Пераможцы першага сезона The Voice Senior — сёстры Шыдлоўскія. Фота: viva.pl

Пераможцы першага сезона The Voice Senior — сёстры Шыдлоўскія. Фота: viva.pl

Праграма The Voice Senior — чарговая мадыфікацыя шоу «Голас», якое ўзнікла ў Нідэрландах у 2010-м, а потым з'явілася ў шматлікіх версіях у розных краінах свету — як еўрапейскіх (Германія, Іспанія, Ірландыя), так і ўсходніх (Інданезія, В’етнам, Філіпіны).

У Польшчы таксама ёсць свае версіі гэтага шоу — «Голас Польшчы», «Голас дзяцей» і, нарэшце, «Голас сеньёра». Разынка апошняга ў тым, што ў ім удзельнічаюць немаладыя спевакі-аматары.

Адбор удзельнікаў пачынаецца са «сляпога праслухоўвання»: трэнеры сядзяць спінай да выканаўцаў, і калі нехта з трэнераў хоча працаваць са спеваком, то ён паварочваецца да яго — так прэтэндэнт аўтаматычна пераходзіць у каманду. Такім чынам фарміруецца 8 каманд, у кожнай па 6 чалавек. У паўфінале ў кожнай групе застаецца па 3 чалавекі, а ў фінале — па адным. Фіналісты спаборнічаюць за званне «найлепшага» голасу Польшчы, за 50 000 злотых (крыху больш за 10 тысяч еўра) і за падарожжа мары на 30 000 злотых.

Пераможцу вызначаюць тэлегледачы шляхам смс-галасавання.

Першы польскі выпуск The Voice Senior паглядзела прыкладна 2,97 мільёна чалавек, або амаль кожны дзясяты дарослы паляк. Пераможцамі першага сезона ў 2019 годзе сталі сёстры Шыдлоўскія, якія потым выпусцілі дэбютны альбом. Калі жанчыны падалі заяўку на ўдзел, Эльжбеце, былой настаўніцы хіміі, было 65 гадоў, Крысціне, мастачцы, — 66, а малодшай сястры Іаланце, некалі салістцы групы «Прыма Вота», — 62.

Пераможцы першага сезона сёстры Шыдлоўскія. Фота: lodz.pl

Пераможцы першага сезона сёстры Шыдлоўскія. Фота: lodz.pl

У 2021-м шоу выйграла харызматычная Барбара Пажэчэўска, якая ўразіла журы моцай свайго голасу, калі выконвала песню Эмі Уайнхаус Valerie. Барбара цікавіцца музыкай з юнацтва, у 18 яна брала ўдзел у Фестывалі савецкай песні ў Зялёнай Гуры, пазней на працягу многіх гадоў спявала ў гурце, выступаючы ў рэстаранах і на танцах у Польшчы, Швецыі, Фінляндыі і ЗША.

На ўдзел у «Голасе…» яе ўгаварыў муж Ірэнеуш, які ў маладосці таксама быў музыкам. Менавіта яму яна прысвячала кожны выступ на сцэне The Voice Senior. На жаль, каханы Барбары Пажэчэўскай памёр у лістападзе 2020 года падчас здымак праграмы. У 2021-м Барбара прысвяціла яму песню Wiem, Że Tam Jesteś.

Пераможца другога сезона Барбара Пажэчэўска. Фота: TVP / Agencja FORUM

Пераможца другога сезона Барбара Пажэчэўска. Фота: TVP / Agencja FORUM

Пераможца «Голасу сеньёра» — 2022 Кшыштаф Прусік жыве ў варшаўскім раёне Бэмова, дзе кожную нядзелю забаўляе пажылых людзей у мясцовым клубе Karuzela. Таксама ён кіруе хорам пажылых людзей у горадзе Новы Двор Мазавецкі. 65-гадовы варшавяк таксама пачаў свае музычныя прыгоды з малых гадоў: спяваць навучыўся ў музычнай школе. Потым, падчас супрацы са сталічнай філармоніяй, ставіў оперныя спектаклі па ўсёй Польшчы, пазней далучыўся да хору Вялікага тэатра ў Варшаве. Працяглы час ездзіў па кантрактах за мяжу.

Пераможца трэцяга сезона Кшыштаф Прусік. Фота: Tygodnik Nowodworski

Пераможца трэцяга сезона Кшыштаф Прусік. Фота: Tygodnik Nowodworski

— Удзельнікі — свабодныя людзі, а значыць, могуць і хочуць дазволіць сабе тое, пра што марылі ўсё жыццё. Для іх гэта новае жыццё. Яны не хочуць зорнай славы. Яны хочуць найперш рэалізаваць сябе і добра спяваць. І падчас выступленняў перажываць тое, пра што спяваюць, — сказала падчас прэзентацыі першага выпуску шоу адна з членаў журы, вакалістка і кампазітар Уршуля Дудзяк.

Па словах яшчэ аднаго члена журы першага сезона, польскага вакаліста Марэка Пякарчыка, для ўнукаў удзельнікаў гэта шанец паглядзець, «якія цудоўныя іх бабулі і дзядулі, колькі яны маюць радасці і энергіі».

На сцэне гледачы мелі магчымасць убачыць сярод выступоўцаў шахцёра на пенсіі, таксіста з больш як 30-гадовым стажам і былога супрацоўніка лабараторыі. Усіх іх аб'ядноўвае любоў да музыкі, якая ёсць іх запалам і суправаджае цягам усяго жыцця. Аднак толькі ў сталым веку яны знайшлі ў сабе смеласць паставіць музыку на першае месца.

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2