Скрыншот відэа
Ролік з такім сюжэтам запісалі акцёры «ЧынЧынЧэнэл». Яны перабольшылі той абсурд, які паказваюць па дзяржаўных тэлеканалах. «Ніякага мантажу!» — кажуць у кадры чыноўнікі пра груба нарэзаныя сцэны.
«Думаю, у чыноўнікаў і прапагандыстаў у галаве сядзіць спецыяльны мантажор, які выразае з рэальнасці ўсё, што не пацвярджае закасцянелую карціну іх свету», — кажа Міхась Зуй, акцёр і аўтар ідэі.
«Выпадковага эмігранта» ў Варшаве сыграў былы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік.
Пародыя сабрала 775 тысяч праглядаў у тыктоку і 264 тысячы ў інстаграме.
Галоўныя героі «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч — гэта створаныя акцёрамі Купалаўскага тэатра зборныя парадыйныя вобразы беларускіх чыноўнікаў, якія вырашылі «павярнуцца да народа тварам» і заснавалі свой БелДзяржЮтубКанал. Там яны публікуюць сваё меркаванне аб тым, што адбываецца, і камунікуюць з неабыякавымі грамадзянамі.





