Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч (злева) падчас візіту ў Женеву. Фота: МЗС Беларусі
Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч на другі дзень свайго візіту ў Жэневу для сустрэчы з прадстаўнікамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый пракаментаваў сітуацыю вакол расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах.
Ён сказаў, што інфармацыя пра яго пашкоджанне беларускімі падпольшчыкамі — гэта «чарговы фэйк».
«Улічваючы адсутнасць афіцыйнай рэакцыі, я глыбока перакананы, што гэта з'яўляецца чарговай фальшывай заявай, закліканай падкрэсліць пэўныя правалы ў нашай нацыянальнай бяспецы», — заявіў агенцтву Reuters Юрый Амбразевіч.
Як адзначыла агенцтва, ніякіх доказаў сваёй пазіцыі беларускі чыноўнік не прывёў.
Нагадаем, што 26 лютага з'явілася навіна пра ўдары дронаў па рэдкім і вельмі каштоўным расійскім самалёце дальняй разведкі А-50, з якога ажыццяўлялася навядзенне расійскіх ракет і дронаў на цэлі ва Украіне і які базаваўся на беларускім аэрадроме ў Мачулішчах. Як заявіў кіраўнік ініцыятывы сілавікоў супраць дыктатуры «Байпол» Аляксандр Азараў, гэтую дыверсію пры дапамозе дронаў здзейснілі беларускія падпольшчыкі, удзельнікі плана «Перамога».
Афіцыйны Мінск пакуль не каментаваў гэтай сітуацыі, аднак беларускія сілавікі наведваюць і дапытваюць уладальнікаў дронаў, з 26 лютага ўзмоцнена даглядаюць увесь транспарт на выездзе з Беларусі, у тым ліку ў Расію, і выпусцілі арыенціроўку на чалавека, «які можа быць датычны да злачынства, здзейсненага 26 лютага ў г.п. Мачулішчы».