Фота: biathlon.by

Фота: biathlon.by

Медалі і канкурэнцыя

Пасля пачатку вайны ва Украіне беларусы, як і расіяне, атрымалі забарону на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па біятлоне. У іх распараджэнні цяпер толькі Кубак Беларусі, Кубак Расіі і Кубак Садружнасці, і, гледзячы на вынікі, беларусам там не надта цікава. Напрыклад, лідарка беларускай зборнай Дзінара Алімбекава цяпер ачольвае жаночы медальны залік Кубка Садружнасці, яе муж Антон Смольскі — на другой прыступцы аналагічнага заліку ў мужчын. За Дзінарай і Антонам засталіся і прызавыя месцы ў большасці этапаў Кубка Расіі, у якіх яны ўдзельнічалі. Таксама гэтыя біятланісты, якія падпісалі ў свой час праўладны ліст спартоўцаў, выйгралі па дзве гонкі Кубка Беларусі — спрынт і пераслед.

Што да астатніх беларускіх зборнікаў, іх вынікі менш яркія. Біятланісткі, акрамя Алімбекавай, толькі чатыры разы заязджалі ў топ-10 па выніках гонак, і найлепшы вынік паказала Алена Кручынкіна на Кубку Разані ў канцы снежня — 5-е месца.

У пачатку студзеня Алімбекава казала пра этап Кубка Садружнасці ў Разані, дзе заваявала два золата: «Насамрэч дзесьці ўзнікала думка пра тое, як усё добра ідзе, усё лёгка, няма з кім паспаборнічаць». А яе муж прызнаваў, што «ў жанчын крыху канкурэнцыя аслабленая і канкурыруе паміж сабой у асноўным чалавек шэсць».

Тым часам, як іх калегі змагаліся ў Расіі, дзве беларускія біятланісткі адзначыліся на іншым полі. У снежні з розніцай у дзень нарадзілі дзяцей Ганна Сола і Ірына Лешчанка (раней Крыўко). Гледзячы на акаўнт у інстаграме, Сола ўжо вярнулася на лыжню, і гэта менш чым праз месяц пасля родаў, але пакуль толькі для трэніровак.

Прэзідэнцкія балі і каток ля Крамля

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка ўручыў Смольскаму прэмію «Беларускі спартыўны Алімп». Гэтая прэмія была б шараговай падзеяй, калі б не адна акалічнасць. На цырымоніі Лукашэнка перадаў Смольскаму букет, які папрасіў перадаць жонцы біятланіста Алімбекавай, — Антон так і зрабіў.

Пазней фота кветак з’явілася ў інстаграме Дзінары, а яе муж запісаў відэа, дзе дзякаваў Лукашэнку за атрыманы «наказ» і за кветкі для жонкі.

Напэўна, найлепшаму біятланісту Беларусі было б што сказаць Лукашэнку і пра спартовы бан праз вайну, які, магчыма, пазбавіў Смольскага і яго жонку міжнароднай кар’еры. Аднак і намёкаў на нейкія выказванні пра вайну ад Антона не было.

Дзінара ж пра мір выказвалася. У Новы год дзяўчына выклала сторыс, дзе напісала наступныя словы: «Мірнага неба нам усім — самае галоўнае жаданне 2022 года». Праўда, гэтыя словы суправаджаліся кадрамі таго, як Дзінара бавіць час на катку ля маскоўскага Крамля — таго самага месца, адкуль зыходзяць злачынныя загады ў час расійскай вайны супраць Украіны.

За першую палову студзеня лідары беларускага біятлона, Смольскі і Алімбекава, паспелі адзначыцца яшчэ і на балі, які ладзіў Лукашэнка 14 студзеня, у дзень, калі расійская ракета знесла пад'езд жылога дома ва ўкраінскім Дняпры і забрала жыцці 44 чалавек.

Дзве беларускі ў сусветным біятлоне, але далёка не ў топе

Пакуль беларускія біятланісты стараюцца ўзяць як мага больш ад спорту ва ўмовах бану, іх былыя супернікі і суперніцы скараюць этапы Кубка свету. Напрыклад, у мужчынскім асабістым заліку Кубка свету зараз лідзіруюць нарвежцы — Ёханэс Бё, Стурла Холм Легрэйд і Ветле Шоста Крысціянсэн, канкурэнты Смольскага ў даваенным біятлонным свеце.

Аналагічная карціна і ў жаночым біятлоне. Напрыклад, адзіным асабістым медалём Алімбекавай на Кубку свету 2021/2022 гадоў стала срэбра мас-старту ў італьянскім Антхольцы, францужанка Жулія Сімон стала тады дзясятай. Цяпер Сімон — лідарка жаночага заліку на сёлетнім Кубку.

Аднак на сусветных спаборніцтвах ёсць дзве беларускі, якія выступаюць за замежныя зборныя. Гэта Дар’я Блашко, якая некалі перайшла ва ўкраінскую нацыяналку, і Настасся Кінунен (раней Дубарэзава), на сёння спартоўка фінскай зборнай. Пакуль што высокіх вынікаў беларускі не паказваюць, іх найлепшыя індывідуальныя паказчыкі такія: 43-е месца для Кінунен у спрынце на этапе КС у фінскім Кантыялахці і такое ж месца Блашко ў пасьюце на этапе ў славенскай Паклюцы.

Санкцыі, што не працуюць. Як паскорылася дэградацыя беларускага спорту пасля пачатку вайны

Гэты біятланіст — адзін з лепшых у Беларусі. Яго гісторыя кахання раскалола жаночую зборную

«Усё перавернутае з ног на галаву». Славуты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч асеў у Закапаным

Клас
5
Панылы сорам
8
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
4