмет целаў або слядоў крыві.

Будынак, названы Міністэрствам абароны Расіі інтэрнатам №28, быў цалкам непашкоджаны. Варонка ад выбуху ўтварылася прыкладна за 50 метраў ад яго. Сведка распавёў Reuters, што расійскі ракетны ўдар па Краматорску нанёс шкоду, але не разбурыў будынкаў, і не было відавочных прыкмет ахвяр.

Фінскі журналіст выдання Yle Анці Куронен з месца падзей таксама не пацвярджае расійскую версію. «Я знаходжуся там, і для мяне трохі дзіўна, што будынак нават не апячатаны. Сёння раніцай мясцовыя жыхары таксама не бачылі тут ніводнай карэты хуткай дапамогі. Учора ўвечары я чуў выбухі, калі гэтая цэль таксама была паражоная. Вялікая варонка (магчыма, ад С-300) перад школай. Прамога трапляння не было. Сёння раніцай на месца выязджалі вайскоўцы, якія паведамілі, што школа пустая», — напісаў ён.

Паводле звестак журналіста, яшчэ адна ракета ўпала насупраць старых гаражоў. «Павінен сказаць, што на гэтым этапе я больш давяраю ўласным назіранням і заявам украінскага боку, чым заявам расійскага Міністэрства абароны пра больш за 600 загінулых украінскіх вайскоўцаў», — падсумаваў ён.

Італьянскі журналіст La Repubblica Даніэль Рэнеры таксама праверыў месцы ў Краматорску, па якіх нібыта ўдарылі расіяне. «Я правяраю першае месца, інтэрнат 28: ракета не трапіла ў цэль, зрабіла вялікую дзірку ў мяккай зямлі і не зачапіла будынкі вакол… Праверка другога месца, інтэрнат 47: руская ракета зноў не трапіла ў цэль. Перад будынкам вялікая варонка, на месцы пуста», — напісаў ён.

Раней прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты абверг заяву расійскага Мінабароны пра тое, што ракетны ўдар па Краматорску ў ноч на 8 студзеня нібыта быў помстай за ўдар Сілаў абароны па Макееўцы ў навагоднюю ноч. Расіяне сцвярджалі, што ў інтэрнаце №28 знаходзіліся нібыта больш за 700 украінскіх вайскоўцаў, а ў інтэрнаце №47 — больш за 600. У выніку «масіраванага ракетнага ўдару» па гэтых аб'ектах як быццам былі забітыя больш за 600 украінскіх вайскоўцаў.

Клас
19
Панылы сорам
10
Ха-ха
190
Ого
3
Сумна
6
Абуральна
13