Судовы працэс вяла суддзя Анжаліка Данілава.

Суд прызнаў Віталя Мельніка вінаватым па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:

— ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;

— ч. 2 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;

— ч. 1 арт. 368 — абраза Лукашэнкі;

— ч. 3 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, здзейсненыя групай асоб альбо паўторна;

— ч. 1 арт. 289 — акт тэрарызму.

Вядома, што мужчына пражывае ў пасёлку Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця.

Сям'я лічыць, што Віталь не мае дачынення да выстаўленых артыкулаў, і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама з тым, што раней у Віталя была судзімасць.

У адпаведнасці з матэрыяламі справы, у ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года на перагоне Навасады — Барысаў, паблізу в. Стайкі Барысаўскага раёна, Мельнік падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым прывёў у непрыдатны для эксплуатацыі стан яго прыборы і элементы.

«У выніку — парушылася праца сігнальных установак аўтаматычнай блакіроўкі, а таксама не быў забяспечаны стан абароненасці руху транспартных сродкаў чыгуначнага транспарту — адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры гэтым мела месца недапушчальная рызыка ўзнікнення транспартных здарэнняў і іх наступстваў у выглядзе крушэння, аварыі рухомага складу, прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, маёмасці юрыдычных і фізічных асоб, парушэнне нармальнай працы Беларускай чыгункі».

Акрамя таго, 14 і 21 жніўня 2020 года, а таксама 1 сакавіка 2022 года Мельнік размясціў у інтэрнэце паведамленні з відавочна негатыўнай ацэнкай Аляксандра Лукашэнкі, якія зневажаюць яго гонар і годнасць.

Па сукупнасці абвінавачанняў, вынесеных судом шляхам іх частковага складання, канчатковае пакаранне склала 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асобага рэжыму. Таксама ён мусіць сплаціць 300 базавых велічынь штрафу (9600 рублёў).

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
34