Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Ранак»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Ранак»

Гараджан кашмарылі на працягу двух дзён, расказваюць гомельскія праваабаронцы. Паводле сведчанняў, назіраўся рух немясцовых мікрааўтобусаў ад будынка КДБ да РАУС і потым па горадзе;

паведамляецца пра выпадкі, калі для вобшуку ў кватэры выбівалі дзверы, мужчын пры затрыманні збівалі, а каля будаўнічага трэста №20 затрымалі чалавека з відавочнай інваліднасцю (падобна, з сіндромам Дауна), пры гэтым яго збілі з ног ударамі ў жывот, затым даставілі ў РАУС і змясцілі ў ІЧУ.

Агулам, паводле неўдакладненых звестак, былі затрыманыя 17 чалавек. Затрыманых перавозілі і вадзілі па РАУС у кайданках. Частка людзей — Таццяна Жураўская, Анатоль Змітровіч, Павел Халунін і іншыя — былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання, некаторыя — напрыклад, Людміла Самбурава і Руслан Шаплякоў — адпушчаныя да суда. Вікторыя Шатрова, у якой пасля затрымання ў РАУС значна пагоршылася самаадчуванне, была адвезеная ў бальніцу і шпіталізаваная.

У наступныя дні судом Светлагорскага раёна былі накладзеныя арышты і штрафы па адміністрацыйных справах. Так, Дзмітрый Жураўлёў арыштаваны на 15 сутак, Аляксандр Мосар — на 10 сутак (ён заявіў, што грошай у яго няма і штраф плаціць няма чым). Штраф у 20 базавых велічынь павінна сплаціць Жураўская (старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання сацыяльнай накіраванасці «Людзі плюс»), 10 базавых велічынь — Змітровіч (у мінулым актывіст прадпрымальніцкага руху).

Штраф у 10 базавых велічынь выпісалі пенсіянерцы, былому эколагу Ганне Сомавай. У яе планшэце знайшлі падпіску на «экстрэмісцкія» каналы. Да суда жанчыну пратрымалі ў ІЧУ каля трох сутак, якія запісалі як затрыманне на 72 гадзіны па крымінальнай справе. Разам з ёй у камеры знаходзіліся яшчэ трое гараджанак, змешчаных туды ў выніку гэтых жа затрыманняў.

Ад Сомавай запатрабавалі пад відэазапіс разарваць партрэты Святланы Ціханоўскай і яе мужа Сяргея Ціханоўскага.

Спагнанні судом накладаліся паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях — распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Вобшукі і агляды праводзіліся яшчэ ў шэрагу жыхароў горада, але ў іх не знайшлі нічога, што стала б прычынай затрымання.

Клас
4
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
121