Міхал Анемпадыстаў. Фота: Wikimedia Commons

— Вы і дызайнер, і графік, фатограф і паэт, але кім Вы ўсё ж такі сябе лічыце?

— Я перадусім дызайнер. Бо дызайн — гэта сінтэтычны від дзейнасці, які дапускае пранікненне ў іншыя віды дзейнасці. Нават калі я пішу, я шмат у чым застаюся дызайнерам. Праца дызайнера ўключае ў сабе і працу графіка, і працу з тэкстам, і безліч усяго іншага.

— Тое, што Вы ўжо 30 гадоў займаецеся дызайнам, пакідае адбітак на светаўспрыманні? У чым адметнасці такога ладу жыцця?

— Ідэальнае ў дызайне — гэта рацыянальнае. Апошняя дэфініцыя дызайну тлумачаць яго як метадалогію вырашэння пастаўленых задач. Добры дызайнер павінен арыентавацца ў шматлікіх тэмах і знаходзіць адказы на любыя пытанні, пачынаючы ад прававых аспектаў і санітарных норм, заканчваючы стылем, камунікацыяй ды псіхалогіяй. Праца дызайнера падобная да працы палітыка. Яна палягае ў падпарадкаванні рэчаіснасці.

— Якое дасягненне ў сваім жыцці Вы лічыце самым галоўным?

— Стварэнне «Народнага Альбома».

— «Народны альбом» паўплываў на цэлае пакаленне. У чым яго цуд і феномен?

«Народны альбом» — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якія нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву.

«Народны альбом» аптымістычны і вітальны. Любоў да чагосьці — болей стваральная матывацыя, чым нянавісць. Асабліва, калі нам патрэбная матывацыя на працяглы перыяд.

— Ці магчыма нешта падобнае стварыць цяпер?

— Тады мы рабілі ўсё абсалютна бясплатна, цяпер мы такі праект не паднялі б, бо ўсё робіцца за грошы. Мы ж тады не ўклалі ніводнай капейкі.

— Наколькі памятаю, вы заўсёды надавалі ўвагу пошукам адказаў на пытанне, як выглядае беларуская культура, то бок яе візуалізацыі. Ці знайшлі вы адказ на яго?

— Для сябе я ведаю, іншая справа ці магу я рэтрансляваць сваё бачанне і веды цалкам і ў поўным аб’ёме, прынамсі самастойна.

— У такім выпадку, што бы вы абралі ў якасці сімвала Беларусі?

 Бела-чырвона-белы сцяг, адзін з найпрыгажэйшых сцягоў у свеце і Пагоню. Навошта прыдумваць нешта новае, калі яно ўжо нашымі папярэднікамі прыдуманае?

— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што колер Беларусі шэры. Але шэрасць — гэта нявызначанасць, шэры колер і не добры, і не кепскі. Ён ніякі.

— А што тады добра?

— Нешта яркае, сонечнае: жоўты, блакітны.

— Шмат выпадкаў, калі жоўты нясе кепскі пасыл. Кропкава ён можа і прыемны, але не ў маштабе краіны. Пафарбуйце пакой жоўтай барвай, і праз тыдзень ён пачне вас раздражняць. Мы недаацэньваем шэры. З пункту гледжання прафесіяналаў, архітэктараў, дызайнераў, ён адзін з найлепшых (у Міхала Анемпадыстава, дарэчы, у кватэры дамінуюць адценні шэрага і белага, асабліва ў кухні). Ён нейтральны, ён не раздражняе, ён ідэальна пасуе да любой драўніны, да металу, да керамікі, да фарфору.

Ды і прыгадайце, што ва ўсіх беларускіх казках добрыя звярушкі шэрыя: шэрая каза, зайчык шэранькі, шэрая галка, коцік шэранькі, мышка шэранькая. Шэры колер мае пазітыўную канатацыю, раз ён прыстунічае ў казках для дзетак.

— А як вы ацэніце беларускую дзяржаўную эстэтыку колеру і яго ўжыванне ва ўпрыгожванні наваколля?

— У нас адбываецца афрыканізацыя. Наша традыцыйная культура перастала быць традыцыйнай пасля Першай Сусветнай вайны, як, зрэшты, і традыцыйная культура па ўсёй Еўропе. Беларуская народная традыцыя была вельмі стрыманай у дачыненнях з колерамі. Перавага аддавалася натуральным матэрыялам і іх натуральным колерам. Шляхецкае жытло мала чым рознілася. А з дзяцінства нам навязваюць, што ўсё чамусьці павінна быць яркім, «вясёленькім»… У выніку што мы маем? Традыцыі няма, пераемнасці няма, затое ўбілі ў галаву, што матрошка гэта ідэал прыгажосці.

