Віталь Прыстромаў родам з Гомеля, скончыў там жа мясцовы ўніверсітэт па спецыяльнасці выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Але пайшоў служыць у міліцыю. 

Калегі кажуць, што Прыстромаў марыў узначаліць прэс-службу Гомельскага УУС, але гэтае месца заняў Андрэй Мазепін, сын заслужанага палкоўніка і ветэрана гомельскага УУС Сяргея Мазепіна

«Цікава, што Мазепін да прыходу на пасаду кіраўніка прэс-службы ні дня не служыў у ёй», — расказаў «Нашай Ніве» суразмоўца з Гомельскай міліцыі. 

Мазепін пахаваў мары Прыстромава пра кар'ерны рост. 

Віталь Прыстромаў першы справа

Віталь Прыстромаў першы справа

«Мазепін нічым не вылучаўся, яго распякалі на рэспубліканскіх калегіях, а ён распякаў сваіх падначаленых. Вось так Прыстромаў доўгі час і існаваў, пакуль Мазепін не сышоў, а ў самога Прыстромава ўжо з'явілася магчымасць праявіць сябе за гады знаходжання ў цені. І кульмінацыя гэтай магчымасці — 2020 год. Прыстромаў трапіў на пасаду тады, калі ўжо з'яўляліся блогеры, і ў вайне з імі ён угледзеў магчымасць падняцца», — сказаў нам міліцыянер. 

Сам Прыстромаў пра сябе расказаў у адной з публікацый газеты «На страже» за 2021 год, якую мы знайшлі ў папяровай версіі — там яго ўшаноўвалі як «чалавека года Гомельшчыны». 

Прыстромаў у другім шэрагу за плячом Барсукова

Прыстромаў у другім шэрагу за плячом Барсукова

«Вялікай базай [у 2020] стаў тэлеграм-канал прэс-сакратара МУС РБ. Рэсурс дазволіў аператыўна рэагаваць на любыя спробы дэзынфармацыі грамадзян і даваць афіцыйныя абвяржэнні», — казаў ён. 

У рэальнасці канал, які на той момант кіраваўся Вольгай Чамаданавай, жонкай намесніка кіраўніка ГУБАЗіКа, з 2020 года стаў сродкам дэзынфармацыі. Так, напрыклад, ён паведаміў, што Аляксандр Тарайкоўскі ўзарваў сябе сам, хаця кадры яго расстрэлу байцамі «Альфы» былі апублікаваныя амаль адразу ж. Абвяржэння хлуслівай інфармацыі не было.

Словы Прыстромава даюць разуменне таго, якія ўвогуле задачы ўваходзілі ў абавязкі работнікаў міліцэйскіх прэс-службаў.

«Спыненнем масавых акцый займаліся супрацоўнікі іншых падраздзяленняў. Але асноўнае маштабнае і нябачнае супрацьстаянне разгортвалася ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Байцы інфармацыйнага фронту разам з калегамі актыўна супрацьдзейнічалі нападкам у адрас ведамства ў медыяпрасторы», — пісаў Прыстромаў.

Пасля падзей жніўня 2020-га гамельчукі абвінавачвалі Прыстромава ў адміністраванні канала «Давайте разберемся, гомельчане», у якім той у мастацкім стылі пісаў розныя брыдкасці пра людзей, якія патрабавалі сумленных выбараў. 

«Бяссонныя ночы, нервы на мяжы, работа без выхадных. Праца вялася кругласутачна. Пачынаючы ад маніторынгу сеткі — дзясяткі чатаў, груп і каналаў, заканчваючы аператыўнай падрыхтоўкай матэрыялаў», — казаў Прыстромаў.

Гаворка аб народных пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і парушэнняў законнасці.

«Каб даць эфектыўны адпор тым, хто збіраўся вырашаць лёс краіны на вуліцах шляхам беспарадкаў, прадстаўнікі прэс-службы фіксавалі ўсё на відэа. Пасля гэтая інфармацыя паслужыла доказнай базай пры ацэнцы дзеянняў затрыманых і дапамагла вызначыць асобы», — дадаваў Прыстромаў. 

Прыстромаў — даўні таварыш Віталя Краснабаева, які вядомы як шматгадовы намеснік кіраўніка прэс-службы Лукашэнкі. 

Сам Краснабаеў не так даўно таксама сышоў з ідэалагічнай работы на сінекуру — у прэс-службу выканаўчага камітэта СНД. 

Выслугі гадоў для атрымання міліцэйскай пенсіі ў Прыстромава ўжо хапае, але атрымліваць яе ён пачне толькі калі яму споўніцца 48 гадоў — гэта значыць, з верасня 2024 года.

«Выслугу накалаціў, таму і сышоў, каб забіць сабе месца, якое хацеў. Пасада намесніка рэдактара такой газеты — гэта сінекура. Няма афіцэрскіх адносінаў, ніхто цябе не распякае, на дзяжурствы не ставіць, а рабіць нічога не трэба. Мне гэта так бачыцца», — сказаў адзін з гомельскіх міліцыянераў. 

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
28