Фота: katemangostar / freepik.com

Фота: katemangostar / freepik.com

У даследаванні, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Neuropsychopharmacology, 66 добраахвотнікам давалі альбо прэпарат СІЗЗС — эсцыталапрам, альбо плацэба на працягу не менш як трох тыдняў. Потым удзельнікам прапанавалі кагнітыўныя тэсты.

Амаль ва ўсіх тэстах, піша The Guardian, у тым ліку ў тых, што ацэньваюць увагу і памяць, прэпарат не аказаў ніякага ўплыву на вынік. «Прэпарат не робіць нічога дрэннага для пазнавальных здольнасцяў — з гэтага пункту гледжання ён вельмі добры», — кажа галоўная аўтарка працы, прафесарка Кембрыджскага ўніверсітэта Барбара Саакян.

Аднак добраахвотнікі, якія прымалі СІЗЗС, былі менш успрымальныя да навучання з замацаваннем, якое патрабуе, каб людзі рэагавалі на станоўчы ці адмоўны вынік. Удзельнікам паказвалі на экране два варыянты: A і B. Выбар A прыводзіў да ўзнагароды чатыры разы з пяці, тады як B — толькі адзін раз з пяці. Пасля некалькіх хадоў людзі вучацца выбіраць А. Час ад часу верагоднасці мяняліся месцамі, і ўдзельніку трэба было адаптавацца да новых умоў. Група СІЗЗС рабіла гэта значна больш павольна.

Па словах прафесаркі Саакян, такі вынік — у некаторым сэнсе, неад'емны эфект працы антыдэпрэсантаў. «Яны здымаюць частку эмацыйнага болю, што адчуваюць людзі, якія хварэюць на дэпрэсію, але, на жаль, здаецца, яны пазбаўляюць таксама і часткі задавальнення».

Прафесарка Кэтрын Хармер з Оксфардскага ўніверсітэта заявіла, што артыкул дае важную інфармацыю пра дзеянне прэпаратаў СІЗЗС і можа дапамагчы ў распрацоўцы лекаў, у якіх будзе менш пабочных эфектаў. Хармер таксама адзначыла: «Мяне непакоіць тое, што людзі ўбачаць гэта даследаванне і падумаюць, што гэта паведамленне: не прымайце лекі. Аднак гэтая выснова тычыцца не ўсіх — усе людзі ўнікальныя, і лячэнне па-ранейшаму мае тэрапеўтычны эфект».

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
0