«Хітры ход для чалавека ў нягеглым пухавіку», — піша пра нядаўнюю актуалізацыю ЗС злосны і папулярны блогер Стась Карпаў. І на яго тут жа накідваюцца. Прычым зусім не з законным пытаннем: чаму камусьці дагэтуль цікавы пухавік гэтага чалавека?

Што характэрна, сярод апалагетаў Зянона Станіслававіча ўжо не толькі сівавалосыя ветэраны руху, але і даволі шмат моладзі. Людзей, якія ведаюць яго толькі ў адной іпастасі — менавіта міфалагічнага героя. Што ж, нагадаем ім пра папярэднія.

Пра добрае (ролю ў станаўленні незалежнасці) гэтым разам не будзем — пра ўсё гэта ўжо і без таго напісана ў кнігах. Пра стыль у вопратцы і чалавечыя якасці — таксама. Фатаграфія — асобная тэма, дзе ЗС сапраўды на вышыні… Але давайце лепш пра палітыку. Пра тыя складаныя, часам экзістэнцыяльныя калізіі, якія яна спараджае.

У сваім амплуа

Першая сур'ёзная дылема паўстала перад ЗС яшчэ на світанку яго кар'еры — амаль адразу пасля таго, як ён стаў лідарам дэмакратычных сіл. Ужо да пачатку 90-х было зразумела, што вобраз інтэлігентнага і знарочыста несавецкага беларуса — гэта вельмі рамантычна, але ўсё ж вельмі далёка ад народа. Не тое, каб дрэннага, але… савецкага, скажам адкрыта. Выразнік яго спадзяванняў павінен мець заточку прасцейшую.

Выхадаў з сітуацыі было два. Альбо паспрабаваць усё ж знайсці агульную мову з тымі, з кім асабіста табе гаварыць зусім непрыемна (пры гэтым часам нават пераходзячы на рускую мову), альбо пагадзіцца з роляй гуру і выразніка інтарэсаў ментальна блізкай сабе меншасці — і саступіць дарогу іншаму лідару, не такому рамантычнаму.

Зянон дзейнічаў у сваім амплуа. Ён пакінуў усё як ёсць. Нічога не стаў у сабе мяняць. І ўжо тым больш саступаць дарогу.

У 1994-м, калі на гарызонце замаячылі першыя (і, як пазней высветліцца, апошнія) прэзідэнцкія выбары, самыя дальнабачныя дэмакраты сцвярджалі, што стаўку трэба рабіць не на жыхароў паліталімпа, якія прымільгаліся і надакучылі, а на свежую кроў. У такой якасці бачылі, напрыклад, Генадзя Карпенку, які ўжо паспеў сябе зарэкамендаваць на пасадзе мэра Маладзечна.

Але ў выніку замест яго ў бюлетэні трапілі ўсім вядомыя прозвішчы, чый адмоўны рэйтынг нашмат перавышаў станоўчы. Абодва демакратычныя кандыдаты сукупна набралі заслужаныя 23%, а ў ролі «свежай крыві» паспяхова выступіў іншы палітык. Што зусім не перашкодзіць ЗС праз пару дзесяцігоддзяў заяўляць, быццам перамога тады была ў яго ледзь не ў кішэні, і калі б не «крывавая гэбня»…

З'яўленне, якога не было

На жаль, ёсць занадта шмат падстаў у гэтым усумніцца. Цяжка сказаць, што ў першую чаргу паўплывала на масавае ўспрыманне БНФ — ці прапаганда з яе абвінавачваннямі ў нацыяналізме, ці тое, што яны, увогуле, былі не заўсёды беспадстаўныя… але факт ёсць факт: народ свой фронт баяўся.

Памятаю, як на апошніх выбарах у парламент, дзе яшчэ можна было рэальна галасаваць, у спісах па мінскіх акругах былі дзясяткі кандыдатаў ад самых розных партый. У другі тур, як правіла, выходзілі дзве — БНФ і камуністы. Абодва (і толькі яны!) былі вядомыя і мелі стабільны электарат у межах 15—20%.

