Фота: БелТА
Лукашэнка сказаў, што краіны Захаду хутка самі паклічуць дыктатуру, але яна ў іх «тупая».
«Тое, што вы на Захадзе думаеце, што тут дыктатура, — гэта мне ў плюс. Хутка вы самі паклічаце дыктатуру. Яна ў вас ёсць, толькі несправядлівая, скрыўленая, тупая-тупая. Вы ад яе ніколі не адыходзілі: ні ў Амерыцы… а на Захадзе поўная расхлябанасць: там ні дыктатуры, ні дэмакратыі — нічога няма. Мы ў Беларусі прымаем рашэнні па тых ці іншых пытаннях і вырашаем тыя ці іншыя задачы. Так, даводзіцца мне або ўмешвацца, або прымаць большасць рашэнняў. Калі вы лічыце гэта дыктатурай, Гасподзь з вамі. Гэта не дыктатура. Ніякай дыктатуры тут няма», — сказаў ён.
Яму ўсё роўна, што думаюць пра яго на Захадзе. Аднак ён хоча, каб краіны Захаду дапамагалі яму і не лезлі ў яго справы. Калі так будзе, то ён гатовы не ствараць праблемы.
«Мы краіну не разрабавалі, не раскралі. У мяне мільярдаў на рахунках вашых банкаў няма (праўда, вы кажаце ёсць, я вам кажу: забярыце). Недахопаў, напэўна, шмат. Вось наша краіна, мы ў ёй жывём, нікому праблем не ствараем. Не ваюем і ваяваць не збіраемся. Таму мне ўсё роўна, што вы скажаце пра мяне як пра чалавека і «дыктатара». Але мне неабыякава, што вы кажаце пра маю краіну. І я хачу, каб у нас былі нармальныя адносіны. Умова з майго боку адна: не лезьце ў наш агарод. Мы як-небудзь тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і «палітвязняў» не будзе, і іншых праблем у нас не будзе. Вы ствараеце. Вы хацелі ў 2020 годзе перакуліць краіну — мы вам не дазволілі, і я ў тым ліку. Таму не перашкаджайце нам жыць, а мы будзем для вас добрымі партнёрамі. Мы гатовыя зрабіць усё, што не супярэчыць нашым інтарэсам і інтарэсам нашых саюзнікаў. Калі вы не будзеце нас гнуць праз калена, мы хутка дамовімся», — сказаў на заканчэнне Лукашэнка.





