Якая гэта можа быць крымінальная справа, Чарнавус-старэйшы нават і ўявіць сабе не можа. За ўдзел у акцыях сын ужо быў пакараны. Летам 2021-га яго арыштоўвалі на тры дні, а затым далі штраф у 20 базавых.
Як Мікалаю Чарнавусу расказалі сведкі затрымання яго сына, 2 лютага 10 міліцыянтаў прабіраліся да іх дома, паўзучы. Відаць, уяўлялі сабе, што будуць затрымліваць небяспечнага злачынцу. Яны паламалі плот, а калі ўварваліся ў дом, то паднялі дзікі крык: «Стоять, лицом к стене, руки за голову!»
Абшукалі не толькі другі паверх, дзе жыве Мікалай з сям'ёй, а і першы, дзе жыве Чарнавус-старэйшы. Пасля ператрусу яны забралі тэлефон Мікалая-малодшага і ноўтбук.