І што б вы думалі? У другім туры часцяком перамагалі камуністы! «Глыбінны народ» быў гатовы галасаваць за каго заўгодна, абы не за БНФ. Ніводзін кандыдат ад фронту ў парламент XIII склікання не трапіў. У тым ліку і ЗС.

Нейкія высновы? Ды ні ў якім разе!

Але ўсё ж Зянон неўзабаве рэалізаваў сябе — як бясспрэчны лідар вулічнай апазіцыі. Першая хваля пратэстаў супраць Лукашэнкі, «Мінская вясна», і блізка не была такой масавай, як апошняя (ці крайняя). Але нават 30—40 тысяч на ціхіх вуліцах Мінска — гэта ўжо вельмі шмат. Першыя сутычкі з АМАПам, перавернутыя машыны…

Але тут здарылася падзея, якая выклікала збянтэжанасць нават у заўзятых прыхільнікаў Зянона — а ўжо колькі злараднасці нядобразычліўцаў! Правадыр пакінуў поле бітвы, баючыся за сваё жыццё.

Не варта цяпер разважаць пра тое, наколькі гэтыя асцярогі былі апраўданыя. Хоць гучныя знікненні пачнуцца на тры гады пазней, ды і першыя палітычныя прысуды (якраз у 96-ым) суровасцю не адрозніваліся. Баяцца за сваё жыццё кожны мае права. Навошта далёка хадзіць: я б у такой сітуацыі ўжо дакладна б здрэйфіў.

Але ёсць адно «але». Я не лідар вулічнай апазіцыі. І ні да чога нікога ніколі не заклікаў — акрамя жонкі да эканоміі сродкаў.

А калі б я раптам стаў лідарам, але не разлічыў адвагу і самавалоданне? Тады, напэўна, лепш за ўсё саступіць гэтае месца іншаму — таму, хто смялейшы і гатовы ісці да канца. І шчыра сысці на пенсію.

Думаю, менавіта так я б і зрабіў, калі б у той момант быў на месцы ЗС. Але… чытай вышэй. Як на ліха, набліжалася вырашальная бітва: рэферэндум лістапада 96-га. На карту было пастаўлена ўсё далейшае палітычнае ўладкаванне Рэспублікі Беларусь. У ролі апазіцыі да адной з галін улады раптам аказаліся не толькі шматлікія і не зразумелыя народу дэмакраты, але і амаль увесь істэблішмент, уключаючы астатнія дзве галіны.

Гэта была якраз тая рэдкая сітуацыя, калі вулічная актыўнасць магла істотна на нешта паўплываць. Натхніць нясмелую дэпутацкую брацію на прыняцце смелых рашэнняў (як гэта ўжо, дарэчы, было ў 91-ым). Ды і проста ствараць эмацыйны фон. Але для гэтага вулічнай апазіцыі быў неабходны лідар.

Перакладчык-паліглот, які воляй выпадку апынуўся ля руля БНФ, на такую ролю, пры ўсёй павазе, не цягнуў. Маніфестацыі былі невыразнымі і дрэнна арганізаванымі — нават нягледзячы на тое, што сілавікі іх тады разганяць баяліся. Мінск патанаў у восеньскай слоце і дэпрэсіі. У Мінску чакалі Зянона: з яго харызмай ён мог запаліць. Але Зянон у Мінску не з'явіўся.

Пасля канца

Ну, а далей пачаўся (і дагэтуль не скончыўся) суцэльны пастфактум: і для ЗС, і для ўсёй беларускай палітыкі. Па сутнасці, яна спынілася як з'ява. Але так як палітыкі засталіся, ім трэба было чымсьці сябе заняць.

У гэтым плане Зянон не ведаў сабе роўных. Успомнім хоць бы ягоную ідэю з паралельным грамадзянствам БНР. Я б таксама туды з'ехаў, але дзяцей трэба было ў сад вадзіць. І карміць яшчэ часам.

Ну і так, былі спробы гэты статус кво змяніць. Самыя розныя спробы. Памятаю, адной сакавіцкай раніцай 2006-га я знайшоў у паштовай скрыні дзве ўлёткі. Адна заклікала галасаваць за адзінага кандыдата ад апазіцыі і рыхтавацца адстойваць свой выбар на плошчы, а другая — скрасці бюлетэнь, дапісаць туды адсутнае ў ім прозвішча і нікуды не хадзіць.

