Ужо неўзабаве пасля публікацыі з'явіўся каментарый: «Сабака паехаў у вёску, дзе доўгі час жыў».

Рэдакцыя блога звязалася з аўтарам гэтага каментарыя, які расказаў ёй пра нялёгкі лёс гэтага старога сабакі.

Колькі дакладна гадоў Будулаю, не ведае ніхто. Ды і мянушку гэтую далі сабаку ўсёй вёскай, таму што жыў ён нібы цыган: ніколі толкам не меў дома і сапраўднага гаспадара, часта бадзяўся, а на старасці гадоў яго і зусім выкінулі.

Будулай быў «ахоўнікам» ачышчальных збудаванняў аднаго з гродзенскіх прадпрыемстваў.

«Адзін з вартаўнікоў прывёў яго на гэты аб'ект. Але Будулай быў пераборлівы: не кожны ахоўнік яму быў па душы. Калі яму не падабаўся хтосьці з работнікаў, вяртаўся да нас у вёску. Яго ўсе тут любілі. У кожным двары было па місцы для яго, — расказвае дзяўчына. — Потым зноў вяртаўся да сябе на аб'ект. А потым ён знік».

Як стала вядома пазней, прыйшло сакрэтнае распараджэнне — прыбраць сабак з прадпрыемства. І яго «гаспадар» нічога лепшага не прыдумаў, як вывезці старога сабаку кудысьці падалей.

«Былі два сабакі — аўчарка і Будулай. Аўчарку, здаецца, прыстроілі ў новыя рукі, а Будулая проста выкінулі».

З-за раптоўнага знікнення сабакі перажывалі ўсёй вёскай, але ніхто не ведаў, дзе менавіта цяпер ён знаходзіцца.

«Мы яго шукалі ўсюды, але ўсё дарэмна. А калі прачыталі нататку пра яго на сайце, адразу за ім і паехалі», — не хаваючы шчаслівых эмоцый, кажа дзяўчына.

У вёсцы сабаку чакалі ўсе. А той, убачыўшы блізкіх яму людзей, радасна віхляў хвастом.

Падобна на тое, што тулянні кінутага сабакі скончаныя. Наперадзе яго, хочацца спадзявацца, чакае шчаслівая старасць у клопаце і любові.

Клас
225
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
10
Абуральна
7