Фота: Офіс Ціханоўскай

 Фота: Офіс Ціханоўскай

Пра ўдзел беларускай дэлегацыі ў найбуйнейшым эканамічным форуме свету ў эфіры каналу «Свабода Premium» расказалі ўдзельнікі беларускай дэлегацыі: віцэ-прэзідэнтка Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Марына Гірын і прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах, віцэ-прэзідэнт ABBA Алесь Аляхновіч.

У форуме бяруць удзел лідары 52 дзяржаў і каля 600 гендырэктараў міжнародных кампаній і карпарацый. Падчас першай у гісторыі Давоса дыскусіі, цалкам прысвечанай Беларусі, лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі заявіла:

«Беларусь — гэта частка Еўропы. І гэта тычыцца не толькі геаграфіі. Мы падзяляем еўрапейскія каштоўнасці. Мы — частка еўрапейскай гісторыі і частка еўрапейскага бачання. Я кажу і пра геапалітычнае, і пра эканамічнае бачанне. Тут, у Давосе, я хацела б агучыць вам вельмі выразны сігнал: Беларусь заўсёды будзе часткай вялізнай еўрапейскай эканомікі. Калі ў маёй краіне адбудуцца дэмакратычныя змены, краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны будуць нашымі галоўнымі партнёрамі ў гандлі і інвестыцыях».

Палітык нагадала, што ЕС гатовы даць пакет эканамічнай падтрымкі для запуску рэформаў у Беларусі. Еўракамісія ўжо гарантавала будучай дэмакратычнай Беларусі 3 мільярды еўра падтрымкі.

«Крытыка Ціханоўскай (наконт выразнай геапалітычнай пазіцыі. — РС) была беспадстаўнай. Калі яна ішла на выбары, то гэтае пытанне не стаяла рубам. Асноўнай праграмай Ціханоўскай было спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў і правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў. Яна тады аб’яднала шырокія масы беларусаў. Пасля пачатку вайны не існуе сумневу, што будучыня Беларусі можа быць выключна ў сям’і свабодных еўрапейскіх народаў. Мы толькі тады будзем незалежнымі і свабоднымі, калі будзем інтэгравацца ў сусветную эканоміку.

Святлана Ціханоўская адкрыта кажа, што месца Беларусі — у Еўропе, там, дзе нашы суседзі».

Аляхновіч нагадаў, што залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі дасягнула сёння вяршыні — 70% беларускіх тавараў экспартуецца ў Расію, і 70% дзяржаўнага доўгу таксама належыць Расіі.

«Калі Беларусь абярэ шлях на Захад, яна будзе добра развітай эканомікай. Прадстаўніца нашай арганізацыі тут сказала, што беларус паўсюль жыве добра, апрача Беларусі. Мы бачым, як беларусы, якія зʼязджаюць, хутка становяцца на ногі, вядуць бізнэс, працуюць у карпарацыях. Да беларусаў вельмі добрае стаўленне як да сумленных людзей. Мы бачым вялікі патэнцыял у беларусах», — заявіла віцэ-прэзідэнтка Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Марына Гірын у інтэрвʼю «Свабодзе».

Клас
79
Панылы сорам
5
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
6