Фота: AP
У прыватнасці, расійскія войскі запусцілі восем ракет «Калібр». Усе ракеты ўдалося збіць, шэсць — над Мікалаеўскай вобласцю, дзве — над Херсонскай.
«На жаль, разам з гэтым праціўнік выкарыстаў і іншыя спосабы паражэння — гэта была міксаваная атака, у прыватнасці, з ужываннем дронаў і самалётаў стратэгічнай авіяцыі. Ведаем, што ёсць пападанні ў Львоўскай вобласці», — паведамляе прэс-сакратарка аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк.
Кіраўнік офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак, у сваю чаргу, заявіў, што расійскія войскі «некалькі змянілі тактыку». «Яны праводзяць актыўную выведку, ужываюць фальш-цэлі», — напісаў Ярмак у тэлеграме, падкрэсліўшы, што СПА «справілася з большасцю варожых ракет і БПЛА».
Кіраўнік Львоўскай вобласці Максім Казіцкі паведаміў, што на тэрыторыі рэгіёна ў выніку нападу пацярпеў аб'ект крытычнай інфраструктуры, на якім узнік пажар. Ахвяр і пацярпелых няма, напісаў Казіцкі ў тэлеграме, паабяцаўшы паведаміць падрабязнасці пазней.
Паводле звестак Ярмака, ад атакі пацярпела не толькі Львоўская вобласць. «Ёсць пападанні на поўначы, захадзе Украіны, а таксама ў Днепрапятроўскай і Кіраваградскай абласцях», — паведаміў кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны, не ўдакладняючы памер нанесенай шкоды.