Міхал Анемпадыстаў з Лявонам Вольскім на кніжным кірмашы ў Львове. 2009 год. Фота: Wikimedia Commons

— Нягледзячы на тое, што вас называюць у тым ліку паэтам, вы некалі сказалі, што паэзію не любіце і паэтам сябе не лічыце. Але навошта тады пішаце?

— Так, я гэта казаў. Калі я пачаў пісаць, я пісаў менавіта тэксты для песень. І напісаў шмат добрых тэкстаў, чым ганаруся. Паэзія аднак, мяне мала цікавіла, цяпер маё стаўленне змянілася, але шчыра кажучы, я і цяпер аддаю перавагу іншым жанрам.

Выключэнне — творчасць Алеся Разанава, якая цікавіла мяне заўсёды. Ён вельмі беларускі ў сваёй творчасці, мудры, парадаксальны. Ён паэт-філосаф, паэт-мніх.

Ён жыве ў паэтычнай прасторы і выказвае тыя няўлоўныя сэнсы, якія звычайнай мовай выказаць няма як. Я ж толькі час ад часу маю патрэбу ў выказванні паэтычнымі сродкамі.

Па родзе заняткаў я дакладна не паэт, па спосабе мыслення таксама. Я дызайнер. Што не выключае таго, што я магу пісаць добрую паэзію. Але не мне гэта вырашаць.

Таму, калі нехта называе мяне паэтам, я не спрачаюся, а прымаю з удзячнасцю і нават гонарам.

— Беларуская літаратура вылучаецца бясконцым сумам і тугой, якія так утульна адчуваюць сябе ў творах нашых пісьменнікаў. І пры гэтым такі расклад усім падабаецца. Узнікае нейкі беларускі мазахізм, якім нават ганарацца. Чым горш, тым лепш.

— Ёсць такая штука, як тэмперамент. Вось беларусы — меланхолікі. Тып тэмпераменту закладзены ў нас ад нараджэння, ён перадаецца з генамі. І так званы псіхатып таксама перадаецца. Па-мойму, большасць беларусаў маюць той псіхатып, які схільны да дэпрэсіі, закрытасці, боязі перамен. Такі псіхатып пашыраны сярод паўночных народаў. І калі такое закладзена, то ты нічога не зменіш. Таму і літаратура такая.

— І нават імкнуцца не трэба навучыцца пад іншым вуглом глядзець на свет?

— Можа, варта прыняць сябе такімі? Навошта сябе гвалціць? І як? Прапісаць усім антыдэпрэсанты? Трэба навучыцца выціскаць з гэтага больш плюсаў і адкідваць мінусы. Мне ўвогуле цікава, чаму дагэтуль ніхто не задаўся пытаннем, які калектыўны псіхатып мы пераважна маем. Якія ў нас слабыя месцы і як іх абмінаць, ці яшчэ лепей выпраўляць на плюсы. Гэта ж ляжыць на паверхні. Такія парады прыдаліся б і для адукацыйных праграм, і для палітычных. Навучыліся ж ментальна падобныя да нас фіны, шведы, даны перайначваць свае хібы на плюсы. А яны яшчэ больш закрытыя, яшчэ болей за нас не любяць змены і дэпрэсікаў там хапае.

— Існуе меркаванне, што час жаночай прыгажосці значна карацейшы за мужчынскі, пік іх хараства ў 35, а далей ідзе заняпад. А мужчыны толькі пачынаюць харашэць з гэтага часу і становяцца лепшымі і лепшымі.

— Мужчына сталее, набывае жыццёвы вопыт і ў гэтым яго вартасць. А кабеты набываюць шарм. Можна жанчыне і ў 70 выглядаць цудоўна. Часам маршчыны не псуюць чалавека, а наадварот дадаюць своеасаблівай, іншай прыгажосці.

У некаторых бабулек так неверагодна вочы свецяцца, а ў зморшчынах, што вакол вачэй — усё жыццё, усе ўсмешкі, увесь боль. Ці гэта не прыгажосць?

Але, што казаць, у любым узросце кабета павінна быць дагледжанай.

Зрэшты, і мужыкам на карысць лішнім разам боты ваксануць.

— Вы так ці інакш знаходзіліся ў авангардзе беларускай культуры. Бачылі яе росквіт і заняпад. Што на ваш погляд адбываецца ў нашай культурніцкай прасторы зараз? У чым адрозненні нашых творчых пакаленняў?