Дзве вельмі простыя загадкі: 1) аўтарам якога закліку быў ЗС? 2) якія ідыяматычныя выразы ўжыў мой сусед-рабацяга, атрымаўшы адразу дзве супярэчныя адна адной інструкцыі?

Грызнёй сярод апазіцыі было складана кагосьці здзівіць: яе прыступы здараліся рэгулярна, пераходзячы затым у бясконцыя перамовы аб адзінстве. Але нават на гэтым стракатым фоне Зянон усё ж выглядаў асабняком.

Ён ніколі і не спрабаваў з кім-небудзь дамовіцца, дэманструючы нязменны і просты падыход: усе, хто не з намі (дакладней, са мной) — крывавая гэбня. Нават калі гэта старыя камрады з БНФ.

У ролі міфа

Зрэшты, неўзабаве ЗС ад актыўных спроб інтэрвенцыі ў беларускую рэальнасць адмовіўся. Па-першае, усе яны (нават больш рацыянальныя і арганізаваныя, чым у ЗС) былі загадзя асуджаныя на правал.

А па-другое… ён канчаткова канстытуяваўся ў якасці міфалагічнага героя. Таго самага, з рэп-быліны — якую ён, дарэчы, заканамерна не ацаніў і назваў чарговай правакацыяй гэбні.

Ясны пень, што быліннаму герою не варта сунуцца ў гэтую нашу прафанную рэальнасць. І сапраўды — ганарлівая палітыка дыстанцыявання прыносіла свае плады. Асабліва на бязрыб'і.

Увогуле, у гэтай эвалюцыі не было нічога кепскага. Ёсць бо ў палітыцы і фігуры чыста прадстаўнічага плана — як манархі ў дашчэнту рэспубліканскіх дзяржавах. Іх паважаюць, і ніхто нават не пытаецца, за што.

Толькі адна бяда… Як вядома, для таго, каб быць бацькам дэмакратыі, дастаткова толькі надзімаць шчокі. Штурхаць прамовы пры гэтым неабавязкова. Ці нават шкодна: раптам змарозіш нейкае глупства?

ЗС гэтым правілам чамусьці не кіруецца. Прамовы ён штурхае спраўна. Цытаваць іх можна доўга і са смакам. Думаю, у Зянона тут ёсць толькі адзін сур'ёзны канкурэнт.

Калі б гэта было звычайнае канспіралагічнае трызненне, вялікай бяды ў гэтым я б не знайшоў. Урэшце, экстравагантны аўстрыйскі мастак Герман Нітч наўрад ці пакрыўдзіўся б, калі б яго назвалі ўдзельнікам сусветнай сатанісцкай змовы. 

У прамовах ЗС пастаянна згадваюцца куды блізкія нам персаналіі. Тыя, хто спрабуе нешта змяніць, няхай пакуль і не вельмі паспяхова. Але ідзе да канца — і рэальна за гэта пакутуе.

Чуць пра тое, што Віктар Бабарыка, які зарэкамендаваў сябе грандыёзнымі праектамі ў імя беларускай культуры, а затым прамяняў свой утульны асабняк на шконку — гэта чыйсьці агент, для мяне дзіка. Не магу ўявіць у ролі сексота і паспяховую ў Германіі флейтыстку Марыю Калеснікаву.

Нават той, як многія думаюць, гопнік (а на самай справе, цалкам сабе «крэакл»), які ўсё гэта пачаў, чамусьці заклапаціўшыся адсутнасцю лазні ў вёсцы Прудок, мне бачыцца проста шчырым беларусам. І нічога страшнага, калі спалучэнне гукаў КХП выклікала ў яго асацыяцыі толькі з мікстурай ад кашлю…

Што ні кажы, быць бесцялесным героем міфалагічных паданняў, якія ніяк не спалучаныя з нашымі лазнямі, — гэта куды як зручней.

Клас
27
Панылы сорам
11
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
6