Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй генерал Валерый Залужны. Фота: Andrii Nesterenko / Facebook

Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй генерал Валерый Залужны. Фота: Andrii Nesterenko / Facebook

У інтэрв'ю беларускім і замежным журналістам 16 лютага Аляксандр Лукашэнка казаў, што ён не верыць у паразу Расіі. На яго думку, Расія не можа прайграць, хоць можа і не перамагчы.

«Цуды могуць здарыцца, што Расія не пераможа. Але Расія ніколі не прайграе вайну. Ніколі. І амерыканцы першымі сказалі: у жыцці не было і не будзе, каб ядзерная дзяржава, прытым у ядзерным дачыненні наймацнейшая ў свеце, прайграла гэтую вайну», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што весці перамовы павінны вайскоўцы, пазіцыя якіх, на яго думку, адрозніваецца ад пазіцыі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

«Калі ўжо абсалютна адкрыта, мой пункт гледжання: заўсёды ёсць з кім гаварыць аб міры. Думаю, як бы дзіўна гэта ні здавалася, гэты дыялог трэба весці — я перакананы ў гэтым — з вайскоўцамі Украіны. Вайскоўцы Украіны маюць трохі, мякка кажучы, адрозны пункт гледжання і пазіцыю ад палітыкаў і прэзідэнта Зяленскага.

І Уладзімір Зяленскі гэта выдатна ведае. І будучыя, як многія ўжо кажуць, перастаноўкі ў вайсковым блоку як раз кажуць пра гэта. Самыя прафесійныя вайскоўцы больш за ўсё перакананыя, што вайну трэба спыняць. Вы пабачыце, што нам усё роўна — і расіянам перш за ўсё — давядзецца дамаўляцца з вайскоўцамі Украіны. І ніякія палітыкі, а вы бачыце, якія там палітыкі — з усяго свету сабралі гаваркія галовы. Гаварыць, ведаеце, — не працаваць. Гаварыць усе ўмеюць, а вось пайсці паваяваць на фронце ці хаця б туды з'ездзіць падчас бою — яны там не былі. Арастовіча, небараку, выкінулі, а там усе такія гаваркія. Вайскоўцы гэта разумеюць, — праводзіў сваю думку Аляксандр Лукашэнка. — І яны гатовыя мільёнамі ўкраінцаў ахвяраваць — цытата. Вайскоўцы гэта разумеюць. І вайскоўцы змогуць дамовіцца», — сказаў ён.

Насамрэч, тое, што ён назваў цытатай — цытата не з кагосьці з заходніх ці ўкраінскіх палітыкаў, якія ніколі такога не казалі, а з расійскай і лукашэнкаўскай прапаганды. 

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што з Расіяй можна дамовіцца, калі адмовіцца ад патрабавання вызваліць акупаваныя тэрыторыі Украіны. На яго думку, на такое не можа пайсці палітычнае кіраўніцтва, але вайскоўцы ў стане зрабіць такі крок.

«З Расіяй можна дамовіцца аб неймаверным. Кропка. Аб неймаверным. Але трэба рабіць крокі ў гэтым кірунку. І не ставіць папярэднія ўмовы, перад тым, як сесці за стол перамоваў. Паставіўшы папярэднія ўмовы тыпу «сыходзьце з тэрыторыі, якую вы захапілі, — быццам бы справядліва, але ў гэтым выпадку гэта кажа пра тое, што яны не хочуць садзіцца за стол перамоваў. Таму арыентавацца трэба на вайскоўцаў, калі палітыкі гэтага не разумеюць. Але толькі як нейкая іншая сіла (я лічу, што гэта вайскоўцы), сядзе за стол перамоваў, паглядзіце, як заспяваюць палітыкі і кіраўніцтва Украіны», — дадаў ён.

Лукашэнку хацелася б, каб Украіна перастала атрымліваць ад Захаду новыя ўзбраенні.

«Цяпер эйфарыя: «агрэсар» і іншае. Нібыта справядліва. І гэтак далей, і да таго падобнае. Цяпер гэта так. Але пройдзе час (людзі, бачыце, у якой сітуацыі — і не толькі на Данбасе, але і ў Львове, і людзі ў яго спытаюць: «Чаму мы ўсё жыццё павінны мучыцца? Дзеля чаго? Што далей?» А далей у Зяленскага — да апошняга ўкраінца вайна [прапагандысцкая ўстаноўка расійскай прапаганды — Украіне выгадней прымірыцца са стратамі тэрыторыі, чым далей ваяваць — НН] і гэтак далей. Каму гэта падабаецца. Таму, як дальнабачны палітык, калі можа трошкі наперад паглядзець, ён не павінен бегаць па Заходняй Еўропе і прасіць F-16 ці яшчэ нейкія знішчальнікі і РСЗА далёкага дзеяння. А павінен думаць пра тое, як спыніць вайну, каб не загінулі яшчэ там 100-200-300 тысяч украінцаў. Вось пра што сёння гаворка. Проста Зяленскі павінен разумець: ён прэзідэнт, гэта яго краіна, яго дзяржава і трэба праводзіць самастойную палітыку. Не можаш — тое, што ён не можа, мы гэта бачым — значыць, будуць рабіць іншыя. Хто — я ўжо сказаў. У гэтай сітуацыі. Магчыма, яна зменіцца і іншыя людзі будуць дамаўляцца. Любая вайна заканчваецца мірам, дык давайце цяпер яе скончым. Цяпер больш выгадныя ўмовы для Украіны. Скончыць гэтую вайну, і далей рухацца. І тут Украіну будуць падтрымліваць усе. А я буду першым. Калі мы будзем сядзець за сталом перамоваў. Дзе хочаце», — сказаў ён.

Да пачатку вайны Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што яна «прадоўжыцца тры-чатыры дні», таму што Украіна не зможа супрацьстаяць расійскай арміі. У першыя месяцы вайны ён неаднаразова заклікаў Украіну капітуляваць, прадракаючы, што далей умовы для капітуляцыі будуць горшыя.

Ëн працягваў казаць тое самае пасля адступлення расійскай арміі з поўначы Украіны, але спыніў гэтыя выказванні пасля разгрому расійскіх войскаў пад Ізюмам і вызвалення Херсона.

Раней наратывы Аляксандра Лукашэнкі на ўкраінскую тэматыку былі прадвызначаныя бягучымі ўстаноўкамі расійскай прапаганды. 

На думку многіх аналітыкаў, паражэнне Расіі ва Украіне можа прывесці і да падзення прарасійскай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі, якая існуе за кошт расійскіх датацый.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?