— Нам было лягчэй. Бо нам было пра што гаварыць і шмат тэм былі новымі. А цяпер моладзі складаней, бо тую сітуацыю мы ўжо апісалі, а жыццё не змянілася. Альбо, калі казаць больш дакладна, то змены адбываюцца непрынцыповыя і без нашага ўдзелу. Цяпер мы не ствараем сітуацыю, а толькі апісваем яе. Не маючы матывацыі на ўласную культуратворчасць, моладзь арыентуецца на Захад, і механічна капіюе чужыя ідэі і трэнды. Ясна, што трэба ведаць, што адбываецца, але гэтага замала, калі не паўстае ўласны прадукт, калі няма крытычнага стаўлення да таго, што робіцца іншымі.

Мы ніколі не дагонім Захад у сферы культуры, мы заўсёды будзем адставаць, пакуль не пачнём працаваць на апераджэнне, то-бок высоўваць і рэалізоўваць ідэі ўласныя.

Толькі тады мы зможам быць камусьці цікавымі. Ясна, што дзеля гэтага мы павінны засвоіць тыя пласты заходняй культуры, якія адсутнічалі ў навучальных праграмах. Таксама зразумела, што нашы шанцы павялічацца, калі новыя мастацкія, ці, шырэй, культурніцкія прадукты, будуць мець агульны вектар, ідэю, актуальную не толькі для Беларусі, але і для нашых суседзяў. Гэта можа быць што заўгодна, але перадусім тое, што актуальна менавіта для нас саміх.

— У 2006 годзе вы сталі чалавекам года паводле версіі «Тузіну Гітоў». Як гэта быць чалавекам года? Гэта вядомасць, славутасць ці што?

— У нас немагчыма быць вядомым, толькі з агаворкай на «пэўныя колы». Славутымі і знакамітымі нас робяць толькі беларускія медыя. І пакуль яны будуць друкаваць кожны пук расійскіх зорак, не зважаючы на сваіх, то «вядомыя людзі» будуць існаваць толькі ў межах вузкага кола. Немажліва быць вядомым без медыяраскруткі.

— Міхал, апошняе пытанне. За што вы любіце Беларусь?

— Я люблю Беларусь збольшага не за штосьці, а насуперак. Тое, што мне падабаецца і тое, што «маё» чамусьці няўхільна знікае. Прыкмеціў гарадскі закуток, упадабаў краявід, а заўтра яго ўжо няма. Застаюцца ўспаміны і смутная беларуская літаратура. Відаць, ёсць нейкі псіхалагічны механізм, што калі ты за нешта, альбо некага перажываеш, то рана ці позна патрапляеш у пэўную псіхалагічную залежнасць. Так і з Беларуссю. Я шмат замежнікаў ведаю, якія так на Беларусь падсаджваюцца. Спачатку захапляюцца яе някідкай, гарманічнай прыгажосцю, потым пачынаюць яе шкадаваць, а потым прырастаюць душой і ўсё, назаўсёды.

***

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Мінску — беларускі дызайнер, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст. Стваральнік тэкстаў «Народнага Альбома». Памёр 23 студзеня 2018-га.

 

label.reaction.like
27
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
1
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
8
label.reaction.anger
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
хх / Адказаць
23.01.2023
памятаю гэта інтэрв'ю. з задавальненнем і разам з тым з сумам, бо чалавека ўжо няма, зноў перачытала. усё слушна і актуальна.
наша культура, наша шэрае), наша бел-чырвона-белае - яно праз стагодзі і на стагодзі. а матрашкі нявечны
1
маленькая архітэктарка цемры / Адказаць
23.01.2023
але зараз шэры модны. прычым у буйных формах - у каларыстыцы фасадаў. прычым не проста шэры, а цёмна шэры - модны графіт) прычым не толькі ў гандлевых цэнтрах і т.п., а і ў жылых дамах
2
хх / Адказаць
23.01.2023
— А што тады добра?
— Нешта яркае, сонечнае: жоўты, блакітны.
...
вось нездарма заўсёды заўважалі некаторыя каментатары, што галоўныя рэдактары першай беларускай з рысункамі хутчэй украінскія патрыёты

і тут Міхал Анемпадыстаў з гонарам адказаў:
"— Шмат выпадкаў, калі жоўты нясе кепскі пасыл. Кропкава ён можа і прыемны, але не ў маштабе краіны. Пафарбуйце пакой жоўтай барвай, і праз тыдзень ён пачне вас раздражняць. [жывіце, маўляў самі ў сваім жоўтым доміке] Мы недаацэньваем шэры. З кропкі гледжання прафесіяналаў, архітэктараў, дызайнераў, ён адзін з найлепшых"

Украіна - поўдзень. шмат сонца. гарачая кроў. гэта адлюстроўваецца і ў народным мастацтве - шматкаляровая вышыўка і т.д. і ў архітэктуры - шмат вычурных дэталяў, шмат пазалоты.
а мы паўночныя. характар нардычны. і ўсё такое
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру