Андрэй Беражных

У 2013 годзе Вярхоўны суд Расіі асудзіў Андрэя Беражных да 25 гадоў пазбаўлення волі за забойства і шэраг іншых правапарушэнняў, учыненых падчас яго кіраўніцтва невялікай бандай у Саратаўскай вобласці з 1994 па 2011 год. Раней Беражных таксама судзіў Саратаўскі суд за замах на забойства яшчэ 10 чалавек.

Беражных арганізаваў сваю банду ў сярэдзіне 90-х у Балакова, прыкладна за 150 кіламетраў ад абласнога цэнтра Саратава. Банда дзейнічала амаль 20 гадоў. Журналістам ён распавядаў, што злачынную групоўку сфармаваў пасля забойства свайго начальніка, жадаючы адпомсціць за смерць свайго «блізкага сябра».

Як успамінаў Беражных, неўзабаве ў групоўку ўступілі новыя члены і пачалася «камерцыя» — АЗГ занялася гандлем зброяй. 6 кастрычніка 1994 года Беражных і яго калега Андрэй Курпач з паўаўтаматычнымі вінтоўкамі напалі на групу маладых людзей, якія выходзілі са спартзалы, забіўшы траіх. Беражных і яго група на працягу многіх гадоў здзейснілі шэраг іншых забойстваў і замахаў, ахвярамі якіх сталі, у ліку іншых, мясцовыя ўладальнікі бізнэсаў.

У 2003 годзе злачынная група Беражных прызналася ў нападзе на Саратаўскую тэлекампанію СТВ з ужываннем, як адзначаецца ў матэрыялах Саратаўскага суда, гранатамёта РПГ-26. Telegram-канал, прысвечаны крымінальнаму свету Расіі, сцвярджае, што Беражных загінуў падчас бою ва Украіне 8 снежня 2022 года — праз месяц пасля таго, як быў завербаваны ў групу Вагнера. Праз месяц пасля яго смерці, падчас Каляд у яго гонар прайшла служба ў Балакоўскім саборы Святой Тройцы.

Сяргей Максіменка

Сяргей Максіменка да вярбоўкі ў ПВК адбываў 25-гадовы тэрмін зняволення ў Рэспубліцы Мардовія. Мяркуючы па публікацыях СМІ, ён запісаўся ў найміты ПВК Вагнера ў верасні 2022 года. Максіменка ўзначальваў у Пензе злачынную групу пад назвай «Алімпія», якая на працягу 1990-х і 2000-х гадоў займалася арганізацыяй прастытуцыі, вымагальніцтвам і забойствамі. Пад свой кантроль групу «Алімпія» Максіменка ўзяў у 1997 годзе, АЗГ займалася рэкетам і ліхвярствам. На пачатку 2000-х «Алімпія» здзейсніла шэраг забойстваў — у асноўным уладальнікаў мясцовага бізнэсу і лідараў банд. У 2003 годзе члены АЗГ напалі на семярых мужчын і іх жонак у мясцовым бары з бейсбольнымі бітамі і паляўнічымі стрэльбамі. Як і Беражных, Максіменка загінуў у снежні 2022 года.

Ігар Куск

Ігар Куск адбываў 23-гадовы тэрмін зняволення ў Сыктыўкары, сталіцы Рэспублікі Комі. Куск быў ветэранам вайны ў Афганістане. Адправіцца ва Украіну ён захацеў яшчэ да таго, як у калоніі пачалі ездзіць рэкруцёры групы Вагнера, пра гэта журналістам распавяла яго жонка.

Да вярбоўкі ён спрабаваў трапіць да кадыраўцаў і адправіцца на фронт з імі. Судовыя дакументы з яго прысуду 2015 года падрабязна апісваюць, як Ігар Куск у 1998 годзе ў Татарстане стварыў сваю злачынную групу, названую ў яго гонар — «кускаўскія». Яна была асабліва актыўная ў Ніжнякамску і буйным краявым цэнтры — Казані. Кускаўскія адрозніваліся тым, што ў іх шэрагах было нямала ветэранаў вайны ў Афганістане. Першапачаткова банда Куска, як і банды Беражных і Максіменкі, у канцы 90-х гадоў займалася адносна малапрыкметнымі злачынствамі і заказнымі забойствамі.

Паводле судовых дакументаў, іх першым вядомым забойствам у 1998 годзе было заказное забойства мясцовага электрыка, застрэленага каля яго дома раніцай 30 снежня. У 2004 годзе Куска і яго групу абвінавацілі ў забойстве двух дырэктараў Казанскай будаўнічай кампаніі «Татсантэхмантаж», у якой на піку папулярнасці працавала больш за 1000 чалавек. Будаўнічая кампанія звязалася са злачыннай групай, і гэтыя два забойствы, па версіі расійскай пракуратуры, былі звязаныя са спробамі гендырэктараў адвязацца ад «кускаўскіх».

Генеральны дырэктар Васіль Лузганаў быў забіты ў 2001 годзе пасля звальнення высокапастаўленага супрацоўніка, які займаўся закупачнай афёрай. Гендырэктар Барыс Вайман быў забіты «кускаўскімі» за «вядзенне бізнэсу, які супярэчыць устаноўкам» злачыннай групоўкі.

Калі пахаванне крымінальных аўтарытэтаў Беражных і Максіменкі прайшло даволі сціпла, то пахаванне Куска стала прыкметнай падзеяй — па даных СМІ, на паніхідзе і пахаванні прысутнічала больш за 700 чалавек, у працэсіі ўдзельнічала каля 100 аўтамабіляў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?