Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў генпракурору Андрэю Шведу, што «Захад» працягвае рыхтаваць яго звяржэнне, а Шведа ў выпадку поспеху чакае незайздросная будучыня. Пра гэта Лукашэнка казаў, разважаючы аб камісіі па вяртанні беларусаў, якія выехалі, указ аб стварэнні якой ён падпісаў сёння.

«Захад будзе фінансаваць толькі канкрэтныя мерапрыемствы, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Пажадана такога радыкальнага плану, і нават ужо не ўзроўню 2020 года. Звяржэнне, забойствы прэзідэнта, службовых асоб. І ты там не ў апошніх радах (гэта не для таго, каб цябе напалохаць, ты сам гэта ведаеш). Гэта значыць, усіх, хто ўстаў папярок горла, — усіх прыбраць. Гэта будзе фінансаваць Захад».

Асаблівы неспакой у яго выклікае Полк Каліноўскага.

«Усе яны крычалі: Полк Каліноўскага і іншае … Вось яны бегаюць там, некаторыя вялікія палкоўнікі і падпалкоўнікі, крычаць, што «мы ствараем народна-вызваленчую армію».

Нагадаем, нядаўна паведамлялася, што ў Польшчы атрымалі дакументы, якія даюць права на доўгатэрміновае знаходжанне, больш за 68 тысяч грамадзян Беларусі, а ўзносы сацыяльнага страхавання ў мінулым годзе заплацілі амаль 106 тысячы беларусаў. У Літве маюць права на пражыванне больш за 48,8 тысячы грамадзян нашай краіны.

Клас
3
Панылы сорам
10
Ха-ха
49
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
7