Заснавальнікі кавярні пакуль што шукаюць аптымальны графік, знаёмяцца з кліентамі, вывучаюць попыт і эксперыментуюць з меню. Прапануюць то ватрушкі, то смятаннікі, то сінабоны. Як гарачыя піражкі (а ў продажы ёсць і яны) разлятаюцца арэшкі са згушчонкай. Добра ў беларусаў прадаваўся і хатні хлеб. Ад яго вырабу, праўда, вырашылі часова адмовіцца. Затое сталі пячы сочнікі з тварагом і нават рабіць цукеркі.

Пакуль што і сам Яўген Скрабутан займаецца не толькі арганізацыйнымі справамі, а і стаіць за прылаўкам гэтага невялічкага памяшкання на вуліцы Грахоўскай у раёне «Паўднёвая Прага». Кавярня «Какао» знаходзіцца насупраць трамвайнага прыпынку Kickiego. Побач — студэнцкія інтэрнаты. Месца даволі жывое і «прахадное», распавядае Яўген.

— Да таго, як арандаваць памяшканне, я нават сядзеў на лавачцы насупраць і прыкідваў, колькі тут ходзіць людзей, якія гэта людзі. Некаторых рэчаў улічыць так і не атрымалася. Напрыклад, тут няма шматпавярховікаў. Людзей шмат, але палова з іх — людзі сталага веку. Хаця, як потым аказалася, польскія пенсіянеры вельмі любяць заходзіць да нас на каву. Ёсць кліенты, якія спачатку п’юць эспрэса, а потым пігулку ад ціску: не могуць сабе адмовіць у задавальненні.

— Дзень добры, — у кавярню заходзіць акурат адна са сталых наведвальніц «Какао». Ці часта яна сюды прыходзіць, ці ўсё падабаецца?

— Я прыходжу і вельмі задаволеная. Тут свежая выпечка, такой цяпер у Польшчы мала. Я яшчэ і аматарка кавы, добрай кавы. Вось цяпер вып’ю эспрэса і пайду. Добрае месца. І ўпрыгожыла, разбавіла тут нашу прастору. Побач ёсць яшчэ адна кавярня, але там я не да канца перакананая. Вось толькі месца тут малавата, але зроблена ўсё добра.

Кавярня і сапраўды зусім невялічкая — хутчэй, фармату take away. Утульная, светлая. Сцены ўпрыгожвае роспіс беларускай мастачкі Ташы Кацубы. Уся выпечка «Какао» пакуль што робіцца дома. «Што ў нейкім сэнсе стварае праблему», — раскрывае ўнутраную кухню бізнэсу Яўген Скрабутан.

— З гэтай прычыны адмовіліся, напрыклад, ад сінабонаў, бо паводле традыцыі, яны павінны падавацца цёплымі. Хаця людзі фанацелі і елі іх і так. Але гэта было трошкі няправільна. Калі мы зробім тут кухню, купім духоўку, то вернемся да гэтай пазіцыі і будзем прапаноўваць людзям свежыя гарачыя сінабончыкі.

А калісьці — хаця даволі цяжка гэта ўявіць, бо так захоплена распавядае Яўген пра сваю кавярню — ён марыў пра ўласны бар, дзе будуць збірацца сябры і знаёмыя, якіх у Польшчы вельмі шмат.

— Але з-за таго, што ў маёй сям’і заўсёды была традыцыя выпякаць, мы вырашылі паспрабаваць. Аказалася, што людзі фанацеюць па аўсяным печыве, а з палякамі ўвогуле цікава. Для іх, скажам, піражкі з бульбай або сочнікі — гэта навіна.

— Яўген, як змяніўся свет, калі вы сталі на яго глядзець адсюль, з-за прылаўка?

— Пра людзей нічога новага не даведаўся. Затое больш пачаў разбірацца ў хлебабулачных вырабах. Я не ведаў і не звяртаў увагі на тое, што абсалютная большасць булачак у Польшчы — замарожаныя. Пякарні іх толькі разаграваюць, і гэта ў некалькі разоў дазваляе знізіць сабекошт. Адзін і той жа круасан будзе прадавацца ў «Бядронцы» за 2 злотых, а ў «Гжыбках» — за 6. Пытанне толькі, хто як падсмажыць. Мне цяпер смешна глядзець на людзей, якія стаяць у чэргах у «Любашцы», бо часта такі самы хлеб можна купіць у «Лідле» ці «Бядронцы».

— А не страшна было ўсё гэта пачынаць?

— Вельмі страшна. Але калі мы ўсё падлічылі, то зразумелі, што калі раптам не атрымаецца, то грошы, якія мы страцім, не такія ўжо і вялікія. Увогуле, мне вельмі падабаецца сустракацца з кліентамі, яны адразу задаюць мільярд пытанняў. Аказваецца, што ў многіх палякаў ёсць сваякі, беларускія карані. І мы можам гадзінамі пра гэта размаўляць. Зноў жа, хочацца нагадваць людзям, што мы не агрэсары, што мы павінны сябраваць. І гэта вельмі добра атрымліваецца.

Цалкам інтэрв'ю можна праслухаць на сайце радыё Унэт.

Чытайце таксама:

Беларусы адкрылі ў Вільні карчму ў доме, дзе Каліноўскі збіраўся з паўстанцамі

Клас
48
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
6