Фото: pixabay.com

Фото: pixabay.com

Першапачаткова, у 1996 годзе, была адкрытая яго здольнасць падаўляць развіццё метастазаў пухлінаў. Кіспепцін сінтэзуецца шмат у якіх органах: гіпаталамусе, плацэнце, нырках, падстраўнікавай залозе, пячонцы, кішэчніку, аорце, каранарных артэрыях і пупочнай вене.

Далейшыя даследаванні адкрылі важную ролю гэтага гармону ў працэсе палавой дыферэнцыяцыі, палавога саспявання, авуляцыі, у падтрымцы стабільнага абмену рэчываў і фертыльнасці.

Напрыклад, даследаванні на жывёлах паказалі, што ўвядзенне кіспепціну прыводзіць да заўчаснага палавога саспявання. Галандскія вучоныя лічаць, што кіспепцін здольны зберагчы ад бясплоднасці.

Вядома, што зніжэнне ўзроўню кіспепціну адбываецца з-за энергетычнага дэфіцыту, выкліканага празмернымі фізічнымі нагрузкамі ці рэзкім зніжэннем вагі, а таксама працяглага стрэсу. Гэта ў выніку прыводзіць да зніжэння сэксуальнага жадання, што аказвае негатыўны ўплыў на адносіны, псіхічнае здароўе і нараджальнасць.

Кіспепцін стымулюе выкід іншых рэпрадукцыйных гармонаў у арганізме. Зыходзячы з гэтага, брытанскія вучоныя вырашылі даследаваць, ці могуць ін'екцыі кіспепціну ўзмацніць сэксуальныя рэакцыі ў людзей.

Спачатку былі праведзеныя даследаванні на мужчынах, у якіх сэксуальнае жаданне знаходзілася ў норме. Вынікі паказалі, што кіспепцін можа ўзмацняць рэакцыю на сэксуальныя раздражняльнікі і стымуляваць мазгавыя шляхі сэксуальнага жадання, незалежна ад іншых рэпрадукцыйных гармонаў, такіх, як тэстастэрон.

Станоўчыя вынікі навялі на думку выпрабаваць тэрапію кіспепцінам на людзях, якія цярпяць ад такога захворвання, як парушэнне актыўнасці сэксуальнага жадання. Да гэтай групы адносяцца да 10% жанчын і 8% мужчын.

Былі праведзеныя два асобныя даследаванні: на мужчынах (32 чалавекі, сярэдні ўзрост 37,9 года) і на жанчынах (32 чалавекі, сярэдні ўзрост 29,2 года). Іх вынікі апублікаваныя ў JAMA Network Open.

Удзельнікі кожнага даследавання (адзначаецца, што ўсе яны былі гетэрасексуальнымі) былі падзеленыя на дзве групы. Адна група ў першы візіт атрымала ўнутрывенна плацэба, а ў другі візіт — кіспепцін. Удзельнікам другой спачатку быў уведзены гармон, а ў наступны раз — плацэба. Даследаванні з жанчынамі праводзіліся з 1 па 7 дзень менструальнага цыклу.

Пасля ўвядзення раствору жанчынам прапаноўвалася паглядзець кароткія эратычныя відэа і выканаць заданне на вызначэнне прывабнасці асобаў на здымках. Мужчыны праглядалі спачатку кароткія (20 секунд), а затым больш працяглыя (8 хвілін) відэа. Відэа з палавым актам чаргаваліся з відэа, на якім гетэрасексуальная пара займалася спортам. Падчас гэтага праводзілася МРТ-сканаванне галаўнога мозга. У мужчын яшчэ назіралі за эрэкцыяй.

Вынікі паказалі, што кіспепцін павялічвае актыўнасць цэнтра сэксуальнага жадання як у мужчын, так і ў жанчын. Найбольшае паляпшэнне было заўважанае ў тых, хто часцей за ўсё скардзіўся на зніжэнне лібіда. Акрамя гэтага, быў відавочны станоўчы ўплыў гармону і на эрэктыльную функцыю ў мужчын.

Жанчыны адзначалі, што пасля прыёму гэтага нейрагармону адчуваюць сябе «сэксуальнейшымі». У сваю чаргу, мужчыны паведамілі, што яны сталі адчуваць сябе больш шчаслівымі ад сэксу.

Вучоныя адзначаюць, што ў адрозненне ад віягры, якая дапамагае пры імпатэнцыі, кіспепцін уздзейнічае на працэсы ў галаўным мозгу, стымулюючы лібіда. Акрамя гэтага, ён добра пераносіцца і не мае пабочных эфектаў у адрозненне ад існуючых метадаў лячэння для жанчын, якія вызначаюцца значнымі пабочнымі эфектамі і абмежаванай эфектыўнасцю. А для мужчын увогуле няма ліцэнзаваных метадаў лячэння. Таму вучоныя бачаць вялікую будучыню ў клінічным прымяненні кіспепціну.

Чытаць яшчэ:

Хочаце ажывіць старое каханне? Хутка для гэтага хопіць некалькіх таблетак

У ЗША стварылі мужчынскі супрацьзачаткавы сродак, які часова паралізуе сперматазоіды

Клас
49
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?